Top.Mail.Ru

Візуальнае падарожжа ў свет дваістасці, метафізікі і філасофіі

Аўтар: Лізавета Крупянькова
05.11.2025 | 11:45
Паміж ілюзіяй і рэчаіснасцю

DK-галерэя запрашае на эксперыментыльны праект «Майя» беларускага мастака Міраўлада Палачыча. Выстаўка дэманструе ўнікальную з’яву — як адзін і той жа вобраз можна ўбачыць ў розных інтэрпрэтацыях праз разнастайныя эмоцыі і абстрактныя асацыяцыі ў межах адной формы.

Міраўлад Палачыч (Уладзімір Ткачэнка) нарадзіўся ў 1982 годзе ў Навасібірску. З 1984 года жы-ве ў Брэсце. У творчым партфоліа майстра не толькі жывапісныя творы, але сцэнаграфічныя работы ў брэсцкіх тэатрах, ілюстрацыі да літаратурна-мастацкіх выданняў Дзяніса Бука і Івана Кірчука. Мастак з’яўляецца пастаянным удзельнікам персанальных і калектыўных выставак абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. 

З 2022 года ўваходзіць у Беларускі саюз мастакоў. Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Германіі, Чэхіі, Іспаніі, Балгарыі.

«Майя» — паняцце ў індыйскай філасофіі, а таксама складанае азначэнне дваістасці прыроды матэрыяльнага свету. Гэта канцэпцыя ілюзіі, якая ўтойвае сапраўднае аблічча рэальнасці. Майя тлумачыць, чаму свет успрымаецца як разнастайны і зменлівы, хоць у аснове ляжыць адзінае і вечнае. Індыйскі філосаф Гаудапада параўноўвае майю са сном: як ў сне мы бачым рэальнасць, так і падчас нядрэмнасці прымаем ілюзорны свет за праўду.

У інтэрпрэтацыі Міраўлада Палачыча ў канцэпцыі «Майя» прасочваецца глыбокая метафізічная плынь, якая пераплятаецца з візуальнымі і сэнсавыміпластамі яго творчасці. Мастак пераносіць філасофскую ідэю ілюзорнасці свету ў жывапіс праз шматслойнасць фактур, разнастайнасць колераў і сімвалічныя вобразы, што быццам з’яўляюцца з туману падсвядомасці. На яго палотнах рэальнасць размываецца, ператвараючыся ў чароўныя ландшафты, дзе ўніверсальныя прадметы і постаці набываюць індывідуальныя рысы.

На выстаўцы глядач не знойдзе багацце сюжэтных ліній, бо асновай для работ з’яўляецца зборны жаночы вобраз, які стаў ядром і лейтматывам для выказвання праз колер і форму. Гэты вобраз транслюецца ў кожнай рабоце, змяняюцца толькі эмоцыі і станы. Паэтычныя назвы — «Вібрацыя сонечных промняў у кроплі ранішняй расы», «Усведамленне абсурду тэорыі вялікага выбуху», «Гульня ў хованкі залатой восенню», «Пазітыўна-негатыўнае адзінства супрацьлегласцей», «Гукі паспявання вінаграднага віна» — падштурхоўваюць гледача да самастойнага творчага падарожжа ў свет фантазіі і чараўніцтва. Праз лірычныя метафары і добрую прапрацоўку дэталяў аўтар імкнецца перадаць далікатнасць моманту, яго эфемернасць. Аднолькавыя вобразы не надакучваюць, а наадварот ствараюць прастору для аналізу і асабістага перажывання. Лінейная пабудова экспазіцыі стварае дынаміку і надае пэўны рытм усёй выставачнай прасторы.

Праз розныя інтэрпрэтацыі аднаго і таго ж вобраза аўтар адлюстроўвае дваістасць сусвету, дзе кожны прадмет, асоба ці з’ява могуць разглядацца з іншага ракурсу, і трэба быць асабліва ўважлівым, каб зразумець — дзе рэальнасць, а дзе ілюзія.

Выстаўка працуе да 9 лістапада.

Матэрыялы Лізаветы КРУПЯНЬКОВАЙ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю