Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. Першая глава адкрываецца аповесцю «Злавіць вугра ў расістай траве». Здаецца, што размова пойдзе пра рыбаловаў ды прыгодніцкія здарэнні. На самай жа справе прыгоды прыгодамі, а ў тэксце закладзены і выразна прасочваецца філасофскі сэнс.
Адным з цікавых вобразаў аповесці з’яляецца рыба вугор, якую Валковіч упершыню ўбачыў яшчэ падлеткам, седзячы раніцай з вудай на беразе ракі дзяцінства. Каля дзясятка гэтых дзіўных асобін, падобных да змей, падняўшы вострыя галовы, паўзло па роснай траве з агарода, засеянага аўсом і гарохам, у сваю водную стыхію.
Усё жыццё пранасіў у памяці пісьменнік гэты ўразлівы выпадак і вось — усё ж далучыў гэтую паўзуча-вадзяную істоту да сваго новага твора. Ды яшчэ як удала! Бо на прыкладзе вугроў, якія сустракаюцца амаль ва ўсіх вадаёмах зямнога шара, а нерастуюць толькі ў цёплым Саргасавым моры Атлантыкі, паказаў, як добра і мудра ў жывой прыродзе адладжана жыццё, даказаў, што азначае тая мясціна, дзе ты нарадзіўся на свет, дзе твая малая радзіма!
У гэтай аповесці, як і ў наступнай «Хадзілі мы паходамі...», яскрава адчуваецца пакутлівае шкадаванне і сум аўтара па недалёкім мінулым, калі беларускае і ўкраінскае Палессе, названае аўтарам «Вялікім Палескім Міжрэччам», было агульным, супольным багаццем, падораным прыродай народам дзвюх рэспублік; калі людзі ад Брэста да Жытоміра, ад Мухаўца да Дняпра жылі ў адзінай сям’і, у дружбе і згодзе, параваліся і радніліся; і дзе будучаму пісьменніку, выпускніку факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча давялося праходзіць службу ваенным карэспандэнтам, а ў апошнія два дзесяцігоддзі падчас рыбацкіх паходаў, карэспандэнцкіх вандровак, фальклорных экспедыцый — асэнсоўваць, абдумваць мінулае і сучаснае гэтага краю, прасторы якога за ўсё жыццё аб’ездзіў уздож і ўпоперак.
Другая частка кнігі атрымала назву «Дзень шэпту траў». У яе ўвайшло восем апавяданняў, а фактычна — успамінаў аўтара пра самога сябе як пісьменніка-беларуса, пра жыццё, развагі пра чалавечае месца на зямлі, адносіны да людзей, сваіх каранёў, спадчыны... А ўжо «Оду дранікам» можна смела лічыць сапраўднай квінтэсенцыяй пачуццяў Аляксандра Валковіча да ўсяго беларускага і роднага. Каб напісаць гэтыя нарысы, яму давялося аб’ездзіць шмат дарог, пратаптаць многа сцежак, выслухаць нямала цікавых людзей Прыбужскага і Прыпяцкага Палесся, Берасцейшчыны.
Трэцяя частка празаічнага зборніка «Бацькоўскімі сцежкамі» складаецца з адзінаццаці цікавых апавяданняў, нарысаў, журналісцкіх допісаў. Назвы гэтых твораў — «Прабач, вёсачка, да пабачэння!», «Жывая вада», «Дом, дзе жывуць жаваранкі», «Душэўнасць і мудрасць рушнікоў беларускіх», «Песенніцы вёскі Псышчава» і іншыя — гавораць самі за сябе, раскрываюць змест і мэту напісання. Цікава і па-майстэрску апісаны Аляксандрам Валковічам нацыянальныя традыцыі і звычаі народа, святы, абрады, палескі фальклор, падкрэслена непаўторная песеннасць, мастацтва, ткацтва, названы сапраўдныя імёны таленавітых, кемлівых і працалюбівых беларусаў-палешукоў.
Хацелася б падкрэсліць асобна вобразнасць аўтарскай мовы. Яна адлюстроўвае не толькі яго мастацкую манеру і здольнасць самавыяўляцца, але і асэнсавана, наўмысна скіравана на стварэнне эстэтычных, ідэйных, сэнсавых сімвалаў, метафар, калі мастацкі вобраз — зусім не самамэта, а філасофскі пастулат, нацыянальная традыцыя, жыццёвая народная мудрасць. Гэта, напрыклад, такія параўнанні душы Беларусі, як «бялюскае руно ягняці» альбо «вясенняя песня жаўрука». Гэта і сінтаксічныя сказы-афарызмы — «Надзейнейшага за крыж у нашай Айчыне арыенціра не знайсці» альбо «Я быў той другой, захаванай на сялянскую вячэру, надкусанай палавінкай», «Даруй мне за хуткую сцежку ў жыце, пратаптаную напрасткі» і гэтак далей. Многае ўбачана аўтарам, падслухана, перанята, запазычана, занатавана з сапраўды жыватворнай народнай крыніцы — гутарковай размовы палешукоў.
Патрыёт і сын франтавіка Аляксандр Міхайлавіч прысвяціў ваеннай тэматыцы ўсю заключную частку кнігі, назваўшы яе «Жалобныя даты».
Самая трагічная, чорная з дат у нас лічыцца 22 чэрвеня 1941 года, пачатак Вялікай Айчыннай вайны. За ёю ідуць усе чатыры ваенныя гады... Вайна кожны дзень касіла, знішчала мільёны людзей, калечыла іх, ламала лёсы. Таму у кожнага чалавека, перажыўшага ваеннае ліхалецце ці не дачакаўшага Перамогі, — свая трагічная дата ў жыцці ці дата гібелі, якую павінны памятаць жывыя.
Так у творы «Плыне Вісла» распавядаецца пра трагічны лёс выхаванцаў дзіцячага прытулку пасёлка Дамачава (малая радзіма Валковіча), якіх гітлераўцы 23 верасня 1942 года вывезлі ў лес і расстралялі разам з выхавальніцай. Уратавацца пашчасціла толькі Тосі Шахметавай, якая на хаду выскачыла цераз борт машыны і ўцякла. І польскай дзяўчынцы Люціні, якую выхавальніца да прыезду карнікаў паспела вывесці за ручку да знаёмых людзей, дом якіх стаяў непадалёку ад дзіцячага прытулку.
Аўтару — у свой час раённаму газетчыку — удалося праз шмат гадоў адшукаць гэтую дзяўчынку, ужо дарослую Люціню, пазнаёміцца, сумесна наведаць трагічныя мясціны яе дзяцінства і далей падтрымліваць з ёю сувязь. У гэтым жа нарысе пісьменнік распавядае аб трагічнай гісторыі вязняў Дамачаўскага гета.
У наступным мастацка-дакументальным апавяданні «Залаты кот» распавядаецца пра лёс роднай маці Аляксандра Валковіча — Лідзіі Валковіч (Казловай), сілай вывезенай у 1943 годзе ў Германію ў фашысцкае рабства.
...А наогул, у гэтай кнізе чаго толькі няма, пра што толькі ні напісана, да чаго толькі ні дацягнулася дапытлівая душа празаіка! Здаецца, што тут адлюстравана ўсё жыццё, якое было да нараджэння пісьменніка і якое ёсць зараз. Пра мінулае ён шмат чаго даведаўся ад бацькоў, сваякоў, знаёмых, чые лёсы апаліла вайна. Пра цяпершні час пісаць лягчэй, бо сам у ім жыве, многае бачыць, вывучае, аналізуе.
Надзея ПАРЧУК