Top.Mail.Ru

Вандроўка з Пінска ў Пінск

08.04.2025 | 07:00

Зборнік Валерыя Грышкаўца «Тварам на ўсход» выйшаў у 2024 годзе ў Пінскай рэгіянальнай друкарні. Аўтара прадстаўляць чытачам няма патрэбы — гэта ўжо яго дзясятая кніга. Нарадзіўся ў Пінску, дзе жыве і цяпер. Аўтар гімна горада, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій Беларусі і Расіі, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі (2020 г.).



У анатацыі В. Грышкавец тлумачыць назву кнігі: тварам на ўсход — так хаваюць праваслаўных. Ды і большая частка жыцця пісьменніка прайшла «тварам на ўсход». Пасля службы ў Савецкай Арміі ў Сяміпалацінскай вобласці ён працаваў геолагаразведчыкам у Забайкаллі, будаўніком у Бураціі, калясіў па прасторах неабсяжнай савецкай краіны. Ды і сёння ўсе дарогі яго — на ўсход. Нават у сталіцу роднай Беларусі, не гаворачы ўжо пра Маскву, дзе прайшлі лепшыя гады творчага жыцця. Так што назва кнігі прадыктавана самім лёсам аўтара.

У зборніку паэзіі «Круг аистиный», падораным мне Валерыем Фёдаравічам у 1991 годзе, я знайшла верш, які дзіўным чынам пераклікаецца з назвай новай кнігі: 

Упадёт в бою неравном,
Оглянувшись на восток, 
Нецелованный кудрявый
Кареглазый паренек.

На губах, алея нежно,
Запечётся — нет! — не кровь:
Имя матери — Надежда, 
Имя девушки — Любовь.
«41-ы год»

Кнігу «Тварам на ўсход» склалі выбраныя эсэ з цыкла «Бюро знаходак», артыкулы аб сучаснай беларускай літаратуры і пісьменніках, дзённікавыя запісы.

Эсэ, якім пачынаецца першая частка кнігі, — «Слёзы выдумкі — рэха лёсу?..» — напісана ў 1995 годзе. Першыя вершы... Першыя ганарары... Уцёкі з дому і вяртанне назад. Спадарожнага ветру не чакаў, вецер заўсёды ў твар. Першы верш, напісаны ў Маскве, паэт так і назваў — «Вецер».

Ружа вятроў на супервокладцы кнігі змешчана невыпадкова: яна якраз і сімвалізуе падарожжы, свабоду, новыя адкрыцці і магчымасці. Промні яе паказваюць розныя напрамкі, што робіць гэты сімвал ідэальным для тых, хто імкнецца пераадольваць любыя цяжкасці і перашкоды.

Перашкод у жыцці аўтара было шмат, як мог пераадольваў іх, ва ўсякім разе імкнуўся да гэтага. Вяртаючыся ў Пінск не адзін раз, ён рабіў у жыцці круг за кругам: 

Да, кем только в жизни я не был,
С какою не знался бедой?..
Под южным и северным небом,
Под синей и белой звездой...

З ранніх гадоў, як піша В. Грышкавец, у ім жыў празаік, але не хапала настойлівасці і ўседлівасці, якія з’яўляюцца бадай ці не галоўнымі рысамі тых, хто працуе ў прозе. Але ўсё ж аўтар не мог не падзяліцца з чытачамі старонкамі сваёй біяграфіі, звязанымі з Масквой, дзе два гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах.

Пасля Масква не адпускала яго, вабіла, і ў кастрычніку 1994 года В. Грышкавец пайшоў працаваць вартаўніком у маскоўскі храм Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы, нездарма ж яго пакой у пінскай кватэры доўгія гады асвячаў абраз Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы.

На вокладцы кнігі змешчана і Спаская вежа Маскоўскага Крамля — галоўная брама крэпасці, на якой знаходзяцца знакамітыя куранты, што адлічваюць маскоўскі час. Менавіта гэтаму ў сваім жыцці прысвяціў аўтар эсэ, напісанае ў 1998 годзе.

Падарожжа ў часе, падарожжа ў прасторы, падарожжа па кутках памяці — ці было гэта ўсё? І вось ужо на старонках кнігі — партрэты паэтаў Міколы Купрэева, Анатоля Сыса, Яўгеніі Янішчыц, Івана Калесніка, успаміны пра такіх блізкіх для яго людзей, як Мікалай Крышталь, пінскі краязнавец Міхаіл Самуйлік. 

У гэтым жа раздзеле ў эсэ, напісаным у 2012 годзе, аўтар знаёміць з кнігай «Шаны» Анатоля Шушко, якой, па сцвярджэнні В. Грышкаўца, паэт паставіў сябе ў адзін рад з лепшымі творцамі Берасцейшчыны.

У другім раздзеле «Жить, душою не кривя» В. Грышкавец дзеліцца сваімі адкрыццямі аб палескай адысеі Аляксандра Блока. Аўтар працаваў у музейным пакоі Лапацінскай сельскай бібліятэкі, прысвечаным жыццю і творчасці А. Блока.

Піша Валерый Грышкавец па-руску. У школе вучыў і рускую, і беларускую, а дома гучала матуліна мова, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне шмат гадоў і стагоддзяў на палескай зямлі. Чаму аўтар для сваёй творчасці выбраў рускую? Бо вельмі любіў творы рускіх класікаў.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве яго захапіла, зачаравала паэзія А. Блока. Ён адразу і на ўсё жыццё палюбіў творчасць гэтага паэта.

Трэці раздзел кнігі «Душа — не памыйная яма...» — гэта фрагменты дзённіка і нататкі. Першыя запісы пазначаны лютым 1990 года, а заканчваюцца 25 верасня 2012-га. Аўтар стараўся трымацца праведнага шляху, але не заўсёды ў яго атрымлівалася, аб чым горка шкадуе ў сваіх вершах:

Я слыл непутёвым, отчаянным,
От жён уходил и детей.
Мол, что мне?! Да вот же нечаянно —
Церквушка. И стал у дверей...

Вандруючы з Пінска ў Пінск, падстаўляючы твар усходняму сустрэчнаму ветру, Валерый Грышкавец не змяніўся з гадамі, бо, як казаў 
адзін філосаф, «у дарогу браў самога сябе», з самім сабой і вяртаўся на кругі свае.

Сёння пісьменнік не спачывае на лаўрах, не слабее творчы імпэт, таму што ўсё яшчэ прыходзяць да яго вершы. Гэтай кнігай ён хацеў «падвесці вынікі — хай сабе і не канчатковыя, але ўсё ж...».

Валянціна ГАРБАЧЭЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю