Top.Mail.Ru

Уладзімір Гаўрыловіч: «Гомель літаратурны — горад славянскіх сэрцаў»

27.08.2026 | 17:30

Як толькі адзвініць першы школьны званок, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, Гомельшчына стане месцам прыцягнення шырокага кола пісьменнікаў і майстроў мастацтваў Саюзнай дзяржавы. Пра тое, якія падзеі адбудуцца там, распавёў ініцыятар і арганізатар шэрага творчых праектаў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры краіны, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

— Уладзімір Мікалаевіч, нас чакае сапраўды вялікае літаратурнае свята Слова... 

— Нават некалькі святаў, што традыцыйна па восені право-

дзяцца на маёй малой радзіме, дзякуючы якім (я не магу гэта не падкрэсліць з гонарам) горад над Сожам — другі па велічыні ў нашай краіне — і гомельскі рэгіён далёка за нашымі межамі лічаць адным з самых літаратурных. Так, мы ганарымся, што тут шчыраваў дзеля агульнаславянскага адзінства паэт і святар Кірыла Тураўскі; ганарымся чатырма землякамі — народнымі пісьменнікамі Беларусі І. Мележам, І. Шамякіным, І. Навуменкам, А. Макаёнкам і сузор’ем вялікіх талентаў прыгожага пісьменства, якія ўславілі не толькі Палессе, але і ўсю беларускую зямлю, пакінулі пасля сябе багатую творчую спадчыну. Пра Гомель часта цяпер кажуць, што гэта горад славянскіх сэрцаў. 

На працягу ажно чатырох восеньскіх дзён мы зноў парадуем прыхільнікаў мастацкай творчасці вялікім суквеццем пісьменніцкіх талентаў Беларусі і Расіі, нашай Саюзнай дзяржавы і Асацыяцыі пісьменнікаў БРІКС: ладзім адразу некалькі ўзаемадапаўняльных творчых форумаў — гэта ХХI Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», VIII Рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» і IХ Форум маладых літаратараў «Слова». 

— Аднойчы вы сказалі: «Жывём ад «Дажынак» да «Дажынак»...

— Так склалася, што ў нас, на Гомельшчыне, сярод пісьменнікаў, бібліятэкараў і тых, хто падтрымлівае мяне і калег у арганізацыі вялікай літаратурнай падзеі (органы ўлады, адукацыі, культуры, грамадскія арганізацыі, звычайныя людзі, якія любяць кнігу), даўно, калі размова заходзіць пра літаратуру і падвядзенне ўвосень творчых здабыткаў, узнік гэты выраз «ад «Дажынак» да «Дажынак». 

Многіх дагэтуль, асабліва гасцей з-за мяжы (а іх у нас працавала звыш 750 славянскіх паэтаў і празаікаў за два дзесяцігоддзі!), здзіўляе такая гаваркая, але дужа трапная, сімвалічная назва міжнароднага фестывалю (я б сказаў іначай — фестывалю фестываляў!). Яна аб’ядноўвае таленты, скіроўвае на мірнае жыццё. Больш таго, у мінулым годзе ўпершыню маладая паэтэса з Кубані Вольга Наважылава заваявала адно з прызавых месцаў міжнароднага конкурсу мастацкага перакладу «Беларусь — Расія. Сожскія берагі дружбы» імя Л. Ю. Севера, вярнуўшыся ў Краснадар, па клічу душы стварыла паэтычны гімн нашага беларускага форуму і прыслала ў фармаце відэа мне як заснавальніку і арганізатару і ўсім братам-беларусам. Падарунак атрымаўся сапраўды душэўны! Таму ад «Дажынак» да «Дажынак» столькі часу жывём не толькі мы.

— Чым парадуеце землякоў і гасцей Гомельшчыны сёлета?

— Найперш, творчымі адкрыццямі. Мы традыцыйна стараемся парадаваць чытача новымі мастацкімі творамі, кнігамі, калектыўнымі зборнікамі, толькі што выдадзенымі альманахамі «Літаратурная Гомельшчына». Гэта, напрыклад, альманах «Літара. Литера, Літера» (на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах), які аб’яднаў пад адной вокладкай дзясяткі славянскіх творцаў. Свае новыя зборнікі прадставяць на міжнародным семінары з удзелам творчай моладзі Беларусі і Расіі ў першы дзень фестывалю 25 калег з Масквы, Краснадара, Растова-на-Доне, Бранска, Смаленска, Тулы і іншых гарадоў Расіі. І, зразумела, пройдуць цікавыя творчыя сустрэчы, міратворчыя акцыі і тэматычныя выставы. 2 верасня стане вельмі насычаным днём. Раніцай у СШ № 21 Гомеля будзе закладзена памятная алея з 21 пладовага дрэва ў гонар «Славянскіх літаратурных дажынак». Таксама адбудзецца шэраг афіцыйных цырымоній. Найперш, кіраўніцтвам вобласці будуць агучаны імёны і ўшанаваны шэсць пераможцаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Больш 300 фіналістаў сямі міжнародных, адкрытых і рэгіянальных конкурсаў для дзяцей і моладзі, якія мы правялі сёлета, атрымаюць памятныя дыпломы і падарункі. На фестывальнай сцэне ў час урачыстага адкрыцця форумаў будуць узнагароджаны лаўрэаты галоўнага юбілейнага V Міжнароднага конкурсу мастацкага перакладу «Беларусь — Расія. Сожскія берагі дружбы» імя Л. Ю. Севера і міжнароднага праваслаўнага конкурсу «Божая сцежка». А вечарам каля сцен кафедральнага сабора Пятра і Паўла па блаславенні архіепіскапа Гомельскай і Жлобінскай епархіі Стэфана пройдзе ў фармаце паэтычных чытанняў IV з’езд праваслаўных пісьменнікаў СНД. 

3 верасня славянскія пісьменнікі будуць увесь дзень працаваць на малой радзіме Івана Мележа: правядуць творчыя сустрэчы ў Хойніках, Глінішчах і Мазыры. Будзе завершаны маштабны творы марафон, аб’яўлены парламентам краіны, прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння І. П. Мележа і І. П. Шамякіна, 90-годдзю Б. І. Сачанкі. Вялікае літаратурнае свята адначасова пройдзе і ў Жыткавічах. А 4 верасня літаратурнае свята зноў вернецца ў Гомель...

— Уражвае! Гэта пераконвае, што прыдуманыя Вамі фестывалі запатрабаваныя... 

— Вышэйпералічанае — далёка не ўсё, што запланавана праграмай форумаў. Будзе шмат сюрпрызаў і для беларускіх пісьменнікаў, і для гасцей. 

Іх пакуль не магу агучыць. Адзначу, што за чатыры дні на Гомельшчыне пройдзе больш за 90 яркіх творчых падзей. Прычым, літаратары, хоць гэта і пісьменніцкае свята, практычна не будуць мець часу на адпачынак: усе сустрэчы ў розных аўдыторыях распісаны па хвілінах. 

Дарэчы, у мінулым годзе мы свядома кардынальна змянілі ракурс нашай асветніцкай дзейнасці па папулярызацыі кнігі і чытання: мэтанакіравана працуем з падрастаючым пакаленнем, не адрываючы ад навучальнага працэсу, будзем актыўна сеяць разумнае, добрае, вечнае ў школьных класах, аўдыторыях каледжаў, гімназій і ВНУ. Разам з тым, сустрэчы з дарослай аўдыторыяй вынеслі за межы форумаў: на працягу верасня сіламі абласной пісьменніцкай арганізацыі праводзіцца Месячнік сучаснай патрыятычнай літаратуры, прысвечаны Году беларускай жанчыны, 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дню народнага адзінства і Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне. Творчыя сустрэчы з лаўрэатамі Нацыянальнай і абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага пройдуць не толькі ў бібліятэках, але і ў розных установах, на прадпрыемствах вобласці.

А пасля завяршэння форумаў 5 верасня пісьменнікі горада славянскіх сэрцаў абавязкова выступяць з цікавай творчай праграмай у Дзень беларускага пісьменства. Для касцюкавічан ужо падрыхтавана бібліятэчка кніг з аўтографамі літаратараў-гамяльчан і пісьменнікаў з розных рэгіёнаў Расіі.

Валянціна КАНСТАНЦІНАВА

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю