Top.Mail.Ru

Вобразы герояў з расліннага і жывёльнага свету вучаць юных чытачоў працавітасці, шчырасці, добрасумленнасці

Аўтар: Ірына Прымак
16.10.2025 | 11:00
Найлепшаму вучацца праз казку

Мяркую, кожная маці сутыкалася з пытаннем, якую кнігу пачытаць свайму дзіцяці перад сном. І хоць выданняў сёння хапае, прычым самых розных, знайсці такую кнігу, якая б супакоіла гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак вечарам і адначасова зацікавіла іх, не так проста. Малых не падманеш! Яны любяць слухаць толькі добрыя і чароўныя гісторыі, дзе ёсць магчымасць паглыбіцца ў прыгоды герояў, а яшчэ паверыць у казку. Менавіта такая кніга нядаўна з’явілася ў Выдавецкім доме «Звязда» — «Зорныя арэлі» Лёлі Багдановіч. 

Асабліва спадабалася, што ў сваіх творах аўтар выкарыстала беларускія прыказкі і прымаўкі. Гэта той выпадак, калі кніга сапраўды нясе народную мудрасць і вучыць юных чытачоў быць добрасумленнымі, шчырымі, уважлівымі, ветлівымі, цаніць сяброўства, заўважаць прыгажосць побач з сабой і, канешне ж, марыць. А што яшчэ трэба для добрай кнігі?

У новы зборнік Лёлі Багдановіч увайшло больш за 50 казачных гісторый. Таму я пераканана, што кожная маці зможа знайсці ў кнізе тыя прыгоды, якія абавязкова зацікавяць яе дзяцей. Маёй малодшай дачцэ, напрыклад, асабліва спадабаліся гісторыі «Як гарбузы да агуркоў у госці хадзілі», «Казка пра вожыка Стасіка» і «Непаслухмяная Фрося». Зразумела, сваіх герояў з расліннага і жывёльнага свету пісьменніца надзяляе тымі рысамі характару, якія ўласцівы і са-

мім дзецям. Такім чынам праз іх кепскія ўчынкі, свавольствы аўтар паказвае, як не самыя ўзорныя паводзіны выглядаюць збоку. Будзем спадзявацца, што дзякуючы менавіта такім цудоўным гісторыям маленькія чытачы ўсё ж такі зробяць свае высновы, бо кніга «Зорныя арэлі» сапраўды спрыяе выхаванню паважлівых адносін да старэйшых, любові да родных мясцін, расліннага і жывёльнага свету, імкненню дарыць радасць і рабіць дабро.

Мова твораў мілагучная, пяшчотная, без усялякіх модных слэнгавых выразаў. Дзеці могуць паглыбіцца не толькі ў казачны свет, але і ў свет роднай мовы. Аўтар звяртаецца да сваіх чытачоў, распавядаючы, пра што твор, ці жадаючы добрых сноў: «Сёння, мой маленькі, я раскажу табе казку пра хлопчыка Даніка», «Дабранач. І не лічыце зорачкі. Заплюшчвайце вочкі свае ды салодка спіце». Такім чынам наладжваецца сувязь паміж пісьменніцай і чытачамі.

Добра і тое, што творы ў кнізе невялічкага памеру, таму нават самыя маленькія непаседы змогуць іх даслухаць. А калі камусьці адной гісторыі не хапіла, можна адразу пазнаёміцца з героямі наступнай казкі. Выдатна, што да кожнай гісторыі ёсць ілюстрацыя. 

Настроіцца на чароўную хвалю казкі дапамагае і вокладка, дзе можна пабачыць Зорачку, якая гушкаецца на арэлях. «Зорныя арэлі» — так называецца і адна з гісторый, якая ўвайшла ў выданне. У ёй распавядаецца, як тры браты — Красавік, Сакавік і Май — закахаліся ў адну і тую ж Зорачку і пачалі спаборнічаць паміж сабой. Усё скончылася мірам. Зорачка свеціць братам аднолькава пяшчотна і ў сакавіку, і ў красавіку, і ў маі.

Мне асабліва спадабалася гісторыя «Чароўная ручка». У ёй змяшчаецца мудрасць: толькі працай можна дасягнуць нечага, бо ніякая чароўная ручка не дапаможа, калі не прыкладаць намаганняў. Так і з выхаваннем дзетак: калі не чытаць з маленства ім добрыя кнігі, нельга патрабаваць, каб у школе яны любілі чытаць і паспяхова вучылі родную мову. Павагу да яе закладваюць менавіта такія сямейныя чытанні перад сном ці ў вольны час у выхадны дзень. Ці не так?

Кнігай «Зорныя арэлі» могуцьзацікавіцца не толькі бацькі, але і тыя, хто ставіць дзіцячыя спектаклі. Гісторыі з удзелам герояў-жывёл можна паказаць у тым жа батлеечным тэатры. Карацей, калі хочаце мець у сваёй бібліятэцы добрую беларускую кнігу сучаснага аўтара, не абмініце навінку ад «Звязды»!

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю