Top.Mail.Ru

У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга Іны Фраловай «Добра з татачкам расці»

18.03.2026 | 09:39
Без штучнай «правільнасці» і настаўніцкага тону

Гэта спакойныя, назіральныя і вельмі чалавечныя гісторыі пра тое, як у штодзённасці нараджаецца давер паміж дарослымі і дзецьмі. Аўтар паказвае жыццё такім, якім яго бачыць дзіця: праз гульні, дробныя адкрыцці, непаразуменні і радасці, што здаюцца вялікімі, калі табе пяць ці сем гадоў.

Аснову кнігі складаюць вершы — кароткія, дынамічныя, з выразнай інтанацыяй. У іх тата не паўстае ідэалізаваным героем з падручніка. Ён умее зрабіць руль для самаката, адрамантаваць прас, прыдумаць гульню, падтрымаць у цяжкі момант. Так, у вершы «Мой тата» хлопчык бачыць у бацьку не толькі «чэмпіёна ва ўсім», але і партнёра па прыгодах, з якім можна «дрэйфаваць на ільдзіне» і разам рабіць пакупкі, хаваючы шакаладку ад мамы. Непрыдуманая блізкасць і ёсць галоўны нерв кнігі.

Іна Фралова дакладна адчувае дзіцячую логіку. У вершы «Хто я» хлопчык спрабуе разабрацца, чаму яго па-рознаму называюць усе ў сям’і, і толькі з татам ён адчувае сябе «мужчынам». У «Пытанні» дзіця шчыра не разумее, чаму атрымала вымову, калі «я ж такі харошы». Такія кранальныя моманты паказваюць, як дзіця спрабуе зразумець свет, і наколькі важна, каб побач знаходзіўся дарослы, гатовы тлумачыць, а не караць.

Асобны пласт кнігі — творы пра дзядулю. Тут аўтар пераносіць увагу з гарадскога побыту на прыроду: грыбы, лес, верасень, сліву, якая «вырасла вышэй за дзеда». У гэтых тэкстах дзед натуральна перадае жыццёвы досвед і вучыць сваім прыкладам: як назіраць, слухаць, не спяшацца. Апавяданні ў другой частцы зборніка даюць больш шырокую карціну сямейных адносін. 

У «Дарослай» дзяўчынка Настачка ўпершыню адчувае сябе патрэбнай, калі дапамагае бацьку, пакуль мама хворая. 

Стыль Іны Фраловай — без празмерных упрыгожванняў. Яна не спрабуе «пісаць для дзяцей» у сэнсе спрашчэння мовы, а складае так, як дзеці размаўляюць і думаюць. Таму тэксты лёгка чытаюцца, добра гучаць і не стамляюць. У вершах шмат руху, гукавых паўтораў, гульні са словам — гэта робіць іх жывымі. У апавяданнях прыведзены выразныя сітуацыі, якія можна ўявіць без намаганняў. Галоўная каштоўнасць кнігі — у тым, што тут няма штучнай «правільнасці» і настаўніцкага тону.

Аўтар паказвае, што сямейная цеплыня складаецца з дробязей: з таго, як тата жартуе, як дзед вучыць глядзець пад ногі ў лесе, як мама маўчыць, калі стамілася, як дзіця спрабуе быць дарослым, але ўсё роўна застаецца дзіцём. Кніга падкрэслівае, што выхаванне — гэта пра прысутнасць. 

Алена БАСІКІРСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю