Цікаўныя і дапытлівыя героі кнігі пазнаюць навакольны свет, вучацца жыць у гармоніі з сабой і прыродай. Часам яны трапляюць у няпростую сітуацыю выбару і вымушаны самастойна прымаць рашэнне, а значыць, браць на сябе адказнасць, а часам і самі трапляюць у гісторыі. Але, як заўсёды бывае ў казках, кожная такая гісторыя мае добры фінал.
Так, галоўны герой аднаго з аповедаў Куранятка вырашыла, што ў вялікай шматдзетнай сям’і ніхто і не заўважыць яго адсутнасці, і выправілася на пошукі новай матулі. Але хутка неразумная малеча зразумела галоўнае — бацькі заўсёды хвалююцца за сваіх дзяцей і клапоцяцца пра кожнага, колькі б іх ні было ў сям’і. Іх шчырай бацькоўскай любові хапае на ўсіх.
У кнізе аўтар звяртае ўвагу маленькага чытача і на нормы паводзін, культуру, уменне ўбачыць станоўчае ў сабе і іншых, а таксама на прыняцце сябе.
Герой казачнай гісторыі маленькі Цмок сапраўды быў вельмі сімпатычны. Да ўсяго ўмеў высока лятаць, спрытна ныраць і плаваць. Пра што не стамляўся расказваць сваім сябрам.
А да чаго прывялі такія паводзіны і якія высновы зрабіў Цмок, маленькі чытач даведаецца, калі возьме кніжку ў рукі і выправіцца ў казачнае падарожжа.
Вандроўка ў казачны свет, дзякуючы ў тым ліку і таленту мастачкі Марыны Анішчык, абяцае быць цікавай. Малюнкі літаральна дыхаюць дабрынёй і шчырасцю. Адрасавана кніжнае выданне чытачу-дашкольніку, і таму мастачка выбірала для ілюстрацый самыя яркія сюжэты. Дарэчы, для студэнткі Акадэміі мастацтваў Марыны Анішчык кніга — таксама дэбют.
Чытацкая адыторыя выбрана аўтарам невыпадкова. Алена Уладзіміраўна мае вялікі педагагічны вопыт, а таксама рыхтуе ў ВНУ маладых педагогаў. У казках-апавяданнях аўтар вырашае дыдактычныя задачы, сацыялізацыю маленькага чалавека. Але на першы план выходзіць маральна-этычнае выхаванне асобы.
Праз сваіх герояў Алена Лемеш звяртае ўвагу на экалагічную тэматыку. Пісьменніца прапануе маленькаму чытачу паразважаць над асабліва важным пытаннем: «Як жыць сучаснаму чалавеку ў гармоніі з прыродным светам?» Цярпліва, на пэўных і зразумелых дзіцяці прыкладах Алена Уладзіміраўна даносіць думку аб каштоўнасці бацькоўскага клопату.
А таксама вучыць цаніць сваю сям’ю. Праз пасыл — кожны на сваім месцы — выхоўвае патрыятызм.
Адметным з’яўляецца памкненне пісьменніцы-педагога не даць укараніцца ў душы дзіцяці бяздумнаму спажывецтву.
У казачнай гісторыі «Катина чашка» аўтар не толькі вырывае шкоднае пустазелле, але і дапамагае знайсці нетрывіяльнае выйсце. Дзяўчынка Каця не выкідвае свой любімы кубак з адбітай ручкай, а ператварае яго ў гаршчок для кветак.
У гісторыі «Лошадка по имени Маруся» выразна абазначана аўтарская думка — усе людзі розныя. Побач з намі жывуць і тыя, хто мае патрэбу ў асаблівым падыходзе. Як, напрыклад, хлопчык Ваня.
У той жа час пісьменніца падштурхоўвае чытача да думкі, што ўсім патрэбны новыя знаёмствы. А добрыя адносіны, чуйнае слова ў адносінах да людзей з асаблівасцямі ствараюць сапраўдныя цуды — дапамагаюць пераадолець цяжкасці і паверыць у сябе.
Ганна СТАРАДУБ