Кожная Папялушка марыць стаць Прынцэсай (ну, ці хаця б фрэйлінай), толькі прынцаў на ўсіх не хапае. На дваццаць дам, якія прыходзяць на рэпетыцыю ў Вялікі без партнёра, толькі два свабодныя кавалеры. Ці не таму, каб пазбегнуць расчаравання і страху застацца адной, многія шукаюць партнёра загадзя. І прыходзяць на баль ужо са сваім прынцам. Але ці не страчваецца пры гэтым чароўнасць моманту чакання сустрэчы з тым адзіным і ці не разбіваецца мара Папялушкі? Сярод 390 гасцей на балі, які ладзіла царская сям’я ў 1903 годзе, прысутнічалі прызначаныя імператрыцай 65 афіцэраў, якіх прысылалі з гвардзейскіх палкоў пецягбургскага гарнізона. Танцамі ім наказвалася не манкіраваць і запрашаць тых дам, якія прастойваюць, а не тых, каго хочацца.
Ды сёння на баль прыходзяць не толькі шукаць пару, насуперак стэрэатыпу, а, як паказвае практыка, проста павесяліцца і адпачыць, але, што важна, у высокім свецкім коле, прасякнуўшыся узнёслым духам танцавальнага мастацтва, натхняльнай атмасферай і апартаментамі Вялікага, небанальна адсвяткаваць стары Новы год, адзеўшы багатыя строі, выклікаць фурор сваім вобразам, каб апынуцца ў аб’ектыве фотакамер, адчуць сябе, як кажуць, найлепшай версіяй, эталонам асобы, далучыцца да арыстакратычнасці, вышэйшага асяроддзя, інтэлігенцыі, эліты ў рэшце рэшт. Менавіта эліта заўсёды задавала тэндэнцыі для развіцця грамадства, садзейнічала павышэнню культуры народных мас. Хаця сапраўдная элітарнасць не ў знешніх прыкметах, не ў пышнасці строяў і няспешнасці, грацыёзнасці паходкі, а ў адукаванасці, высакароднасці, маральнасці, вернасці духоўнаму пачатку. Масавая культура, якая пераважна сцірае рысы індывідуальнасці, паўсюль, яна даступная. А такія мерапрыемствы, як баль, — рэч нешараговая, ды і цана ўваходнага білета адпаведная. Раней эліта (магнатэрыя, шляхта, дваранства, інтэлігенцыя) збіралася ў галоўных ачагах свецкага музычнага мастацтва — магнацкіх і велікакняжацкіх дварах. Прывілеяваны клас, арыстакраты гуртаваліся на нашых землях пры памесцях Агінскіх у Слоніме, Сапегаў — у Ружанах і Дзярэчыне, Тышкевічаў — у Свіслачы, пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага, іншых магнатаў і вялікіх князёў.
Велікасвецкім прыёмам з балямі папярэднічалі банкеты і гульні са скамарохамі, сярод якіх былі гусляры, дудары, бубначы... У Вялікім паўсталі трубачы, менавіта яны адкрылі каралеўскі баль, дэманструючы неверагодныя акрабатычныя трукі і скокі. Па сутнасці, танцы, карагоды бяруць свае вытокі з нашага самабытнага фальклору, які, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, стаў падмуркам культурнай спадчыны. Жыццяздольнасць дзяржавы мацуюць яе шматвекавыя традыцыі — гэта падкрэсліваў нядаўна і Прэзідэнт краіны падчас уручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне»: «А ісціна простая: у аснове любой чалавечай дзейнасці ляжыць духоўнасць і маральнасць, справядлівасць — жыватворны эліксір для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый. Яны — аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну продкаў і клапоціцца пра будучыню».
Такім чынам, інтэлектуальны патэнцыял нацыі грунтуецца на веданні ў тым ліку сваіх вытокаў і гісторыі, што мы бачым на прыкладзе балю ў Вялікім, дзе ажываюць у танцы мінулыя стагоддзі. Нацыянальная культура, прайшоўшы этапы развіцця, уздыму і росквіту, сёння з’яўляецца часткай сусветнай культурнай спадчыны.
Самым першым у гісторыі лічыцца баль з нагоды шлюбу Карла VI з Ізабэлай Баварскай у 1385 годзе ў французскім горадзе Амьене. Першы баль у Расіі — з нагоды шлюбу Лжэдзмітрыя І і Марыны Мнішак у 1606 годзе. Потым — перапынак. Аднавіў балі, якія спачатку называліся асамблеямі, Пётр І. Балі сталі частай з’явай у Расіі ў XVIII–XIX стагоддзях. У Пятроўскую эпоху умець танцаваць павінен быў кожны, таму танцам вучылі нароўні з іншымі прадметамі ва ўсіх дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх вучэбных установах, ваенных школах. Бальны сезон цягнуўся з Ражджаства да апошняга дня Масленіцы, да пачатку Вялікага посту: зімой сталічныя дваране вярталіся са сваіх сядзіб, а дваране памесныя, скончыўшы палявыя работы, везлі сваіх дарослых дачок на «кірмаш нявест». Нездарма баль у Вялікім ладзіцца ў калядны час, калі ў разгары Святкі, а значыць, час цудаў і весялосці, бо па планеце ідзе радасць ад Нараджэння Хрыстовага. А з ёй — радасць ад надзеі сустрэць сваё каханне на балі. Тым больш гэтаму спрыяе каралеўскі ўказ: «Я, кароль Філіп, уладыка ўсіх казачных зямель адсюль і да самага гарызонту, загадваю: усім прысутным дамам дэманстраваць вакальныя і танцавальныя таленты. Тая, чыё майстэрства акажацца непераўзыдзеным, стане нявестай прынца Рудольфа». Такое рашэнне агучыў са сцэны Кароль (Дзмітрый Капілаў), бо галоўнае яго жаданне — бачыць свайго сына шчасліва жанатым на адной з прынцэс для ўмацавання пазіцый каралеўства. «Лепш я з’ем гадзюку, чым ажанюся з адной з гэтых крыўляк», — кажа прынц Рудольф (Аляксандр Гелах). «Жэняцца дзеля ўлады, а не дзеля кахання —гэта традыцыя», — настойвае кароль.
«А я яе парушу», — не згаджаецца прынц.
Хто ж дастойны звання каралеўскай нявесты? «Нябачнай ніткай звязаны тыя, чый саюз асвечаны нябёсамі», — верыць каралева Лаура (Клаўдзія Пацёмкіна). Тых, хто прызначаны адно аднаму лёсам, звядзе танец, бо ў ім не патрэбны словы, затое ўсё скажуць рухі, погляд, крок, дотык. У парным танцы, які вёў рэй у Вялікім, можна было заўважыць своеасаблівы закон: кавалер наступае — дама адступае, ён крок наперад, значыць, яна назад. Толькі тады атрымаецца гармонія. Пэўна, танцы на балі — гэта і рэпетыцыя адносін мужчыны і жанчыны, магчымасць перажыць гэтыя спаконвечныя ролі, дзе ён вядзе, а яна ідзе за ім. І ад таго, наколькі ён упэўнена і зграбна вядзе, залежыць тое, наколькі яна свабадней і лягчэй пойдзе за ім, раскрыўшыся, расслабіўшыся, адчуўшы надзейнасць, дазволіўшы сабе раскошу быць сабой. Які сэнс прытварацца? Танец не церпіць крывадушша, а халтура адаб’ецца на партнёры.
Патухлыя вочы і згорбленая пастава Яе пагасяць упэўненасць і запал Яго. А калі яна ўзнёслая, усмешлівая і грацыёзная лэдзі, ён мужны, ініцыятыўны, смелы джэнтльмен, як Станіслаў Краўчанка. І пара зліваецца ў сінхронным кроку. Яго вялікасць крок, а дакладней па, — гэта заканадаўца балю, які дыктуе правілы. Бо ў кожным танцы ён розны: у мазурцы — хуткі, акцэнтны, падпарадкаваны памеру 3/4 або 3/8, у паланэзе — разважны, арыстакратычны, з характэрным пліе, у польцы — рытмічны, бадзёры, у вальсе — трохдольны, плаўны...
«Мы павінны лічыць страчаным кожны дзень, у які мы не танцавалі хаця б раз», — сказаў Ніцшэ. Вось чаму тыя, хто зазнаў магнетызм танца на балі, спяшаюцца сюды зноў. Да таго ж, заразіўшыся чароўнай атмасферай, узнёсласцю, як, напрыклад, Аляксандр Караткоў, пачынаюць наведваць іншыя балі: у Лошыцкай сядзібе, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у палацы Пуслоўскіх, у Мірскім замку... Балазе, гэтаму садзейнічае рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы», падчас якой калядныя балі праходзяць па ўсёй краіне. Хтосьці проста запісваецца на танцы. Значыць, штосьці баль дапамагае адкрыць у сабе, тое сапраўднае, якое просіцца развівацца. «Асалода ад танца — немінучы крок да ўмення любіць», — гаварыла англійская пісьменніца Джэйн Осцін. Пэўна, адчулі гэта заўсёднікі балю сям’я Асі і Эрнста Пятровічаў, бо з танцам ужо гадоў 20. Пачалося з таго, што аддалі на танцы паправіць паставу сына, а ўцягнуліся самі. «Кавалер у танцы — як мастак, а дама — упрыгажэнне», — вучыць Эрнст Пятровіч. Танец любіць усіх, і нават навічкоў, бо перастаеш ім быць пасля першага ж па. Невыказнае пачуццё перапаўняе ў фінале, увенчаным паспяховым выкананнем. Асабліва французскай (паўночнай) кадрылі, калі ўдзельнікі нават падымаюць руку ўгору — так патрабуецца па малюнку. Яднанне, адзіны дух усіх танцораў ствараюць эфект паспяховай агульнай працы. Тут пары ўзаемадзейнічаюць, перабудоўваюцца, і ўсё адбываецца ў вясёлым, гарэзлівым тэмпе.
Дыстанцыя скарачаецца, а гэта значыць, камунікацыя становіцца амаль інтымнай. Ці не таму ва ўсе часы танец складае пары... Адвечнае прыцягненне Яе і Яго. Дзе танец як сват, як вястун, прадчувальнік пачуцця, якое звяжа закаханых. Але да гэтага яны прыйдуць праз паланэз, кантрданс, менуэт, польку і, вядома, непараўнальны вальс. Колькі этапаў і магчымасцей, каб, адчуўшы тэмперамент кожнага танца, праявіць сябе, а значыць, адкрыцца партнёру... Нездарма кажуць, што танец — таемная мова душы.
Калі глядзець з балкона на менуэт — гэта жывое палатно дзеі: пары даюць рукі, паварочваюцца, адны сыходзяцца, іншыя разыходзяцца, мяняюцца цэнтральныя партнёр з партнёршай, робяць фігуру дозадо... У кантрдансе таксама ўдземадзейнічаюць у парах, але тут разынка ў фігуры шасэ, калі мяняюцца партнёрамі, даючы адно аднаму рукі.
А польку танцавалі ў кружках. Тут валадарылі скокі: у цэнтр круга, з цэнтра, праменадам, што патрабавала і майстэрства, і фізічнай вынослівасці.
Увесь гэты час за балем назіраў кароль Філіп, падбіраючы кандыдатуру нявесты для Прынца згодна са сваім указам, бо Папялушка, як і ў казцы, збегла і яе ніхто не мог знайсці. Калі ж яна з’яўляецца другі раз, але ўжо ў масцы, і скарае сваёй прыгажосцю і чароўнымі спевамі, Прынц прызнаецца: «Я закахаўся. Здарыўся цуд. Я сустрэў каханне ўсяго свайго жыцця. Будзьце маёй жонкай». Яднанню двух сэрцаў не змаглі перашкодзіць залішне самаўпэўненыя і дакучлівыя Мачаха Папялушкі баранеса Бела Донна (Алена Сало) і яе дочкі (Кацярына Зіноўева-Правалінская і Алена Таболіч), якія, аднак, выразна прадэманстравалі нежыццяздольнасць падлашчвання і падхалімства, бліскуча сыграўшы свае партыі ў эксцэнтрычных вакальных і харэаграфічных нумарах, чым падарылі наймацнейшыя ўражанні публіцы.
Не абышлося без майстар-класаў: каштоўныя ўрокі давалі па танга, гісторыка-бытавых танцах. Але гваздом праграмы стала начное караоке «Праменад залатога туфліка», якое іскрамётна вялі салісты оперы тэатра Вольга Маліноўская і Юрый Балацько, а таксама канцэртмайстар Ларыса Церахава.
Удзельнікі караоке пад музыку перадавалі адно аднаму чароўны туфлік. Музыка спынялася, і, у чыіх руках туфлік апынаўся, той атрымліваў права праспяваць упадабаную песню з прапанаванага спіска. Гучалі «Песенька пра мядзведзяў», «Стары клён», «Ой, мароз, мароз» ды інш., і кожны атрымаў неверагодны зарад ад старанавагодняга песеннага інтэрактыву, які Вольга Маліноўская і Юрый Балацько ператварылі ў свята.
А ці спявалі раней Яўгеній Анегін для Таццяны Ларынай і Андрэй Балконскі для Наташы Растовай? Вядома. Ад кахання спявае душа, асабліва на балі, дзе адбываецца адраджэнне: сябе, культуры, дзе адкрыццё новага, што вядзе да ўдасканалення.
Фота Лізаветы ГОЛАД