Знаўца паэзіі і яе апантаны аматар Франсіска Руіс Сарыяна пераклаў на іспанскую мову каля 130 вершаў Яўгеніі Янішчыц. Паэтычная падборка адпавядае рэпрэзентатыўнай разнастайнасці твораў. У яе ўключаны вершы з усіх прыжыццёвых кніг Янішчыц, а таксама з кнігі «Выбранае», выдадзенай у 2000 годзе. Анталогія будзе мець уступны артыкул і каментарыі да вершаў.
Хесус Гарсія, рэдактар і дырэктар выдавецтва Colección de Poesía Visor у Мадрыдзе, якому спадабаліся вершы Янішчыц, узяў на себе публікацыю анталогіі і культурнае распаўсюджанне выдання на тэрыторыі Іспаніі і Лацінскай Амерыкі.
Франсіска Руіс Сарыяна неаднойчы наведваў Мінск, бо яго жонка Кацярына — мінчанка. Авалодаў рускай і зацікавіўся беларускай мовай і культурай. Кожны прыезд набываў шмат беларускіх кніг, у тым ліку чатырохтомнае выданне «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі», і быў уражаны паэзіяй нашай беларускай ластаўкі.
Па словах прафесара, ён звярнуўся да перакладу вершаў Яўгеніі Янішчыц таму, што лічыць яе геніяльнай паэтэсай. Тэмы, якія яна раскрывае ў сваіх творах, блізкія пасляваеннай іспанскай паэзіі. Ён упэўнены, што творчасць Янішчыц будзе цікавая іспанскаму чытачу, асабліва каталонцам, бо ў іх з беларусамі многа агульнага. Па гэтай прычыне Франсіска Руіс Сарыяна пераклаў вершы яшчэ і на каталонскую мову. Шукае выдаўца.
Творы Яўгеніі Янішчыц перакладаліся на рускую, англійскую, украінскую, нямецкую, французскую, іспанскую, балгарскую, польскую, сербскую, мальтыйскую, башкірскую і іншыя мовы. Яны ўключаліся ў калектыўныя зборнікі і друкаваліся ў перыядычных выданнях розных краін. У 1985 годзе выйшла кніга паэзіі Яўгеніі Янішчыц «Спроси у чебреца» на рускай мове ў перакладзе Рымы Казаковай; у 1998 годзе — кніга «Твоето присъствие» на балгарскай мове (укладальнік Христо Попов); і вось цяпер выйдзе «Анталогія паэзіі Яўгеніі Янішчыц» на іспанскай мове.
Тамара АЎСЯННІКАВА
Фота даслана аўтарам