Новая кніга — «Жывуць у Полацку стагоддзі» — пабачыла свет у мінулым, 2024-м, годзе. «Сяўба вякоў узыходзіць рунню — // Вяртае памяць пра былое. // І нам гавораць пра святое // Абуджанага часу руны. // Яны — у вітражах касцёлаў // І ў фрэсках праваслаўных храмаў, // Ва ўсіх людскіх пакутных драмах, // Што помняць гарады і сёлы». Паэтэса сабрала ў адной кнізе творы, прысвечаныя роднаму Полацку, якому аддадзена большая частка жыцця, палачанам, якія пакінулі след у айчыннай гісторыі і культуры, а таксама асобам, якія і сёння цесна звязаны з багатым на памяць вякоў горадам.
З першых старонак было нейкае адчуванне неспакою. Усё ж вытрымаць няхай сабе і важкі, але ў прасторы абмежаваны, пэўны тэматычны абсяг на добрым творчым узроўні даволі складана. Але, старонка за старонкай, чытаючы кнігу, гэтай трывогі, гэтага неспакою ўдалося пазбавіцца. Паэтэса, апантана ўлюбёная ў творчую, культурную спадчыну папярэднікаў добра ведае гісторыю, і па-майстэрску выбудоўвае сюжэты, кампазіцыю. Знаходзіць пераканаўчыя радкі, што пашыраюць нашу ўлюбёнасць у Полацк, Полаччыну і нараджаюць захапленне, радасць ад сустрэчы з яе вершамі.
Пераканаўчай падаецца шчырасць аўтара кнігі «Жывуць у Полацку стагоддзі...» пасля прачытання верша «Спатканне з гісторыяй» (з прысвячэннем: «Нялюбай раней гісторыі...»):
Гісторыя, цябе я не любіла,
Бо часта ты няшчыраю была:
Хоць з гонарам сваё імя насіла.
Ды ісціну зусім не берагла.
А праўда ж прабіваецца праз церні,
Бо немагчыма ўсё ж яе схаваць.
З вякоў ранейшых адыходзяць цені,
Калі старанна ісціну шукаць.
Вось у гэтым клопаце, звязаным з пошукам ісціны, у жаданні вызваляць прыхаваную на архіўных паліцах гісторыю, на мой погляд, і хаваецца грамадзянская сіла паэтычнага радка Галіны Загурскай. Запал, творчае гарэнне выводзяць вершы, часам вельмі моцна прывязаныя да пэўных падзей ці гістарычных персанажаў, за межы ілюстрацыйнасці, мастацкага пераказу вядомых фактаў. У значнай ступені удачай можна лічыць і паэму «Усяслаў Чарадзей», якая ўпрыгожвае, умацоўвае кнігу паэзіі пра Полацк. Полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч, якога «ахрысцілі» Усяславам Чарадзеем і Усяславам Полацкім, — асоба літаратурная, мастацкая, персанаж, якому прысвечана мноства твораў. З апошніх па часе — «Усяслаў Чарадзей» слыннага нашага паэта Алеся Бадака. Ён паклаў у аснову важны фрагмент з жыццяпісу Усяслава Чарадзея, той эпізод, калі яго трымалі ў палоне... Галіна Загурская стварыла ўвогуле мастацкую біяграфію полацкага князя, паказала працэс станаўлення асобы, вытокі фарміравання характару разумнага гаспадара княства, клапатлівага ўладара падначаленага яму народа... «Уладу князя прызнавалі Браслаў, // Заслаўе, Менск. І Віцебск княжым быў... // І можна падзівіцца з тых абрысаў // Дзяржавы моцнай, што Ўсяслаў стварыў...» Паэтэса імкнецца не парушыць нашы ўяўленні пра ўсё, што гістарычна атачае яркую постаць. Задачу перад сабою Галіна Загурская паставіла складаную.
І, як на мой суб’ектыўны погляд, годна яе выканала.
Праліў нямала князь крыві варожай,
Але любіў больш мірнае жыццё,
Таму і правіў у краіне гожа
І не сышоў дасюль у забыццё.
Паэтэса, рэалізоўваючы памкненне да выкладання паўнавартаснага мастацкага жыццяпісу полацкага князя, ідзе ў рэчышчы, якое ўжо пракладзена ў беларускай паэзіі (варта згадаць гістарычныя паэмы Максіма Танка, Міколы Арочкі, іншых майстроў прыгожага пісьменства). І пры гэтым Галіна Загурская імкнецца быць арыгінальнай, яна выразна акрэслівае свой погляд на галоўнага героя, яго ролю і месца ў гісторыі нашай Айчыны. Паэма «Усяслаў Чарадзей» напісана ў новы час, у XXI стагоддзі.
У кнізе паэзіі «Жывуць у Полацку стагоддзі...» — яшчэ і паэма «Князь Валодша». Персанаж — з полацкай галінкі Рурыкавічаў, сын Давыда Усяслававіча. Упершыню згаданы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годам. Калі менскія князі Глебавічы напалі на Ізяслаўль, Валодша трапіў у палон, быў закаваны ў жалеза. У 1160 годзе полацкі князь Рагвалод-Васіль вызваліў Валодшу з палону. Гістарычных звестак пра гэтую асобу зусім няшмат, яны даволі супярэчлівыя. Зварот паэтэсы да вобраза Валодшы можна лічыць адважным мастацкім крокам. Але ж як у паэзіі без адвагі і смеласці?!
Цікавасць чытача, несумненна, выклічуць і вершы, балады, якія Галіна Загурская прысвяціла Івану Хруцкаму, Алесю Дудару, Янку Купалу, Канстанцыі Буйло, Петрусю Броўку, Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Пятру Васючэнку, Івану Стадольніку і іншым дзеячам культуры, пісьменнікам. Зборнік дапаўняе і даволі цікавы нарыс «Маё „Надзвінне“» — пра блізкія да нас гады ў дзейнасці багатага на гісторыю полацкага літаратурнага аб’яднання. Ілюстрацыямі да зборніка паслужылі малюнкі самой Галіны Загурскай, якія істотна ўзбагачаюць змест.
Раман СЭРВАЧ