Top.Mail.Ru

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі прайшла прэзентацыя двух новых зборнікаў з серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі»

Аўтар: Алена Дзядзюля
04.03.2026 | 11:14
Пра што шэпчуцца явар з бярозаю

З ініцыятывай зрабіць больш даступнымі напрацоўкі вучоных, у тым ліку пазнаёміць чытачоў з фальклорнымі запісамі, якія яшчэ ніколі не друкаваліся, выступіў акадэмік Уладзімір Гусакоў. Кожны з тамоў серыі знаёміць з асобным жанрам. Так, першымі пабачылі свет легенды і былічкі, прыказкі і прымаўкі, замовы. Сёлета ў рамках Тыдня роднай мовы адбылася прэзентацыя двух новых тамоў. Невыпадкова на сустрэчу навукоўцы запрасілі фальклорныя гурты, якія выконвалі аўтэнтычныя песні. Адна з новых кніг прысвечана баладам, а другая — беларускім народным каляндарным песням. 

Для назвы чацвёртага тома серыі «Абярнуся я шэрай зязюляй» узяты словы з адной з самых вядомых беларускіх балад. У ёй расказваецца, як дзяўчына, выдадзеная замуж на чужыну, не вытрымала і птушкай вырашыла злятаць дадому. Наогул, сюжэты з ператварэннем даволі пашыраныя ў баладах. Можна згадаць, напрыклад, пра каханых, ператвораных у явар з бярозаю ці чырвоную каліну і горкую рабіну. Кніга дае магчымасць убачыць, наколькі багаты гэты жанр. Даследчыкі вылучылі міфарытуальныя балады, казачныя, навелістычныя, карагодна-гульнявыя і нават з загадкамі. Хаця самі носьбіты назву «балады» не выкарыстоўваюць, а доўгія песні пераважна называюць «бяседнымі», «жаласнымі», «паставымі». Справа ў тым, што некаторыя з такіх фальклорных твораў «прывязаны» да пэўнага каляндарнага свята, прычым у розных мясцовасцях часам яшчэ і не да аднаго.

Сучаснік, які чуе слова «балада», хутчэй падумае пра мінорны, павольны, тужлівы твор. Сёння цяжка паверыць, што спачатку гэтае слова выкарыстоўвалася для вясёлай танцавальнай песні (сам тэрмін прыйшоў з Заходняй Еўропы ў эпоху рамантызму).

Даследчыкі адзначаюць, што менавіта балада стала першым фальклорным жанрам, у цэнтры ўвагі якога аказаўся чалавек, які часам вымушаны рабіць няпросты выбар паміж дабром і злом альбо сутыкаецца з нейкімі выпрабаваннямі. Некаторыя сюжэты падаюцца казачнымі, іншыя, як пажартавалі падчас прэзентацыі, нагадваюць крымінальную хроніку. 

Назва пятага тома серыі «Фальклорныя скарбы» — «Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу». У зборнік увайшлі песні з розных рэгіёнаў. Укладальнікі стараліся паказаць і жанрава-відавую разнастайнасць каляндарна-абрадавага фальклору. 

Асаблівасць абодвух выданняў: тэксты можна не толькі пачытаць, а перайшоўшы па QR-кодах, яшчэ і паслухаць. Гэта аўтэнтычныя запісы з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Гэты архіў мае статус нематэрыяльнага здабытку Рэспублікі Беларусь. 

У канцы кніг пазначаны пашпарты запісаў, можна даведацца, ад каго і ў якім рэгіёне была пачута канкрэтная песня.

Уся серыя мае асаблівае афармленне, для кожнага тома выбраны выцінанкі розных майстроў. Так, для чацвёртага іх рабіла Галіна Жураўлёва, для пятага — Вольга Налівайка і Наталля Бярнадская. Альбом «Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу» знаёміць з фальклорам, які можна «пабачыць», таму тут размешчаны і фатаграфіі, зробленыя падчас розных абрадаў.

Серыя «Фальклорныя скарбы Беларусі» дазволіць пазнаёміць са здабыткамі нашага народа не толькі беларусаў. У кнігах падаюцца пераказы на рускую і англійскую мовы, а ў томе з прыказкамі —адпаведнікі твораў на іншых мовах. А гэта асобны няпросты фронт работ. 

Як расказала Ніна Сянкевіч, якая рабіла пераказы для «спеўных» тамоў, цяжкасці былі звязаны з перакладам тых слоў, што называюць рэаліі, характэрныя для Беларусі, — яны не сустракаюцца ў англамоўных краінах. У такім выпадку даследчыца давала каментарыі, каб замежны чытач змог зразумець, пра што ідзе гаворка. Напрыклад, так было са словамі «валачобнікі», «талака» ці «каза» (некалькі каласкоў, якія пакідаюць нязжатымі на полі). Складанасці былі і ў перакладзе назваў свят. Агульныя хрысціянскія святы перакладаліся англійскімі назвамі, але і тут былі нюансы. 

Напрыклад, англамоўны чытач можа не зразумець, чаму пасля Міколы беларусы сеюць зерне. Тут трэба было тлумачыць, што ў Беларусі гэтаму святому прысвечаны два дні, а таксама расказваць пра традыцыі на веснавога Міколу. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю