Людміла Хмяльніцкая — добра вядомая на Віцебшчыне, у Беларусі ды і ў суседніх краінах краязнаўца, даследчык гісторыі і культуры. Больш як паўтара дзесяцігоддзя працавала дырэктарам Музея Марка Шагала ў Віцебску. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг, прысвечаных Віцебску, Віцебшчыне, славутым асобам Віцебскага краю.
— Людміла Уладзіміраўна, з чаго пачалася ваша асабістая зацікаўленасць краязнаўствам?
— Я дакладна, на жаль, не памятаю. Затое добра памятаю, калі гэтая зацікаўленасць канчаткова аформілася, сфарміравалася, зрабілася часткай майго жыцця. Адбылося гэта падчас вучобы на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мая дыпломная работа, над якой я працавала некалькі гадоў, называлася «Гісторыя краязнаўства Віцебшчыны». Тады мяне моцна захапіла тэма, матэрыялы да якой давялося збіраць літаральна па крупінках. Яна не страчвае сваёй актуальнасці для мяне і да гэтага часу. Хаця і напісана, выдадзена даволі шмат...
— Наколькі, на ваш погляд, краязнаўчыя росшукі ўплываюць на фарміраванне агульнай культурнай, асветніцкай прасторы?
— Калі казаць пра гістарычнае краязнаўства, якім я ўвесь час займаюся, то яно ўплывае, канешне ж, моцна. І роля гэтая найперш адукацыйная. У савецкія часы навукоўцы, якія жылі пераважна ў Мінску і абласных гарадах, рэгіянальнай гісторыяй практычна не займаліся. Ды і іх зацікаўленасць тычылася ў асноўным сацыяльнай, палітычнай гісторыі. А чалавеку важна ведаць не толькі пра змены агульных мадэляў жыцця ў грамадстве, але найперш пра свае карані на ўзроўні ўласнай сям’і, вёскі, горада. Менавіта з гэтага пачынаецца сапраўдная цікавасць да гісторыі свайго народа, краіны. Краязнаўства
ў шырокім сэнсе складае падмурак, на якім грунтуюцца многія культурныя каштоўнасці ў грамадстве. Канешне, такое сцвярджэнне не будзе перабольшваннем толькі тады, калі да аматарскага далучаецца яшчэ і навуковае краязнаўства. І тое, што цяпер рэгіянальныя краязнаўчыя канферэнцыі ў нас адбываюцца пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — справа добрая.
— Шагалазнаўства ў Віцебску і ўвогуле ў Беларусі ў большай ступені ўзнікла, сфарміравалася як вынік намаганняў мастацтвазнаўчага характару ці ўсё ж як вынік руплівасці на ніве мастацкага краязнаўства?
— Можна сказаць, што дзякуючы выключна намаганням краязнаўцаў імя Марка Шагала ў пачатку 1990-х гадоў вярнулася ў Віцебск. Менавіта імі былі знойдзены адказы на пытанні, дзе нарадзіўся мастак, ці жыў ён увогуле ў Віцебску, дзе знаходзіўся яго дом і г. д. Гэта цэлая гісторыя, вартая асаблівага разгляду і асвятлення. А ўжо потым, калі ў Віцебску быў створаны музей мастака, да справы далучыліся прафесійныя мастацтвазнаўцы, прычым з самых розных куткоў свету. На працягу амаль чвэрці стагоддзя музей кожны год праводзіў навуковую канферэнцыю «Шагалаўскія чытанні», матэрыялы
якой друкаваліся на папяровых носьбітах і змяшчаліся ў інтэрнэце. На пэўным этапе да справы далучыліся ўнучкі мастака, якія ў Мінску і Віцебску правялі пяць выставак твораў Шагала з уласнага збору. Так усе разам зрабілі вялікую справу.
— Што складае вашу асноўную зацікаўленасць ў краязнаўчай рабоце?
— Мая работа ўжо шмат гадоў ідзе адначасова ў двух накірунках. Адзін — гэта біяграфія і творчасць Марка Шагала і яго атачэння. Другі — гісторыя Віцебшчыны канца XVIII — пачатку XX стагоддзя, дзе мяне найперш цікавіць гісторыя літаратурнага жыцця краю.
— Віцебск мастацкі, судакрананне гэтай прасторы з расійскім мастацтвам, сусветным — наколькі поўна раскрыты гэтыя абсягі?
— Над гэтай тэмай апошнія дзесяцігоддзі шмат працуюць і краязнаўцы, і навукоўцы, і музейшчыкі. Ужо шмат зроблена, але, вядома, даследавана далёка не ўсё. Нават калі ўзяць толькі такі невялікі храналагічны адрэзак часу, як першая чвэрць ХХ стагоддзя, тут варта было б больш уважліва прыгледзецца да постацей, скажам, скульптараў Восіпа Цадкіна і Оскара Мешчанінава. Абодва маюць сусветную вядомасць і разам з Шагалам залічаны да прадстаўнікоў так званай Парыжскай школы. Іх творы захоўваюцца ў самых вядомых музеях свету. У Парыжы існуе Музей Цадкіна. Такія асобы могуць стаць не толькі нашым уласным культурным набыткам, але і турыстычным брэндам Беларусі.
А нераспрацаваных імёнаў, паўтаруся, яшчэ вельмі многа.
— Краязнаўства, краязнаўчая публіцыстыка ў большасці выпадкаў — аснова для наступных практычных крокаў захавання памяці пра асобу ці падзею. Вы таксама кіруецеся гэтым перакананнем, выпраўляючыся ў той ці іншы пошук?
— Шчыра кажучы, ніколі пра гэта не думала. Хоць, канешне, прыемна, калі публікацыя прыцягвае ўвагу іншых неабыякавых асоб, і справа захавання памяці працягваецца ўжо імі.
У мяне так адбылося з віцебскім гісторыкам Аляксеем Сапуновым. У 2000 годзе я апублікавала яго біяграфію, і з таго часу чаго толькі вакол гэтай асобы не адбываецца — і краязнаўчыя, архіўныя ды музейныя чытанні, і выстаўкі, і розныя экспедыцыі, і круглыя сталы, якія на працягу ўжо многіх гадоў ладзяць як мясцовыя энтузіясты і інстытуцыі (Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, абласная бібліятэка), так і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта вельмі прыемна і ўсцешна!
Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА
Фота Святланы Дзядзінкінай