Top.Mail.Ru

Ван Гог у прызме сучаснасці

Аўтар: Лізавета Крупянькова
29.01.2025 | 15:19

Галерэя FARBA і Палац мастацтва запрашаюць на сумесны праект «Ван Гог. Ван Лав», прысвечаны знакамітаму галандскаму мастаку. Экспазіцыя раскрывае не толькі творчы шлях вялікага майстра, але спрабуе дакрануцца і да асабістага жыцця, зазірнуць у таямніцы душы і даць новае гучанне таленавітым ідэям.



Выстаўка «Ван Гог. Ван Лав» стане першай часткай маштабнага двухмесячнага фестывалю FARBA Fest у Палацы мастацтва. Творчасць Вінсента ван Гога не страчвае папулярнасці. Мастакі з розных краін свету спрабуюць пераасэнсаваць спадчыну вялікага майстра, і беларусы не сталі выключэннем.

Аснову экспазіцыі складаюць работы айчынных майстроў, якія выкарыстоўваюць разнастайныя мастацкія сродкі — ад жывапісу і скульптуры да лічбавага мастацтва і інсталяцый — для лепшага адлюстравання сучасных поглядаў на Ван Гога.

Выстаўка ахоплівае творчае і асабістае жыццё мастака, раскрывае папулярныя міфы і спрабуе разгадаць таямніцы даўно мінулых дзён. Экспазіцыя прасякнута пачуццём глыбога адзіноцтва і трагічнасцю неўзаемнага кахання, а лірычны музычны фон дадае драматызму.

Праект падзелены на тэматычныя зоны, якія цесна пераплецены паміж сабой. Лепей пачаць з кароткага экскурсу ў біяграфію Вінсента ван Гога. Для тых, хто не любіць чытаць шмат тэксту на мастацкіх выстаўках, а аддае перавагу візуальнай інфармацыі, распрацаваны лічбавыя ілюстрацыі, якія паказваюць пэўны этап жыцця творцы.

Творчы шлях Ван Гога таксама прадстаўлены асобна. Калі хтосьці толькі пачынае знаёмства з галандскім мастаком, праект галерэі FARBA і Палаца мастацтва садзейнічае паступоваму і ўсебаковаму паглыбленню ў постімпрэсіянісцкі свет. Творчасць мастака падзелена на характэрныя перыяды, якія па прыведзеных аўтарамі прыкметах можа распазнаць нават недасведчаны ў жывапісе. У гэтым таксама дапамагаюць размешчаныя побач рэпрадукцыі карцін Ван Гога.

Далей, калі ўжо наведвальнік пазнаёміўся ці аднавіў веды па творчасці галандца, можна перайсці да работ сучасных беларускіх мастакоў, натхнёных жывапісам Вінсента ван Гога. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, лічбавыя ілюстрацыі, скульптура, інсталяцыі, аўтарскія і калектыўныя работы і нават творчасць пастаянных наведвальнікаў і аматараў праектаў галерэі FARBA. Каб дакладней раскрыць сэнс ці ідэю пэўнага твора, каля работ — адпаведныя цытаты са знакамітых дзённікаў Ван Гога.

Мастакі, натхняючыся карцінамі найбуйнейшага прадстаўніка постімпрэсіянізму, працуюць у розных жанрах і тэхніках: ад партрэта і пейзажных замалёвак да анімалістыкі і мазаікі. Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, прывабліваюць багаццем колераў і сюжэтаў. Тут можна знайсці і філасофскія разважанні пра сэнс жыцця, і захапленне прыгажосцю навакольнага свету, і страх адзіноцтва, і вечны пошук сапраўднага сябе... 

Асобна размясціўся праект Яўгенія Сасюры (MUTUS), які спрабуе перадаць атмасферу астральнага паглыблення, медытатыўнага трансу. Аўтар звяртаецца да новых сродкаў для стварэння работ, таму ў гэтай серыі выкарыстоўвае флуарэсцэнтную фарбу, з-за якой творы маюць некалькі варыянтаў успрымання: пры дзённым асвятленні, пры ўльтрафіялетавым і пры іх камбінацыі. 

Нельга не адзначыць інтэрактывы, якімі славяцца ўсе праекты галерэі FARBA. На выстаўцы «Ван Гог. Ван Лав» можна стаць часткай вядомых работ мастака з дапамогай real-time генерацыі, прайсці цікавыя тэматычныя квэсты па ўсёй экспазіцыі і паспрабаваць адрозніць праўду ад хлусні (спатрэбяцца тыя самыя цікавыя факты з біяграфіі Ван Гога!), дакрануцца да велізарнага вуха і адчуць законы фізікі (як вядома, для тых, хто не ведае фізіку, увесь свет — магія), і паспрабаваць сябе ў ролі фотамадэлі. Алёна Лукіна і Ганна Нікеева вырашылі дапамагчы Вінсенту ван Гогу знайсці шчасце ў асабістым жыцці. Для гэтага наведвальнікам экспазіцыі трэба сфатаграфавацца з адзінокай фігурай мастака, выкласці здымак у сацсетках і адзначыць аўтараў праекта «Вінсент +1».

Напісаць асабісты ліст майстру пост-імпрэсіянізму можна з дапамогай праекта Вольгі Ібадавай «Боль ад пустэчы ўнутры». Аўтар спрабуе раскрыць няпростую, нават далікатную тэму — лісты Ван Гога да брата Тэа. Гэтыя паперкі сталі своеасаблівым люстэркам душэўных пакут мастака і яго імкнення да разумення. Тут можна азнаёміцца з выразкамі з лістоў творцы і напісаць свой, які, магчыма, у будучыні таксама стане часткай якога-небудзь праекта.

Унутры выставачнай прасторы працуюць унікальныя фотазоны. Можна зрабіць яркія кадры і стаць бліжэй да вялікага мастацтва.

Кульмінацыяй выстаўкі з’яўляецца імерсіўны фільм «Быць Ван Гогам», які праецыруецца на шматлікія паверхні і быццам ахутвае гледача, паглыбляючы яго ў свет надзей і мар, сумненняў і страхаў таленавітага мастака ХІХ стагоддзя.

Выставачны праект працуе да 9 лютага. Падчас работы экспазіцыі ладзяцца тэматычныя экскурсіі, лекцыі і сустрэчы. Удакладняйце ў супрацоўнікаў праекта.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю