У снежні 1919 года Гальяш Леўчык прыехаў з Варшавы ў Слонім да сястры Евы. Ён прабыў у яе тры тыдні. Горад у той час быў акупаваны польскімі войскамі. У размове з адным слонімцам, які працаваў у акупацыйнай адміністрацыі, Леўчык неасцярожна выказаўся пра польскую палітыку ў Беларусі. А той напісаў на яго данос. Нібыта «Ляўковіч займаўся агітацыяй».
І калі ён вярнуўся ў Варшаву, на пяты дзень у яго кватэру прыйшлі 4 узброеныя паліцэйскія. Яны агледзелі бібліятэку і архіў паэта, частку папер забралі. Арыштавалі Гальяша Леўчыка.
«У часе арышту ў камісарыяце паліцыі трымалі 100 гадзін на лаве, нікуды не пушчаючы», — запісаў Максім Гарэцкі. Пры гэтым у справе не разбіраліся. На пяты дзень Гальяша Леўчыка адправілі ў Макатоўскую турму ў Варшаве. Яго абвінавачвалі «ў камунізме». Але даказаць, што наш зямляк займаўся ў Слоніме «камуністычнай агітацыяй», не змаглі, таму вызвалілі. У зняволенні паэт быў 2 месяцы і 2 дні.
У красавіку 1920-га Гальяша Леўчыка звольнілі з варшаўскага магістрата, і ён стаў беспрацоўным. Гэта было наступства арышту. У матэрыялах польскай палітычнай паліцыі яго яшчэ ў 1925 годзе называлі «камуністам». А адзін беларускі дзеяч, які супрацоўнічаў з польскімі ўладамі, неяк пагражаў Леўчыку. Ён перадаў яму, каб памятаў пра Макатоўскую турму...
Сяргей ЁРШ
Фота даслана аўтарам