Першы раз з ім сустрэўся, калі працаваў першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка». Паехалі на Віцебшчыну разам з галоўным рэдактарам Уладзімірам Вялічкам, а арганізаваў гэтую паездку ў Зубакі начальнік упраўлення ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама, пісьменнік Міхаіл Кузьміч, сябра Генадзя Барысавіча. Пасля было яшчэ некалькі паездак. У тым ліку і са старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамарай Красновай-Гусачэнка. Апошняя адбылася, калі я ўжо працаваў у рэдакцыі часопіса «Нёман». Былі тады са мною Алесь Карлюковіч, Наталля Касцючэнка, Міхась Пазнякоў. І кожны раз радавое гняздо Генадзя Барысавіча ўсё больш прываблівала.
Менавіта так ён называў Зубакі, хоць нарадзіўся ў суседнім Заазер’і, але пазней па дакументах праходзіў зубакоўцам. Аднак у пасведчанні аб нараджэнні, якое цудам захавалася падчас Вялікай Айчыннай вайны, месцам нараджэння называецца Заазер’е. Памятаю, як запытаўся:
— А ці не захацелася ўнесці яснасць у пашпарт? Усё ж Заазер’е — часцінка малой радзімы
Генадзь Пацыенка паглядзеў здзіўлена. У яго позірку адчувалася адно яму вядомае:
— У Зубаках маё радавое гняздо.
Толькі пазней, калі пазнаёміліся як след, дайшло да мяне, што ён разумее пад гэтым паняццем. Прыгадваючы месца нараджэння многіх знакамітых людзей, звычайна гаворым аб іх дваранскіх каранях. Ведаем, як яны гэтым ганарыліся. Забываем, што нешта падобнае жыло і ў душах простых людзей, якія не толькі з гонарам людзьмі зваліся, але і не забывалі аб сваіх вытоках. Што ўжо казаць пра Генадзя Пацыенку, біяграфія якога не толькі як пісьменніка, але і як чалавека сама па сабе заслугоўвае падрабязнага аповеду. У ёй істотны і такі факт: не хацеў, каб пасля яго радавое гняздо абы-каму засталося. Прапаноўваў перапісаць яго ў спадчыну... рэдакцыі часопіса «Беларуская думка». Адмовіліся, палічыўшы што з Мінска ў Зубакі дабірацца далёка. А можа, і добра зрабілі. Няма ўжо Уладзіміра Вялічкі, няма і Міхаіла Кузьміча, а Генадзь Барысавіч так шмат пражыў.
Ён не толькі пісаў цікавыя творы, выдатным апавядальнікам быў. Шкада толькі, што не ўсё занатаваў. Ды яно засталося ў памяці тых каму пра гэта расказваў. Пачынаючы з гадоў маленства. Слухалі яго і чарговы раз упэўніваліся, што самы вялікі раманіст — гэта жыццё. Сюжэты так і прасіліся ў творы. Пачынаючы з таго, што адбывалася ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Калі гітлераўцы падпалілі Зубакі, з дарослымі пайшоў у партызанскі атрад. Вярнуўшыся пасля вызвалення Лёзна, ніводнага дома не ўбачылі. Ды яшчэ паўсюдна былі схаваны міны. Сям’я пачала капаць зямлянку ў суседніх Гарэліках. Аднак тут прыйшла вестка, што ў Мерзлякове, дзе жылі родзічы, усе дамы цэлыя, фашысты не паспелі іх знішчыць. Пасяліліся ў хату, дзе размяшчаліся афіцэры з франтавой агітбрыгады. І яны падказалі Генадзю, як стаць... пісьменнікам. Неверагодна? Гледзячы, як да ўсяго падысці.
У іх быў друкарскі станок, на якім набіралі тэкст. У яго ставілі драўляныя міны з дзвюх палавін. А ў іх знаходзіўся тэкст з «пасланнем» да немцаў. Гэты зварот і пасылалі ў іх размяшчэнне. Агітавалі здавацца. Бяда, што часу не хапала разгорнуты тэкст напісаць. Убачыўшы, наколькі дапытлівы Гена, прапанавалі яму. Ведалі, што, хоць у школе яшчэ не вучыўся, чытаць і пісаць умее. Далі паперу, аловак. Паглядзеўшы, што напісаў, здзівіліся. Хтосьці сказаў: «Відаць, пісьменнікам стане». А ён яшчэ і не ведаў, што гэтае слова азначае. Калі ж прынеслі ежу ў кацялку са словамі: «Ну, пісьменнік, давай палуднуй», зразумеў, да чаго трэба імкнуцца.
Пры кожным нашым прыездзе Генадзь Барысавіч расказваў штосьці такое, што хоць таксама бяры і кладзі ў аснову мастацкага-дакументальнага апавядання. Напрыклад, пра тое, што з маленства палюбіў рускія народныя песні, рамансы, арыі з опер у выкананні знакамітых спевакоў, у тым ліку Фёдара Шаляпіна. Здавалася б, адкуль ім узяцца ў вясковай глыбінцы? Толькі не адкуль, а ад каго.
У пачатку вайны бежанцы падарылі сям’і новы патэфон. Ды ў прыдачу 30 пласцінак. Бацькі са сваім няхітрым пажыткам гэты падарунак паклалі ў куфар і закапалі ў агародзе. Вярнуўшыся пасля вызвалення вёскі, убачылі чырвонаармейцаў, якія сядзелі і слухалі музыку. Дзіва дый годзе! Як яны маглі здагадацца пра схову? Падказаў правал у зямлі. Пачалі раскопваць, а ў ім і ўбачылі куфар.
Не менш дзіўнае з’яўленне ў радавым гняздзе калодзежа. Самі таго не жадаючы, пастараліся немцы. Таксама ў пачатку вайны, калі чырвонаармейцы адступалі. Адна з бомбаў упала непадалёку ад дома Пацыенкаў. Адразу ў гэтым месцы прабілася наверх вада. Так і з’явіўся калодзеж. Ужо жывучы ў Зубаках, Генадзь Барысавіч паставіў у ім бетонныя кольцы. Чаму і не пастарацца, калі, здаўшы ваду на аналіз, даведаўся, што яна жыццядайная: ёсць мікраэлементы, растваральныя солі, ды і шмат чаго іншага, што для здароўя патрабуецца.
Апавядаў ён нямала і іншага, якое лішні раз пацвярджае думку: што ні чалавек — гэта непаўторнасць, што ні род — столькі звязана з ім, хоць кнігу пра гісторыю яго пішы. Адно цяжка — не захавалася многіх падрабязнасцей.
А тут яны самі, як кажуць, у рукі просяцца. І, кожны раз прыязджаючы ў Зубакі, мы даведваліся цікавае. Як, напрыклад, гісторыя, звязаная з жорнамі. Яны ў іх сям’і былі даўнія. Як даведаўся Генадзь Барысавіч ад бацькі, ім было ледзь не чатыры сотні гадоў, а можа, і болей. Перадаваліся па спадчыне. Ад дзядулі Генадзя Пацыенкі, які быў святаром, перайшлі да яго бацькі. Ён жа перад смерцю паклаў іх у хлеў, прасіў берагчы. Сын і сам гэта разумеў. Памятаў, як у акупацыю малолі муку для партызан. Памятаў і іншае: з хлеба, выпечанага для іх, маці забараняла нават скарыначку адломваць. І тое памятаў, як, адыходзячы ў лес, схавалі жорны ў зямлі. Вырашыў напісаць гісторыю пра іх, а жорны аддаць у музей. Паклаў пад сасну, каб знайсці які-небудзь транспарт. Ды захварэў. Вярнуўся з бальніцы, а жорнаў няма...
Ды хопіць пра тое, што Генадзя Пацыенку атуляла з маленства, хоць, безумоўна, усе гэтыя выпадкі ў той ці іншай ступені і спрыялі фарміраванню характару, стаўленню да жыцця. Час сказаць і пра яго жыццёвыя ўніверсітэты. У Зубаках скончыў пачатковую школу, пасля — сямігодку ў Дабрамыслях. Сёння гэта аграгарадок, на могілках якога і знайшоў ён свой вечны спачын. Затым падаўся ў фабрычна-заводскае вучылішча чыгуначнікаў, што знаходзілася ў Віцебску. Навучэнцаў яго тады называлі фабзайцамі. А што хацеў стаць чыгуначнікам — зразумела: непадалёку праходзіла чыгунка. Але на гэтым навучанне не скончылася. Апынуўшыся ў Гродне, завочна атрымаў і сярэднюю адукацыю. Два гады працаваў на цаліне, служыў танкістам у войску. Звольніўшыся ў запас, уладкаваўся токарам на гродзенскі завод «Аўтазапчастка».
Так і напрошваецца пытанне: а як жа ён, жартам названы чырвонаармейцамі пісьменнікам, стаў ім? Відаць, мог бы зрабіць гэта, жывучы і ў іншым горадзе, бо ўжо штосьці пісаў, як кажуць, для сябе. Але ў іншых абласных цэнтрах не было Васіля Быкава. А Васіль Уладзіміравіч загадваў аддзелам літаратуры ў газеце «Гродненская правда». Стараўся кожнага аўтара, у каго бачыў задаткі таленту, падтрымаць. Дзякуючы яму ў «ГП» Генадзь Пацыенка і дэбютаваў. Атрымаў ад яго і лісты з добрымі пажаданнямі, пазначаныя 1960 годам, а ў канцы значылася «Твой Васіль». Пасябравалі не ў апошнюю чаргу і таму, што абодва аказаліся з Віцебшчыны.
Васіль Уладзіміравіч, адчуўшы ў Генадзя Пацыенкі немалыя творчыя задаткі, вырашыў яго падтрымаць. Хутка і магчымасць з’явілася. У Доме творчасці пісьменнікаў «Каралішчавічы» пад Мінскам ладзіўся семінар маладых пісьменнікаў. Накіраваў яго з іншымі маладымі аўтарамі Гродзеншчыны. А там для Генадзя Барысавіча — чарговая неспадзеўка. Калі абмяркоўвалі яго новыя творы, адзін выступоўца сказаў:
— Параіў бы маладому чалавеку не на заводзе працаваць, а пайсці вучыцца.
Пачуўшы гэтыя словы, Іван Шамякін пагадзіўся:
— А чаму б і не. Напішу рэкамендацыйнае пісьмо ў Літаратурны інстытут у Маскве, а табе, — звярнуўся да яго, — раю хутчэй даслаць свае творы.
Так Генадзь Барысавіч стаў студэнтам Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага. Дарэчы, паспяхова пераадолеўшы конкурс 85 чалавек на месца. Добра праявіў сябе і ў час вучобы. Пасля завяршэння яе скончыў і аспірантуру. Выкладаў у інстытуце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Молодая гвардия», а з 1972 да 1980 года ўзначальваў знакамітую «Роман-газету». За гэты час тыраж яе вырас ад мільёна да двух з палавінай. Некаторы час быў дарадцам Міністэрства па справах нацыянальнасцей Расійскай Федэрацыі. Па яго ініцыятыве з’явіўся спецыяльны выпуск часопіса «Жизнь национальностей» (1997, № 1), прысвечаны стварэнню Саюза Расіі і Беларусі.
Праца журналістам паспрыяла знаёмству з многімі пісьменнікамі, шмат якія з іх сталі і яго сябрамі. Ужо гэтыя прозвішчы шмат гавораць: Юрый Бондараў, Валянцін Распуцін, Канстанцін Сіманаў, Уладзімір Чывіліхін... А Іван Стаднюк, наведаўшы яго радавое гняздо, нават ёлку пасадзіў. Можа, хто запамятаў, хто гэта такі? Аўтар рамана «Война», а раней па яго сцэнарыі быў зняты фільм «Максім Перапяліца», які меў вялікі поспех.
Генадзь Пацыенка і сам плённа працаваў. Выдаў 17 кніг прозы: «Кольцевая дорога», «Дом без соседей» «Зал ожидания», «Пистолет в чемодане», двухтомнік «Избранное». Друкаваўся ў многіх перыядычных выданнях. Асобнай кнігай выйшла аповесць «Пока пуля летит», якая ў перакладзе аўтара гэтых радкоў друкавалася ў часопісе «Маладосць». Яна была адзначана сярэбраным медалём Міжнароднага саюза славянскіх журналістаў.
...Толькі прыжмурыш вочы, як у памяці ажываюць да драбніц знаёмыя краявіды радавога гнязда Генадзя Барысавіча. Каля ўвахода самотна стаіць лаўка, зробленая ім. У двары — 150-гадовы, а можа, і 200-гадовы дуб маркотна скрыпіць галлём, чакаючы свайго гаспадара. Непадалёку ад дуба — калодзеж, які здзіўляецца, чаму ніхто не прыходзіць па ваду. Ды і ёлка, пасаджаная Іванам Стаднюком, не разумее, чаму ніхто не падыходзіць да яе. А лодка, перакуленая дагары дном, непакоіцца, што яе ніхто не рыхтуе да вясны.
Чакае яго, як заўсёды, і возера Шэлахава. Магчыма, нават больш, чым іншыя. Даўно ўпэўнілася, які гэта заўзяты рыбак, то чаму не парадаваць яго ўловам? Ды і віну перад ім адчувае. Столькі часу прайшло, але змірыцца з тым, што адбылося, не можа. Патануў у ім брат Генадзя Барысавіча. Непакояцца, чаму няма гаспадара, і пяцёра катоў, якія жылі ў яго. Знайшліся б добрыя людзі, каб прытулілі іх.
Алесь МАРЦІНОВІЧ