Top.Mail.Ru

Вобразы беларускіх пісьменнікаў на фотаздымках Рагнеда Малахоўскага

Аўтар: Лізавета Крупянькова
24.03.2025 | 07:00

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-мастацкая выстаўка «Адвечная повязь пакаленняў», прысвечаная сучасным беларускім пісьменнікам. Ініцыятар і натхняльнік праекта — паэт, аўтар зборнікаў «Беражніца», «У дзённай мітусні», «Жыві!», «Шлях слязы», намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, фатограф-аматар Рагнед Малахоўскі.




Фотамастацтвам ён займаецца з 2006 года, выстаўкі ладзіліся ў Мінску і Лодзі, работы публікуюцца ў перыядычных выданнях.

У экспазіцыі прадстаўлены партрэтныя і падзейныя фатаграфіі беларускіх літаратараў ХХІ стагоддзя: ад малодшага пакалення да тых, хто пачаў пісаць яшчэ ў ХХ стагоддзі. Падыход да здымкаў фатографа-аматара заключаецца ў яго імкненні ствараць не банальныя партрэты, а праўдзівыя, жывыя вобразы. Ён ніколі не прымушае асобу пазіраваць, а «ловіць» яе ў пэўны эмацыянальны момант: узрушаны, засяроджаны, гарэзлівы... Рагнед Малахоўскі стварыў даволі вялікую фотагалерэю сучаснікаў, літаратараў розных пакаленняў. У яго аб’ектыў трапілі Алесь Марціновіч, Людміла Рублеўская, Алена Стэльмах, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Анатоль Зэкаў, Людміла Кебіч, Навум Гальпяровіч, Алесь Карлюкевіч, Іван Саверчанка, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго і іншыя.

Фотаздымкі размешчаны на ручніку, які звязвае нас з духоўнай спадчынай. Сімвалічныя ўзоры ручнікоў распавядаюць пра легенды і паданні. А адзін з найцікавейшых вобразаў — дрэва жыцця — з’яўляецца ўвасабленнем неўміручасці і вечнасці.

— Сёння мы ладзім выстаўку, якая адрозніваецца ад астатніх нашых праектаў. З Рагнедам Малахоўскім працуем даволі даўно, і глыбіня яго работы адлюстравана ў экспазіцыі «Адвечная повязь пакаленняў». Яна ўпісалася ў агульную атмасферу фае, дзе мы размяшчаем актуальныя звесткі пра сучасны літаратурны працэс, — выступіў на адкрыцці выстаўкі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік.

Выстаўка працуе да 25 лютага 2026 года.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю