Top.Mail.Ru

У пошуках залатой таблеткі: твор Валерыя Квілорыі акцэнтуе ўвагу на праблеме наркаманіі

Аўтар: Ірына Прымак
12.06.2025 | 07:00

«Раніцай па вуліцы Зялёнай нёсся голы малады чалавек у адной ярка-чырвонай шкарпэтцы. Перабег пустыннае скрыжаванне і растварыўся ў гарадскім парку. На жаль, яго ніхто не бачыў і не спыніў. Толькі варона на сасне каркнула ад здзіўлення», — менавіта так пачынаецца аповесць Валерыя Квілорыі з інтрыгоўнай назвай «Скрыжаванне звар’яцелага сабакі», якая сёлета выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» ў серыі «Пераходны ўзрост».


Пагадзіцеся, цудоўны пачатак гісторыі. Сапраўды, хочацца даведацца, што за юнак і што з ім здарылася. Заклікае паглыбіцца ў чытанне і сама назва кнігі. І гэта вельмі добра, бо гэты твор не проста нейкі банальны дэтэктыў ці прыгоды для падлеткаў. Новая кніга Валерыя Квілорыі выконвае вельмі важную місію: яна паказвае, што можа адбыцца з дзецьмі, калі яны пачнуць ужываць наркотыкі. Аказваецца, што вельмі небяспечнае псіхатропнае рэчыва наркаманы і называюць звар’яцелым сабакам, вось адкуль такая назва з’явілася ў аўтара. Дарэчы, сапраўдны сабака ў гэтай аповесці ўсё ж будзе: гэта верны сябар 6 «Б», чатырохлапы герой па мянушчы Салодкі Боршч. Ён адзін з тых, каго можна назваць змагаром з наркаманіяй. А што ён дзеля гэтага зрабіў, можна даведацца ў фінале кнігі. 

На прыкладзе галоўнага героя Вадзіма Трохногава бачна, як можа скласціся жыццё, калі дзіця расце ў сям’і, дзе яно пакінута на волю лёсу, калі яго наогул не любяць, не цікавяцца яго справамі. Юнаку сапраўды не пашанцавала, бо самы дарагі на свеце чалавек, маці, не праяўляла да яго цёплых пачуццяў, не выказвала сваю пяшчоту з самага дзяцінства. А таты ў хлопчыка наогул не было. Аўтар аповесці даказвае, што менавіта абыякавасць да сваіх дзяцей і адсутнасць нармальных стасункаў у сям’і — гэта адна з тых прычын, якія могуць падштурхнуць падлеткаў да нарказалежнасці. Вадзіму вельмі хацелася быць шчаслівым і, на жаль, у пошуках гэтага шчасця ён стаў нарказалежным і яшчэ распаўсюджваў гэтую небяспечную з’яву ў школе. Ён змог модна апрануцца, набыць на нейкі час аўтарытэт сярод сваіх аднагодкаў, бо тыя падселі на наркотыкі дзякуючы яго намаганням. Аднак, зразумела, гэта толькі памылковае адчуванне радасці і свайго аўтарытэту. Сеня Смык, якога Вадзім лічыў сваім адзіным сябрам, проста выкарыстаў яго ў сваіх мэтах, бо ведаў, што менавіта такія падлеткі карысныя для яго злачыннай справы. 

Гісторыя Вадзіма сапраўды трагічная. 

І не толькі яго, але і іншых дзяцей... Аднак пра гэта няхай даведаюцца самі чытачы, бо не варта псаваць уражанне ад кнігі.

Гэтае выданне можна рэкамендаваць для прачытання вучням сярэдніх і старэйшых класаў. Кніга выдатна падыдзе для разбору на класных гадзінах ці на мерапрыемствах, якія накіраваны на прафілактыку барацьбы з нарказалежнасцю ў падлеткаў. Знаёмічыся з перыпетыямі гісторыі, моладзь, хочацца верыць, зразумее, чым небяспечныя наркотыкі, даведаецца, што такое ломка і як лёгка страціць жыццё, калі трапіш у гэтую пастку. Галоўнае — даць падлеткам магчымасць пазнаёміцца з гэтай карыснай кнігай, а для гэтага было б пажадана, каб яна трапіла ў школьныя бібліятэкі. Аўтар гэтых радкоў пераканана, што праз мастацкую кнігу да розумаў падлеткаў можна паспрабаваць дабрацца, бо сіла літаратуры сапраўды вялікая. Тым больш, што прыгоды школьнікаў чытаць значна цікавей, чым сухую статыстыку, якая датычыцца наркотыкаў і наркаманіі: «Траўка стала моднай ў старшакласнікаў. Як дурныя балбатлівыя папугайчыкі, яны спяшаліся пераймаць адзін аднаго, становячыся нарказалежнымі. І самі ўжо заваблівалі ў сеткі наркадылераў усё новых і новых знаёмых. Мода на траўку расла імкліва. Сеня пагардліва жмурыўся, прыкідваючы, колькі зможа зарабіць на школах». Гэты кавалачак тэкста пацвярджае, якімі безабароннымі могуць быць дзеці, наколькі яны не адчуваюць небяспеку. Менавіта таму хочацца, каб гэты твор зрабіў свой важны ўнёсак у прафілактыку нарказалежнасці. Мяркую, яго будзе карысна пачытаць і бацькам, каб яшчэ раз нагадаць тым, у каго няма часу на дзяцей, як лёгка непаўналетнія могуць стаць нарказалежнымі. Да гэтага іх штурхае жаданне адчуць сябе абранымі, крутымі, пошук той самай залатой таблеткі, якая зменіць жыццё да лепшага ў адзін момант. І ў кнізе, дарэчы, аўтар піша, што насамрэч з’яўляецца залатымі таблеткамі, і гэта зусім не наркотыкі, а здаровы лад жыцця.

Нягледзячы на сур’ёзную тэму, кніга чытаецца лёгка, з цікавасцю. Яе мова зразумелая для дзяцей. Ілюстрацый у кнізе не так шмат, і яны не каляровыя. Але для такой гісторыі гэта добрая знаходка мастака Аксаны Красніцкай, бо тое быццам бы шчаслівае жыццё, якім яно падаецца нарказалежным, насамрэч не яркае і не каляровае.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю