Тры асобы, тры мастакі слова. У кожнага — свой лёс, свае пакуты. Валянціна Таўлая чатырнаццацігадовым падлеткам за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы адправілі пад канвоем з Вільні да бацькоў на Слонімшчыну. А былі і яшчэ турэмныя, астрожныя гады. У верасні 1939 года паэта вызваліла з Гродзенскай турмы Чырвоная Армія. Неаднаразова польскія ўлады арыштоўвалі і саджалі за краты Міхася Васілька. У 1939 годзе ён быў мабілізаваны ў польскае войска, у час баёў трапіў у нямецкі палон, з якога ўцёк у жніўні 1941 года. Дабраўся да родных мясцін, уключыўся ў падпольную барацьбу. Пад псеўданімам Язэп Гром выступаў у партызанскім друку. У 1926 годзе за арганізацыю ў вёсцы беларускага хору і тэатра польскія ўлады выслалі з родных мясцін Сяргея Новіка-Пеюна...
«Майго жыцця паток разбунтаваны // скавалі рэчышчам скалістым і вузкім, // і дні мае ў няволі ціха вянуць // і ападаюць, не заўважаны нікім. // Адна турма лістае іх, як кнігу, // і часта хмурыць ведзьме бровы злосць, // тады паказвае мне кратамі на мігі, // што бунт мой зломіць тут сваё крыло. // І радасна прысуд суровы піша, // і кідае ў распалены мой твар, // і аблівае чорнай сцюжай цішы // шалёны сэрца бой і думак жар. // Турма, турма!.. Не смейся так сурова: // ёсць сіла грозная, што краты гне // і брамы выварочвае сталёвыя, // і за цябе, турма, яна мацней!..» — пісаў у 1934–1935 гадах Валянцін Таўлай. Пісаў у той час, калі знаходзіўся ў Гродзенскім астрозе. Іх, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, вядомых і меней вядомых паэтаў Гродзеншчыны, Берасцейшчыны, іншых заходніх куточкаў нашай Беларусі, паэтычныя радкі нараджала супраціўленне, нараджаў прыгнёт польскага рэжыму. І грамадзянскі лад, і лірычны верш — усё ў паэзіі гэтых патрыётаў было падначалена таму настрою, які панаваў у іх сем’ях, хатах, які разварушваў іх думкі, скіроўваў да дзеяння, фарміраваў грамадскую пазіцыю. У творах паэтаў з аднолькавай сілай выяўляюцца боль і любоў да роднага, павага да сваіх суродзічаў.
«...Дзе ў сонечных, шчодрых праменнях // Расцвітаюць бары і палі, // А вячэрнія, ціхія цені // Шэпчуць казкі між сонных галін, — // Там краіна мая. // Дзе на нівах, слязою палітых, // Горкім потам прытуляючы жыта, // Пяе песню нядолі жняя, — // Там краіна мая. // Дзе ад здзеку, бяды і няволі // Цяжка стогне матуля-зямля, // Дзе народ наш да лепшае долі // Пракладае ўпэўнена шлях, — // Там краіна мая» (Міхась Васілёк, 1926 год). Вядомы літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч у свой час так ахарактарызаваў яго паэзію: «Адметнае ж, што вылучала М. Васілька ў літаратуры, — здольнасць адкрываць прыгожае ў звычайным, тварыць паэтычны малюнак на матэрыяле добра вядомага, будзённага жыцця».
На Нясвіжчыне, у Слоніме добра памятаюць паэта, кампазітара, арганізатара асветніцкага, культурнага жыцця Сяргея Новіка-Пеюна (1906–1994). Пражыўшы без малога дзевяноста гадоў, ён толькі напрыканцы жыцця атрымаў прызнанне, увагу як паэт, як мастак слова. У 1943 годзе Сяргей Міхайлавіч быў арыштаваны фашыстамі і адпраўлены ў Калдычэўскі лагер. Гэта за калючым дротам паэт напісаў такія радкі: «...Тут вучыў мяне бацька мой родны // Сваю мову любіць, шанаваць, // Сцерагчы гэты скарб наш народны, // Яго ў крыўду нідзе не даваць. // Тут за родныя школы змагаўся, // За свой край беларускі цярпеў, // Безупынку да волі я рваўся, // Скінуць путы з народу хацеў. // Беларусь, мая родная Маці! // Я не здраджу ніколі табе // За ніякія ў свеце багацці — // Лепш злажу галаву ў барацьбе» («Прысяга»).
Укладальнікам зборніка «Сэрцаў агонь крылаты» выступіў вядомы сучаснаму чытачу паэт Віктар Шніп. З яго дапамогай выдавецтва «Беларусь» ужо сфарміравала і працягвае выдаваць сапраўдную бібліятэку паэзіі.
Мікола БЕРЛЕЖ