Вучыцца адказнасці
«Быль пра школьніка Сёму» Алены Басікірскай — гэта працяг гісторыі няўрымслівага хлопчыка з «Былі пра шкодніка Сёму».
Ён падрос, але не страціў гарэзлівасці і хітрасці, якія, як высвятляецца, будуць і перашкаджаць, і дапамагаць яму ў вучобе ў школе. Сёмка, як і ўсе дзеці, любіць фантазіраваць, гуляць са сваім гадаванцам і сустракацца з сябрамі. Важны перыяд — пераход з дзіцячага сада ў школу — даецца яму няпроста. Непаседа, які звык лайдачыць, вучыцца адказнасці. Уважліва слухаць на ўроках, пісаць у пропісях і выконваць дамашнія заданні аказваецца не так ужо і лёгка. Вядома, Сёма робіць памылкі, спрабуе схітрыць, але ўрэшце разумее, што гэта не прынясе яму ніякай карысці. Ён паступова ўсведамляе, як важна лічыць, чытаць і пісаць. Аказваецца, школа — гэта не так сумна, як здавалася.
Кніга, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», яркая і маляўніча ілюстраваная, на кожным малюнку наглядна паказаны значэнні новых для дзяцей слоў. Кожны эпізод гэтай невялікай гісторыі пра прыгоды школьніка Сёмы дапаможа юным чытачам лепш падрыхтавацца да школьных будняў і, акрамя таго, зацікавіцца гісторыяй Беларусі. Тэкст будзе зразумелы і цікавы не толькі дзецям, але і іх бацькам — кніга чытаецца хутка і займальна. Успрымаецца лёгка, весела і цікава. Любое дзіця пазнае сябе ў няўрымслівым Сёму, а яго досвед дапаможа пазбегнуць памылак у будучыні.
Калі дзіця баіцца не справіцца з нагрузкай ці наогул ісці ў школу, яму будзе па душы гісторыя звычайнага хлопчыка са звычайнымі дзіцячымі праблемамі. Магчыма, ён і не зразумее каштоўнасць навучання на прыкладзе Сёмкі, але ў будучыні яму будзе прасцей адаптавацца і знайсці цікавае ў, здавалася б, нават самых сумных рэчах.
Дар’я АРХІПКОВА
Прыгоды незвычайнага сабакі
Кніга «Майка» Жанны Міус (Выдавецкі дом «Звязда») — цікавае і кранальнае апавяданне пра прыгоды незвычайнага сабакі па мянушцы Майка. З першых радкоў чытач трапляе ў свет, поўны радасці, пяшчоты і часам небяспекі, што прыносіць у дом гэтае мілае стварэнне.
Асноўны сюжэт кнігі будуецца вакол жыцця Майкі, якая становіцца не толькі любіміцай сваёй гаспадыні, але і сапраўдным членам сям’і. Мы назіраем за яе паўсядзённымі прыгодамі: ад ранішніх абуджэнняў да нечаканых выездаў у вёску. Уздымаюцца тэмы сяброўства, адданасці, а таксама непарыўнай сувязі паміж чалавекам і яго гадаванцам.
Галоўная гераіня, сабака Майка, прадстаўлена як энергічная і прыязная істота. Характарыстыкі «гучнапрывітайка» і «ўраган радасці» выдатна перадаюць яе натуру. Гаспадыня Маруська, у сваю чаргу, становіцца ідэальным правадніком у свет Майкі, дзелячыся з чытачом сваімі думкамі і пачуццямі. У кнізе таксама з’яўляюцца іншыя сабакі і іх гаспадары, якія дадаюць разнастайнасці і цікавасці сюжэту.
Стыль аповеду адрозніваецца выразнасцю. Мова насычана метафарамі і вобразамі, што робіць чытанне лёгкім і прыемным. Дзякуючы жывапісным апісанням чытач можа ўявіць сабе кожную сцэну. Рыфмы і рытм надаюць тэксту музычнасць, што прыцягвае ўвагу як дзяцей, так і дарослых. А дадатковую глыбіню апавяданню дадае згадванне розных пахаў і гукаў, апісаных праз успрыманне сабакі. Кніга пакідае вельмі станоўчыя ўражанні, што робіць «Майку» выдатным выбарам для сямейнага чытання.
Алеся ГУСАРЭВІЧ
Не толькі забаўляльна
Ну вось і ўсё, маленькі. Будзь здаровы. Калі захочаш — літары зубры. Цяпер ты знаеш сорак птушак новых. Амаль што ўсе яны — твае сябры.
Кніга «Птушыная азбука» Хведара Гурыновіча, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», — гэта не проста зборнік вершаў, а цэлая энцыклапедыя для маленькіх чытачоў, аформленая ў гульнявой форме. Аўтар стварае цёплы і гарманічны свет, дзе кожная птушка становіцца героем своеасаблівага вершаванага аповеда-загадкі.
Кніга пабудавана па класічным алфавітным прынцыпе, што адначасова робіць яе зручнай і для навучання, і для забавы. Кожная літара суправаджаецца вершаванай загадкай, адказам на якую з’яўляецца назва птушкі. Паралельна аўтар згадвае і цікавыя факты. Напрыклад, верш пра «аўсянку» акцэнтуе ўвагу на тым, што гэтая птушка не есць аўса, хоць яе назва з ім звязаная. Гэты прыём дапамагае дзецям лепш запамінаць асаблівасці птушак, а таксама развівае ў іх лагічнае мысленне.
Пісьменнік выкарыстоўвае простую, але вобразную мову, якая спалучае традыцыі народнай паэзіі і сучасную дзіцячую літаратуру. Вершаваная форма робіць тэксты меладычнымі, лёгкімі для запамінання. Аўтар актыўна карыстаецца гукапісам, параўнаннямі, метафарамі і народнымі выразамі, што ўзбагачае мову кнігі. Варта адзначыць і гумар, які прысутнічае ў многіх загадках.
«Птушыная азбука» Хведара Гурыновіча — гэта цудоўны прыклад таго, што дзіцячая літаратура можа быць не толькі забаўляльнай, але і адукацыйнай. Яна развівае назіральнасць, што асабліва каштоўна ў наш час, калі дзеці ўсё менш часу праводзяць на прыродзе.
Алеся ГУСАРЭВІЧ
Выдавецтва «Беларусь»
Рамантуе вожык норку
Паэтэсу Зінаіду Багамолаву як літаратара добра ведаюць у Жодзіне, Барысаве. Яна актыўна працуе ў дзіцячай літаратуры, выдае кнігі за ўласны кошт. Як правіла, невялікімі накладамі. Што ж, прыкмета сённяшняга часу... Пісьменніца часта выступае ў дзіцячых бібліятэках, вядзе свой аўтарскі дыялог з юнымі чытачамі.
А вось толькі што кніга Зінаіды Багамолавай «У свеце загадак» выйшла ў выдавецтве «Беларусь» накладам 2500 экзэмпляраў. Канешне ж, факт гэты можна разглядаць як добрую падзею. І яшчэ — як спадзяванне на змены ў стаўленні выдаўцоў да творчасці дзіцячай пісьменніцы з Жодзіна.
У зборніку сабрана 121 вершаваная загадка. Зінаіда Багамолава праз такі зразумелы самым маленькім чытачам жанр вядзе свой аўтарскі, мастацкі расповед пра навакольны свет. Па традыцыі самога жанру паэтэса падказвае характэрныя рысы пэўнай жывёлы. З разлікам на тое, што хлопчыкі і дзяўчынкі хутка знойдуць адгадку. «Рамантуе сабе норку, // Каб было дзе зімаваць. // Лісцяў нацягаў мо горку — // Будзе цёпла яму спаць» (Вожык). «У горадзе жыве як пан, // Бо ёсць канапа, ёсць дыван... // А ў вёсцы яго хата — будка. // Хто гэта? Адгадайце хутка!» (Сабака). «Па балотах яна ходзіць, // Ежу там сабе знаходзіць. // Як убачаць яе жабкі — // Плюхаюць, задраўшы лапкі» (Чапля).
Паэтэса імкнецца стварыць пераканаўчую мастацкую карціну, шукае такія словы, якія б развівалі мысленне. Цікавымі падаюцца творы, прысвечаныя прыродным з’явам. Часам юным чытачам, пэўна, давядзецца і задумацца альбо пашукаць адгадку разам з дарослымі... «Хутка вадою ўсе сталі — // З неба ляцяць, бы каралі» (адгадка — град). Дарэчы, загадкі пра град, воблакі, вясёлку, пра дождж, хмару даволі распаўсюджаны і ў дзіцячай паэзіі славянскіх народаў, і ў фальклоры.
Знаёмства з кнігай Зінаіды Багамолавай «У свеце загадак» нагадала пра тое, што выданняў такога характару не стае. А менавіта загадка — удалы мастацкі, надзвычай патрэбны матэрыял для літаратурнага выхавання дзяцей на пачатку іх жыцця. Малыя формы якраз дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам параўноўваць, вывучаць, знаходзіць адказы на бясконцыя пытанні. Нават калі адразу
і не знаходзіцца адказ, знаёмства з чарговай загадкай спрыяе развіццю фантазіі, выбудоўвае звыклае рэчышча пытанняў, якія так і сыплюцца ад дзяцей.
Недзе ў хмарках заблукала,
Мусіць, доўга шлях шукала,
Потым ярка і свавольна
Асвяціла наваколле.
Сонейку, сонцу, сонечнаму зайчыку Зінаіда Багамолава прысвяціла некалькі загадак. І ўсе яны прыцягальныя, багатыя на колеры і фарбы. Большасць загадак (калі не ўсе!) са зборніка можна выкарыстоўваць у арганізацыі гульняў. Кнігу варта прачытаць і бацькам, бо «У свеце загадак» — добры памагаты ў рабоце з дашкольнікамі, дзецьмі, якія яшчэ не паспелі навучыцца чытаць, працаваць з кнігай самастойна. «Хто пляце карункі // Нам, як падарункі? // У кутку, за шафай. // Пад сталом, канапай...» (Павучок). «У свеце загадак» — яшчэ і кніга, якая і дапаможнік у вывучэнні роднай мовы.
Прыемнага чытання! Хуткіх адгадак!
Мікола БЕРЛЕЖ
Башкартастан становіцца бліжэйшым
Апошнім часам развіццё беларуска-башкірскіх літаратурных сувязей набывае новы ўзровень. Ва Уфе пабывалі беларускія літаратары — першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч. У Беларусь неаднойчы прыязджаў старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіз Баймухаметаў.
А ў 2023 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці прайшлі Дні башкірскай літаратуры ў Рэспубліцы Беларусь. Падзея мела шырокі розгалас. Пісьменнікі Башкартастана правялі вечар башкірскай паэзіі, пабывалі ў розных бібліятэках і музеях Мінска, выступілі перад самымі рознымі аўдыторыямі. Цікавасць да гасцей, іх творчасці была непадробная, самая шчырая.
У Башкартастане пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры на башкірскай мове. А ў Мінску толькі што выйшла анталогія сучаснай башкірскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Аўтарамі творчага праекта з’яўляюцца старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіз Баймухаметаў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У рэдакцыйную калегію выдання ўвайшлі вядомыя башкірскія літаратары: Танзіля Даўлетбердзіна, Гульназ Кутуева, Ларыса Абдуліна, Зульфія Хананава і іншыя пісьменнікі. У зборнік «Ляці, мая страла...» увайшлі творы 27 паэтаў. І хаця кніга сабрала вершы нашых сучаснікаў, усё ж анталогію адкрываюць неўміручыя творы класікаў — Салавата Юлаева, Шайхзады Бабіча, Мустая Карыма. Гэтым крокам укладальнікі, рэдакцыйная калегія, ініцыятары творчага праекта аддалі даніну павагі першапраходцам башкірскай нацыянальнай паэзіі.
— «Ляці, мая страла...» — толькі пачатак, — дзеліцца развагамі адзін з укладальнікаў знакавай кнігі, выдадзенай пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі мастацкага перакладу СПБ, паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі. — Цяпер мы рыхтуем анталогію сучаснай башкірскай прозы ў перакладзе на беларускую мову.
А з паэтычнай анталогіяй, мяркую, правядзём цэлы шэраг мерапрыемстваў у розных навучальных установах краіны, у літаратурных музеях. Веру, што беларуска-башкірская літаратурная дружба будзе і надалей умацоўвацца.
Кастусь ХАДЫКА
Простыя правілы гульні
Выйшла новая кніга «Подвижные белорусские народные игры». Выданне створана пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь і Беларускай алімпійскай акадэміі і пабачыла свет у серыі «Поспех у спорце — поспех у жыцці» выдавецтва «Беларусь».
Расказвае загадчык рэдакцыі выдавецтва Юлія Аверчанка:
— Мы ўдзячны ўкладальнікам кнігі Людміле Смірновай, Ганне Краевіч, Кацярыне Гарусавай за такую творчую працу. Выданне «Подвижные белорусские народные игры» — далёка не першы зварот да дадзенай праблематыкі. Мы ў выдавецтве ўжо стварылі пэўны кірунак такога характару творчых праектаў. Стыль выкладання, выбар саміх гульняў, прыгожы дызайн — усё гэта спрыяе рэалізацыі, продажу кніг. Думаю, не трэба нікога пераконваць у тым, што гульні садзейнічаюць пазнанню свету, фізічнаму і духоўнаму развіццю дзяцей. Праз народныя гульні дзеці знаёмяцца з культурай, традыцыямі і звычаямі сваёй краіны. Дарэчы, у кнізе, пра якую ідзе размова, сабраны перасоўныя беларускія народныя гульні для дзяцей любога ўзросту. Простыя правілы, мінімальны набор інвентару дазваляюць праводзіць гульні ў любых умовах.
Сяргей ШЫЧКО
Выдавецтва «Мастацкая літаратура»
Сцежкамі пісьменніцкай думкі
Лёсы ў агні бітваў
Сёлета мы святкуем 80-годдзе Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Рэха ліхіх падзей чуваць нават праз доўгія дзесяцігоддзі, а раны толькі пачынаюць гаіцца. Паэтычны зборнік «Прысяга ў акопах» з серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» — гэта даніна памяці айчынным пісьменнікам, якія аддалі жыццё за светлую будучыню Радзімы. Удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны сталі больш за дзве з паловай сотні беларускіх пісьменнікаў. Многія з іх загінулі, не дажыўшы да светлага дня Перамогі. У кнігу ўвайшлі творы толькі некаторых айчынных паэтаў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля свабоды роднай краіны і мірнага неба над ёй. Адны з іх на той час ужо ярка заявілі пра сябе ў літаратуры, іншыя — найчасцей у сілу свайго зусім маладога ўзросту — яшчэ знаходзіліся на шляху да ўласнай творчай сталасці, але і іх вялікі паэтычны патэнцыял бясспрэчны, пра што сведчаць вершы зборніка. Дзякуючы гэтаму выданню можна пазнаёміцца з невядомымі прадстаўнікамі беларускай паэзіі, якія маглі ўзбагаціць нашу літаратуру зоркамі свайго таленту.
«Перамога — наша бяссмерце. Паэзія барацьбы і міру» прапаноўвае ўвазе чытача творы, знаёмыя не аднаму пакаленню. У кнігу ўвайшлі найлепшыя вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, мірнай і стваральнай працы беларусаў — нашчадкаў герояў вайны, тэме патрыятызму і веры ў заўтрашні дзень.
Юбілейныя старонкі
2025 год — час юбілеяў беларускіх класікаў. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прысвяціла ім шэраг новых выданняў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Навуменкі выйшаў 28-ы том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», куды ўвайшоў самы знакаміты раман народнага пісьменніка — «Сасна пры дарозе», а таксама аповесць «Развітанне ў кавальцах» і шэраг апавяданняў. Зборнік адрасуецца шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца айчынным пісьменствам.
«Філарэт» — унікальнае выданне да 90-годдзя мітрапаліта Філарэта, якое раскрые для беларускіх чытачоў выдатную асобу святара. Укладальніца Наталля Якавенка сабрала цікавыя звесткі пра яго жыццё і службу на карысць беларускага народа. Чытач пройдзе ўслед за мітрапалітам Філарэтам (Вахрамеевым) па асноўных вехах яго жыццёвага шляху і служэння. Шлях будзе запамінальны, бо храналагічна выбудаваныя, лагічна звязаныя ўрыўкі з успамінаў, інтэрв’ю, артыкулаў, выступленняў і шматлікія фотаздымкі, з якіх складзена кніга, ствараюць аб’ёмную і яркую карціну жыцця гэтага дзіўнага чалавека, архіпастыра, падзвіжніка праваслаўнай веры, Героя Беларусі.
Залаты фонд літаратуры
Серыя «Бібліятэка выбраных твораў» радуе чытачоў зборнікамі класічнай беларускай прозы, якая штогод набывае ўсё больш прыхільнікаў. Нягледзячы на стэрэатып, што моладзь чытае менш за папярэднія пакаленні, цікавасць маладых людзей да класічнай літаратуры ўзрастае. У зборнік «Раяль з адламаным вечкам» увайшлі выбраныя апавяданні Вячаслава Адамчыка, Івана Мележа, Паўла Місько і Барыса Сачанкі.
Выданне «Сена на асфальце» змяшчае апавяданні Аляксея Дударава, Янкі Сіпакова, Міхася Стральцова і Івана Пташнікава.
Прыгоды чароўнай пары
Не забывае выдавецтва і пра юных чытачоў, якія толькі робяць першыя крокі на шляху да сур’ёзнай літаратуры. Аўтары выкарыстоўваюць розныя сродкі — ад яркіх малюнкаў да інтэрактыўных гульняў, каб пасеяць зерне любові да чытання ў сэрцах дзяцей. Менавіта першая кніга ўплывае на далейшы літаратурны шлях чытача, таму перад выдаўцамі і пісьменнікамі стаіць важная задача — зрабіць гэты шлях цікавым, поўным яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў.
Кніга «Хто жыве ў нашых азёрах і рэках» з серыі «Сямейнае чытанне» праз казачныя вобразы і яркія метафары знаёміць дзяцей са шматлікімі насельнікамі нашых рэк і азёраў. Рубрыка «Цікавыя факты» дапамагае юнаму чытачу паглыбіцца ў незвычайны і загадкавы водны свет, а яркія ілюстрацыі Сабіны Івановай зробяць гэтае казачнае падарожжа яшчэ больш запамінальным.
Твор пераможцы Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «ЛітUP» (2024) Віталіі Глаз «Праз казку — пра мастацтва» прапаноўвае юным чытачам далучыцца да чароўнага свету выяўленчага мастацтва. Казачна-фантастычныя гісторыі на рэальным падмурку пазнаёмяць дзяцей з вядомымі беларускімі творцамі Аленай Кіш, Станіславам Жукоўскім, Язэпам Драздовічам, Юдэлем Пэнам, Абрамам Маневічам, Вітольдам Бялыніцкім-Бірулем, Казімірам Альхімовічам, Мікалаем Селешчуком і інш.
Падарожжа па сцежках мастацкай літаратуры ў 2025 годзе абяцае быць багатым на яркія вобразы, цікавыя гістарычныя падзеі і знаёмства з вядомымі асобамі нашай зямлі. Не прапусціце гэты займальны тур па новых старонках беларускага пісьменства.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА