За гэты час на старонках альманаха было надрукавана звыш трохсот твораў 98 аўтараў. На старонках чарговага выдання ўпершыню публікуюцца творы Святланы і Анатоля Храмцовых, Таццяны Талмачовай, Антаніны Сасім, Валянціны Нікалаенка, Ніны Енбулаевай, Аксаны Карповіч і Яўгеніі Пракапчук.
Па традыцыі тэматыка твораў кожнага выпуску альманаха адпавядае году, аб’яўленаму ў нашай краіне. Лейтматыў, які гучыць паўсюль, — любоў да Радзімы, родных мясцін і блізкіх людзей, павага да старэйшага пакалення, на долю якога выпалі нягоды ваеннага ліхалецця, апяванне прыгажосці роднай мовы і культурнай спадчыны беларускай зямлі. Пагадзіцеся: тэмы вечныя і разам з тым зразумелыя і блізкія кожнаму з нас.
Падчас прэзентацыі шостага выпуску альманаха выступілі не толькі дарослыя аўтары, але і дзеці, чые творы ўвайшлі ў зборнік «Мой любы край — мая Берасцейшчына», выдадзены Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. У якасці падарунка і стымулу да далейшай творчасці экзэмпляры выдання атрымалі Пётр Лушчык і Сафія Скачынская (в. Цешаўле), Ангеліна Абрамовіч (в. Петкавічы), Аляксей Шавейка (г. п. Гарадзішча) і Кацярына Лайша (г. Баранавічы).
Тон прэзентацыі шостага выпуску альманаха «С. Т. Р. О. К. И.», вядома ж, задавалі выступоўцы-аўтары, сярод якіх былі не толькі прадстаўнікі Баранавіцкага раёна, але і гарадоў Баранавічы, Ляхавічы, Ганцавічы і Лунінец. Плёнам сваёй творчасці падзялілася з прысутнымі і член Брэсцкага адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Раіса Раманчук.
А якое свята без музыкі і падарункаў? Свае музычныя нумары гасцям і гледачам дарылі Марыя Данько (Навамышская ДШМ), арт-група «А. Л. О» (г. Ляхавічы) і Аліна Галіцкая, якая з’яўляецца не толькі вакалісткай, але і адным з аўтараў альманаха. Ад яе сям’і Цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота атрымала і матэрыяльны падарунак — выставачны стэлаж, які будзе выкарыстоўвацца пры правядзенні мерапрыемстваў.
Між тым дырэктар Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша ўручыла ўсім аўтарам экзэмпляры шостага выпуску альманаха «С. Т. Р. О. К. И.» і выказала ўпэўненасць у тым, што творчае супрацоўніцтва аўтараў і бібліятэкі на гэтым не завершыцца.
Святлана КРОПАТАВА
Фота Кацярыны ЛАЙШЫ