Валянціну Гарбачэўскую, бібліёграфа І катэгорыі аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага, добра ведаюць не толькі наведвальнікі кніжніцы, дзе яна працуе. Валянціна Адамаўна — руплівы збіральнік бібліяграфічных звестак для многіх запатрабаваных паказальнікаў. Наша гутарка з дасведчаным бібліёграфам — пра розныя аспекты развіцця кніжнай справы. Але найперш — пра бібліяграфію.
— Валянціна Адамаўна, наколькі шырокая ўвага надаецца сёння бібліяграфічнай справе ў абласных і раённых бібліятэках?
— Некаторыя бібліятэказнаўцы ўпэўнена сцвярджаюць, што бібліяграфія сёння наогул не патрэбна, бо ёсць штучны інтэлект і дасканалыя электронныя пошукавыя сістэмы. Пагадзіцца з гэтым нельга: тая бібліяграфія, якая ўяўляла сабой просты пералік выкарастаных крыніц, перайшла да актыўнага фарміравання і арганізацыі інфармацыйнай прасторы і выступае ключавым звяном у стварэнні і засваенні новых лічбавых крыніц інфармацыі.
Бібліяграфічныя электронныя рэсурсы ўсё болей замяняюць друкаваную бібліяграфічную прадукцыю. Замест традыцыйных каталогаў і картатэк з’явіліся электронныя базы даных. Сёння для бібліёграфаў недастаткова патрапіць у лічбавы кантэнт, яны павінны прагназаваць будучыя запатрабанні і часу, і чытачоў. На ІІ Міжнародным бібліяграфічным кангрэсе быў агучаны прагноз, што праз 10 гадоў колькасць бібліёграфаў скароціцца на 20 %. На шчасце, у нашай бібліятэцы гэтага не адбылося. Прафесія бібліёграфа атрымала новыя вектары развіцця: бібліёграф-аналітык, бібліёграф-стваральнік інфармацыйных рэсурсаў, бібліёграф-рэдактар бібліяграфічных запісаў і інш.
На мой погляд, бібліяграфічная дзейнасць павінна набыць сёння больш гуманістычны характар, каб забяспечыць пошук, сістэматызацыю і распаўсюджанне гуманістычных ідэалаў і каштоўнасцей. Электронныя рэсурсы не заўсёды могуць быць разлічаны на канкрэтнага карыстальніка, дастаткова таго, што яны будуць выконваць мемарыяльную функцыю.
— Што ў прыярытэтах у бібліяграфічнай справе ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага? Наколькі гэтая праца спалучана з рэгіёназнаўствам, краязнаўствам?
— У прыярытэтах сёння, безумоўна, краязнаўчая дзейнасць, бо краязнаўчая бібліяграфія іграе надзвычай важную ролю ў сістэме інфармацыйных рэсурсаў Беларусі. У сувязі з гэтым кожны бібліёграф бібліятэкі павінен валодаць методыкай краязнаўчай работы і бібліяграфіі.
Гэтаму кірунку надаецца шмат увагі і на дзяржаўным узроўні, найперш у рабоце па патрыятычным выхаванні грамадства, а таксама дзеля стварэння прывабнага іміджу рэгіёна ў краіне і за яе межамі з пункту гледжання культурнай і гістарычнай спадчыны.
Гісторыя роднага краю заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі навукоўцаў, але і людзей самых розных сацыяльных груп і прафесій. Бібліяграфічнае адлюстраванне гісторыка-культурнага асяродка Берасцейшчыны — важны і неабходны працэс у дзейнасці нашай кніжніцы, а таксама іншых бібліятэчных устаноў рэгіёна.
Сёння краязнаўства ў прыярытэце практычна для ўсіх аддзелаў бібліятэкі. Кожны наш бібліёграф ведае, што кнігавыдача на 90 % залежыць ад таго, наколькі якасна адлюстраваны фонды ў бібліятэчных інфармацыйных сістэмах (базах даных электроннага каталога). Асабліва гэта тычыцца краязнаўчых баз даных. З узмацненнем карпаратыўнага ўзаемадзеяння і функцыянавання зводнай інфармацыйна-пошукавай сістэмы ў частцы бібліяграфіі мясцовага друку больш надзённым стала пытанне ўніфікацыі аналітычнага бібліяграфіравання дакументаў. Але стварэнне якаснай бібліяграфічнай інфармацыі на краязнаўчыя дакументы ажыццяўляецца ўсё ж такі з улікам рэгіянальнай спецыфікі. Бібліяграфія — працэс творчы і суб’ектыўны.
Сёння вынікам напружанай сумеснай працы бібліёграфаў і каталагізатараў можна лічыць Рэгіянальны зводны электронны каталог бібліятэк Брэсцкай вобласці, які размешчаны на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён змяшчае бібліяграфічныя звесткі аб фондах
12 бібліятэк нашага рэгіёна, якія ўключаюць кнігі, брашуры, аўдыё-, відэадакументы, выяўленчыя дакументы, аўтарэфераты дысертацый, артыкулы па краязнаўстве, нотныя, картаграфічныя выданні і электронныя дакументы.
— Хто з чытачоў (студэнты, навукоўцы ці нехта іншы) найбольш карыстаецца цяпер бібліяграфічнымі паслугамі?
— Бібліяграфічнымі паслугамі сёння карыстаецца кожны чытач, які прыходзіць у аддзел інфармацыйна-бібліяграфічнай работы, у бібліятэку. На кожны тэматычны запыт чытач атрымлівае бібліяграфічны спіс літаратуры. Бібліёграфы робяць таксама адрасныя і фактаграфічныя даведкі. Найбольш паслугамі бібліёграфаў, канешне ж, карыстаюцца студэнты, навукоўцы, спецыялісты, якія пішуць навуковыя артыкулы ў часопісы і зборнікі.
— Валянціна Адамаўна, вы асабіста былі добра знаёмы з вядомым літаратуразнаўцам, літаратурным крытыкам, чалавекам складанага лёсу Валянцінай Локун, падрыхтавалі прысвечаны яе жыццю і творчасці бібліяграфічны паказальнік і кнігу ўспамінаў. Раскажыце, калі ласка, пра работу над гэтым праектам.
— У 2019 годзе ў мінскім выдавецтве «Транстэхніка» накладам у 50 экзэмпляраў пабачыў свет біябібліяграфічны паказальнік «Валянціна Іванаўна Локун».
У артыкуле ў газеце «Літаратура і мастацтва» за 3 мая 2019 года паказальнік атрымаў высокую ацэнку. Разам з благаславеннем мы атрымалі яшчэ і прапанову выдаць кнігу ўспамінаў пра Валянціну Іванаўну. Сабралі матэрыялы і адабралі публікацыі, фотаздымкі з сямейнага архіва В. Локун, якія былі перададзены мне яе братам.
У 2020 годзе выйшла кніга ўспамінаў «Пінск... Першамайская... Локун...». Гэтыя два выданні і сталі падмуркам стварэння электроннага рэсурсу «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Локун (1946–2016)», які ўключае дакументныя рэсурсы за 1973–2021 гг. Гэта бібліяграфічная, фактаграфічная і графічная інфармацыя, якая сістэматызавана і прадстаўлена ў раздзелах: «Жыццёвы і творчы шлях В. І. Локун», «Літаратурныя і навуковыя працы В. І. Локун (1973–2016 гг.)», «Літаратура аб жыцці і творчасці (1984–2021 гг.)», «Успаміны сучаснікаў», «Фотагалерэя», «Ушанаванне памяці». Увесь сабраны матэрыял быў правераны de visu.
Калі я працавала над рэсурсам, спадзявалася, што ён будзе не толькі данінай памяці жанчыне, якая сваім выпакутаваным жыццём, настойлівай і сумленнай працай у беларускім літаратуразнаўстве заслужыла таго, каб пра яе даведалася шырокае кола карыстальнікаў, якія цікавяцца беларускай і сусветнай літаратурай і культурай роднага краю.
— Творчым здзяйсненням якога пісьменніка вобласці, на ваш погляд, варта прысвяціць бібліяграфічныя паказальнікі, электронныя рэсурсы?
— Брэсцкая вобласць заўжды славілася працавітымі, творчымі і таленавітымі людзьмі. У яе гісторыю ўпісана нямала дасягненняў у эканоміцы, адукацыі, навуцы, спорце, культуры. Сёння мы ганарымся сваімі славутымі землякамі розных часоў: Афанасій Брэсцкі (Філіповіч) — пісьменнік-публіцыст, палітычны і царкоўны дзеяч XVII стагоддзя, Уладзімір Карват — наш сучаснік, першы Герой Беларусі.
Створаны электронныя рэсурсы, прысвечаныя жыццю і творчасці знакамітых берасцейцаў: «Агонь душы Ніны Мацяш», «Шчыраверная слову. Галіна Малажай», «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння» і інш.
— Адзін з аспектаў у бібліяграфічнай працы — тэматычныя абсягі... Ці існуе, напрыклад, у абласной бібліятэцы экалагічная бібліяграфія? Наколькі запыты на гэтую тэму з’яўляюцца шырокімі?
— Калі ў бібліятэцы існуе электронны каталог, а ён у нас ёсць, то можна скласці бібліяграфічны спіс на любую тэму з любых відаў дакументаў за некалькі хвілін. Па тэме «Экалогія» ў электронным каталозе машына знайшла 239 дакументаў на беларускай мове і 5106 на рускай. Тэма экалогіі сёння вельмі шматгранная: ад экалогіі паветра да экалогіі душы. Гэтыя грані ўсе цесна звязаныя паміж сабою і з’яўляюцца часткамі адной сістэмы. Больш за ўсё, вядома ж, дакументаў аб праблемах экалогіі, якія вельмі часта з’яўляюцца вынікам безадказных адносін чалавека да сябе і навакольнай прыроды.
Кастусь ЛАДУЦЬКА