Top.Mail.Ru

Вольга Рацэвіч:«“Маладосць” — гэта старт у літаратуру!»

18.05.2026 | 19:36
Нядаўна на калегіі Міністэрства інфармацыі краіны кіраўнік мінінфарма Дзмітрый Жук шмат увагі надаў тэме развіцця літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Сёння пра навацыі, асноўныя накірункі ў рабоце часопіса «Маладосць» мы вырашылі пагутарыць з галоўным рэдактарам выдання Вольгай Рацэвіч.

— «Маладосць» у другой палове 2026 года... Якім будзе часопіс? Якія новыя імёны, творы з’явяцца на яго старонках?

— Акцэнт будзе зроблены на актыўны пошук новых аўтараў. Працягнем знаёміць чытачоў з маладзёжнымі літаратурнымі аб’яднаннямі, а таксама прадставім пераможцаў рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. 

У бягучым годзе плануем скончыць публікацыю неагатычнага рамана Маргарыты Латышкевіч «Ваўкалакі» — ён друкуецца са студзеня 2025 года. 

— Як шукаеце творы для публікацый? 

— У старэйшых аўтараў творы і артыкулы замаўляем. Маладыя дасылаюць самі. Мы сочым за вынікамі літаратурных конкурсаў, у якіх, дарэчы, нашы супрацоўнікі часта з’яўляюцца сябрамі журы. Дапамагаюць у пошуках аўтараў выкладчыкі, бывае, прыводзяць пачаткоўцаў бацькі. Арганізоўваем свае мерапрыемствы ва ўніверсітэтах і бібліятэках. 

На другое паўгоддзе з мэтай пошуку талентаў мы распрацавалі праект «„Маладосць“ — твой старт у літаратуру!». Будзе рэалізоўвацца ў некалькіх напрамках. Па-першае, у фармаце конкурсаў, удзел у якіх могуць браць студэнты усіх навучальных устаноў нашай краіны: эсэ «Зборны вобраз беларускай жанчыны» — гісторыя паводле ўласнага досведу; на лепшы макет вокладкі часопіса «Маладосць» — будзе выкарыстаны рэдакцыяй у афармленні аднаго з нумароў; перакладаў (для студэнтаў БДУЗМ) «Беларускія матывы на замежны лад» — неабходна перакласці на любую замежную мову адзін з вершаў: «Мой сад» Цёткі альбо «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» Максіма Багдановіча. 

Па-другое, на базе выдавецтва «Мастацкая літаратура», у склад якога ўваходзіць рэдакцыя «Маладосці», будзе дзейнічаць літаратурны салон — адкрытая пляцоўка, дзе рэдактары часопіса сустракаюцца са студэнтамі, перакладчыкамі, аўтарамі і чытачамі. Удзел будуць браць вядомыя беларускія пісьменнікі. Плануем сустракацца адзін раз на месяц — кожную трэцюю сераду — у выдавецтве.

— «Маладосць» вылучыла на новы рэспубліканскі конкурс «Маладзік» маладых творцаў. Выйшаў аднайменны альманах. Наколькі шырокім быў конкурс? Ці шмат хто пажадаў у ім паўдзельнічаць? Як вы ставіцеся да ідэі нараджэння літаратурнай прэміі выключна для маладых пісьменнікаў? 

— Выбар журы быў такім, што пераможцаў конкурсу «Маладзік» цяжка назваць пачаткоўцамі, яны маладыя пісьменнікі, якія ўпэўнена ўваходзяць у літаратуру, іх імёны ўжо на слыху. 

Яны друкуюцца, актыўна бяруць удзел у літаратурных конкурсах, а некаторыя нават маюць уласныя кнігі. Гэта людзі розных прафесій, зацікаўленняў і густаў: філолаг і матэматык-акцёр, перакладчык і доктар, маркетолаг і рэдактар. Але ўсе яны шмат пішуць, чытаюць, цікавяцца беларускай культурай. 

— Каго з самых яркіх адкрыццяў «Маладосці» за мінулыя год-паўтара вы маглі б назваць?

— Лічу, што адной публікацыі недастаткова для гучных заяў. Таму люблю назіраць, як аўтары-пачаткоўцы замацоўваюць свае пазіцыі. Радуюся, калі бачу ў друку новыя творы Паліны Корневай і Андрэя Дарожкіна, як выпрацоўваецца іх уласны запамінальны стыль, выходзяць кнігі, здараюцца перамогі ў літаратурных конкурсах. Шчыра радуюся поспехам Ксеніі Зарэцкай — якая яна шматгранная, дапытлівая, непрадказальная маладая пісьменніца з шырокім кругаглядам. Ксенія піша пра дзяўчат і тое, што іх хвалюе: каханне, сяброўства, сэнс жыцця, страх смерці. Мне імпануюць яе гераіні. Дарэчы, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтуецца да друку яе першая кніга прозы. Некалькі разоў творы Ксеніі былі прадстаўлены ў зборніках аўтарытэтнай серыі «Сучасная беларуская літаратура». 

Дасціпная смелая проза ў Леры Гілеўскай. У творах Юліі Макарэвіч ёсць месца фантастыцы і рэалізму, каханню і цудам. Цімафей Савянок цікавіцца пытаннямі экалогіі, алічбоўкі чалавечага розуму і спрабуе сілы ў жанры навуковай фантастыкі. Апавяданні Аляксея Дзямідчыка, сцэнарыста па адукацыі, сваім празмерным дынамізмам нагадваюць трылеры. 

З паэтаў хацела б вылучыць Яўгенію Пракапчук і Ірыну Радзіхоўскую. У Ірыны вобразная спакойная паэзія, а ў творах Яўгеніі — вострае перажыванне таго, што адбываецца ва ўсім свеце. 

Не так даўно адкрыла для сябе Вікторыю Піліпенка, якая піша прозу і паэзію. У першым нумары за гэты год у «Маладосці» было надрукавана яе апавяданне, дзе аўтар разважае пра існаванне душы пасля зямной смерці чалавека, а для сюжэтных пераходаў выкарыстоўвае беларускія фразеалагізмы. Цікава, арыгінальна! Вікторыя — выхаванка Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. 

— Часопіс шмат увагі надае публікацыі літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій. Вы замаўляеце гэтыя тэксты ці моладзь сама прыходзіць з пэўнымі ідэямі?

— У нас ёсць пастаянныя аўтары, якія пішуць рэцэнзіі на кніжныя навінкі: Алена Кісель, Яўгенія Касіловіч і інш. Рубрыка «Вачыма маладых» адмыслова створана для спроб рэцэнзій ад студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам выкладчыцы Таццяны Сідаравай.

З пачатку года мы даём агляды публікацый маладых ад вядомага літаратуразнаўцы, які друкуецца пад псеўданімам Лявон Памысны. Таксама ў нас з’явілася аўтарская калонка Славы Грыневіча «Сло/ава як нагода». Так, з пачатку года ў «Маладосці» ўжо надрукаваны матэрыялы пра Яўгенію Пракапчук і Максіма Гаўрыса, у № 6 будзе разгляд твораў Андрэя Дарожкіна.

— Перакладчыцкая дзялянка на старонках «Маладосці» — вельмі прыкметны раздзел часопіса... Якія планы ў гэтым кірунку?

— Працягваецца наша супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам замежных моў, таму па-ранейшаму будзем друкаваць пераклады студэнтаў. Запланаваны публікацыі сучасных празаікаў Зімбабвэ і Кітая. Да ўсяго ў бягучым годзе мы прапанавалі студэнтам універсітэта ўзяць удзел у конкурсе перакладаў «Беларускія матывы на замежны лад», пра які я казала раней. 

— Як часта вам, калектыву рэдакцыі даводзіцца сустракацца з моладдзю? І не толькі літаратурнай... Ці атрымліваецца дыялог, асабліва ў частцы абмеркавання таго, якія літаратурныя творы чакаюць юныя, маладыя чытачы?..

— Найбольш папулярныя пытанні, якія задаюць удзельнікі сустрэч, яны ж — патэнцыяльныя аўтары «Маладосці»: «Ці моцна будзеце перапісваць мой твор?»; «Што азначае „падпісацца на часопіс“»? Пра ганарар не пытаюцца амаль ніколі і здзіўляюцца, калі даведваюцца, што яго плацяць.

За апошні час самае нечаканае пытанне задала мне анестэзіёлаг перад аперацыяй: «Хто цяпер самыя вядомыя айчынныя пісьменнікі і што ў іх пачытаць?» Людзі старэйшага ўзросту радуюцца, калі даведваюцца, што часопіс «Маладосць» існуе да гэтага часу. А некаторыя наогул здзіўляюцца, што маладыя цяпер чытаюць друкаваныя выданні. 

— Ваша пажаданне маладым пісьменнікам...

— Пажадаю зацікаўленых выдаўцоў і чулых рэдактараў! Каб хутчэй знайсці свайго чытача, пачаткоўцам я парэкамендавала б пісаць пра тое, што перажылі яны самі, пра сітуацыю, якую назіралі асабіста, выбіраць герояў, блізкіх сабе па ўзросце.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ 

Фота даслана аўтарам


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю