Top.Mail.Ru

У сэрцы Андрэя Заспіцкага — Беларусь

Аўтар: Яўгенія Шыцька
02.12.2024 | 15:07

Да 8 снежня ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея працуе выстаўка «Андрэй Заспіцкі. У сэрцы — Беларусь». 

Выстаўка створана сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў — з гэтай установай Мастацкі падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве менавіта падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай творчасці знакамітага скульптара. Сёлета адзначалася стагоддзе з дня яго нараджэння.


Андрэй Заспіцкі пражыў доўгае жыццё, багатае і на радасныя, і на трагічныя падзеі. Сярод апошніх — удзел у Вялікай Айчыннай вайне: у 1942 годзе, калі яму споўнілася 18, быў прызваны ў армію. Ваяваў у артылерыйскіх войсках, а ў вызваленай Беларусі дапамагаў контрразведвальнай арганізацыі Савецкага Саюза «СМЕРШ» знішчаць нямецкія банды, якія засталіся ў лясах і мястэчках. 

Між тым пра жаданне стаць скульптарам заявіў значна раней. Яго бацькі — а гэта былі мастак-літограф і настаўніца музыкі — рана заўважылі творчыя здольнасці сына і аддалі яго на курсы лепкі і малявання ў Варшаве (там сям’я жыла да пераезду ў Мінск). 

У беларускай сталіцы Андрэй Заспіцкі хадзіў на заняткі ў Дом народнай творчасці, а пасля, ужо ў Ленінградзе, вучыўся ў мастацкай школе пры Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна. 

Ужо ў 1940-м яго работы былі прадстаўлены на выстаўцы першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. За партрэт Ф. Дзяржынскага, які таксама паказалі ў экспазіцыі «Абарона СССР», малады аўтар атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР. 

А пазней за сваю працу Андрэй Заспіцкі быў удастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, стаў лаўрэатам Дзяржаўных прэмій БССР і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны... Але ўсяму гэтаму папярэднічалі вучоба ў Мінску і стажыроўка ў майстэрні Аляксея Глебава. Скульптар актыўна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і саюзных выстаўках, стаў членам Беларускага саюза мастакоў. 

Скульптар шмат зрабіў і ў станковай, і ў манументальнай пластыцы. У яго творчай скарбонцы — помнікі, бюсты, барэльефы... Тэмы, якія былі асабліва блізкія мастаку, — Вялікая Айчынная вайна і мірнае жыццё савецкага чалавека. Ён усхваляў сапраўдных працаўнікоў, людзей, адданых сваёй справе. Як адзначае куратар выстаўкі «Андрэй Заспіцкі. У сэрцы — Беларусь», старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., захавальнік калекцыі «Беларуская скульптура» Анастасія Карнейка, творчасць мастака развівалася ў агульным рэчышчы савецкага мастацтва і беларускай мастацкай школы. Так, многія яго манументальныя і станковыя творы напоўнены героіка-грамадзянскім зместам. Што да канкрэтных характарыстык, то гэта арыгінальнасць мастацкіх рашэнняў, выразнасць пластычных форм, рамантычная ўсхваляванасць, узнёсласць вобразаў... 

Творчую спадчыну Андрэя Заспіцкага складае апроч іншага сапраўдная галерэя партрэтаў мастакоў і пісьменнікаў. Многім прыгадаюцца найперш помнікі Янкі Купалы ў мінскім парку яго імя (скульптура створана сумесна з Анатолем Анікейчыкам і Львом Гумілеўскім), Максіма Горкага (твор у Горкаўскім парку ў Мінску стваралі яшчэ і скульптары Мікалай Рыжанкоў, Іван Міско, архітэктар Алег Трафімчук), Цёткі (знаходзіцца ў г. п. Астрына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці)... Яго аўтарству належаць надмагільныя помнікі Янку Купалу (створаны сумесна з Анатолем Анікейчыкам), Еўдакіі Лось, а таксама Міхаілу Савіцкаму. Што да станковай скульптуры, то варта згадаць твор «Мае сучаснікі»: у ім скульптар выявіў таленавітых і знакамітых калег — Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава і Заіра Азгура. 

На новай выстаўцы Андрэя Заспіцкага дэманструюцца работы, створаныя з 1950-х да 2000-х гадоў. 

Каб паказаць галоўныя дасягненні майстра, адлюстраваць асноўныя перыяды яго творчага шляху, арганізатары ўключылі ў экспазіцыю творы не толькі са збору Нацыянальнага мастацкага музея, але і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага саюза мастакоў. Гледачу прапаноўваюцца работы і з калекцыі сям’і скульптара. 

Між тым экспазіцыя цікавая яшчэ і своеасаблівай дакументальнай часткай. Побач з фатаграфіямі з архіва Мастацкага, фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Беларускага тэлеграфнага агенцтва — дакументы і здымкі з сямейнага архіва, у прыватнасці дачкі мастака Наталлі. Поруч з пісьмовым сталом і рамкамі з ляпнінай са збору Музея гісторыі горада Мінска — трансляцыя відэазамалёвак і радыёперадачы пра скульптара з яго непасрэдным удзелам з фондаў БДАКФФД і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю