Top.Mail.Ru

Убачыць дасягненні нашай краіны можна на выстаўцы «Мая Беларусь»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
24.01.2025 | 05:11

Міжнародны выставачны цэнтр запрашае на выстаўку «Мая Беларусь», дзе можна пазнаёміцца з мноствам цікавых праектаў, звязаных з дасягненнямі нашай краіны.


Выстаўка займае плошчу больш чым 30 тыс. кв. м. Гэта сапраўднае падарожжа па нашай краіне ў адной прасторы. У межах праекта прадстаўлены розныя лакацыі: «Культурная спадчына», «Мы будучыня», «Разумны горад», «Прыгожая краіна», «Навука і інтэлект», «Клопат і здароўе», «Спартыўная краіна», «На варце», «Атамная энергія», «Сельская гаспадарка».

Кожная лакацыя знаёміць з апошнімі дасягненнямі ў пэўнай сферы. Тут можна ўбачыць і шлях развіцця лясной гаспадаркі, і прагрэс беларускай навукі, і вынікі работы экалогаў, медыкаў, энергетыкаў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Падчас работы выстаўкі ёсць магчымасць наведаць разнастайныя майстар-класы, прайсці апытанкі, паспрабаваць сябе ў ролі праграміста, мастака, навукоўцы, медыка, міліцыянера і інш. Праект «Мая Беларусь» падыходзіць для наведвання ўсёй сям’ёй ці вялікай кампаніяй, бо кожны знойдзе для сябе нешта новае і цікавае.

Прадстаўлены дасягненні не толькі ў розных сферах дзейнасці, але і ў розных рэгіёнах краіны. На вялікай карце кожны знойдзе свой родны куток, ацэніць яго культуру і прыгажосць прыроды. Асабліва карысным праект з’яўляецца для школьнікаў. Акрамя апошніх дасягненняў, тут можна пазнаёміцца са структурай розных дзяржаўных органаў, даведацца пра асаблівасці іх работы і нават унесці свае прапановы па далейшым развіцці Беларусі.

Лакацыя «Культурная спадчына» знаёміць з багатай, насычанай падзеямі гісторыяй нашай краіны. Тут можна прасачыць звычаі і традыцыі беларускага народа, якія захаваліся да нашых дзён. Беларусь на першы погляд здаецца невялікай краінай, але кожны рэгіён можа прадставіць непаўторныя прадметы і тэхнікі мастацтва, цікавыя традыцыі і дасягненні. У межах выстаўкі праходзяць дыялогавыя пляцоўкі па розных кірунках (пачынаючы са спорту і заканчваючы экалогіяй і турызмам), канцэртныя праграмы, якія знаёмяць наведвальнікаў з рэгіянальнымі музычнымі калектывамі з усёй Беларусі.

Зона кірмашу і фуд-корт прапануюць пакаштаваць і набыць стравы беларускай харчовай прамысловасці.

У інтэрактыўнай форме, з дамапогай сучаснай мовы камунікацыі, можна ўбачыць будучыню краіны праз яе сучаснасць. Майстар-класы, гульні і экскурсіі дапамагаюць адчуць сябе часткай гэтай вялікай краіны і яе поспехаў. Выстаўка «Мая Беларусь» — гэта магчымасць адкрыць родную старонку для сябе па-новаму — тую моцную, незалежную, шматгранную і прыгожую Беларусь, якая, дзякуючы плённай працы, любові і патрыятызму яе народа, працягвае развівацца насуперак сусветнай няўстойлівасці.

Праект працуе штодзень да 27 студзеня. Падчас работы выстаўкі ад станцый метро «Акадэмія навук» і «Пушкінская» арганізавана работа двух дадатковых аўтобусных маршрутаў.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю