Top.Mail.Ru

У НББ праходзіць выстаўка, прысвечаная блакадзе Ленінграда

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.08.2025 | 07:00

У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь працуе выставачны праект «Блакада. Карткі», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Выстаўка арганізавана па ініцыятыве Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая. Куратар праекта — расійскі калекцыянер і грамадскі дзеяч Аляксей Семянцоў.


Выстаўка «Блакада. Карткі» прысвечана гісторыі мужнага супраціўлення ленінградцаў падчас блакады, абароны горада, ролі культуры і яе падтрымкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі — харчовыя карткі, пасведчанні, дакументы, якія расказваюць пра ваенную паўсядзённасць жыхароў горада. Фотаздымкі блакаднага Ленінграда, выкананыя супрацоўнікамі рэдакцыі «Ленинградская правда», і фотаздымкі, якія зафіксавалі культурнае жыццё горада ў гады вайны, адлюстроўваюць духоўны стан насельніцта, якое, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, працягвала трымацца за звыклы парадак жыцця, захоўваць чалавечнасць і веру ў перамогу.

— Слёзы, якія нагортваюцца тут, калі ўспамінаеш блакадны Ленінград — як людзі выжывалі і радаваліся кожнаму сонечнаму дню, натхняліся гэтым і пераадольвалі ўсе цяжкасці, — сведчаць: рана і дагэтуль не зажыла. Сёння мы жывём у мірнай краіне, маем усё для дасягнення мэт і здзяйснення мар, аднак мы павінны разумець, што толькі разам, толькі сумеснымі намаганнямі можам захаваць і прымножыць тое, што ёсць цяпер, — выступіў на адкрыцці выстаўкі грамадскі дзеяч, заснавальнік дабрачыннага фонду і адзін з арганізатараў выстаўкі Аляксей Талай.

На адкрыцці адбылася прэзентацыя каталога «Блакада. Карткі», які змяшчае ленінградскія паштоўкі гадоў Вялікай Айчыннай вайны з калекцыі Аляксея Семянцова. Лічбавыя копіі паштовак можна ўбачыць на выстаўцы. 

Сведчаннем мужнасці жыхароў горада ва ўмовах аблогі, голаду і адсутнасці рэсурсаў, а таксама летапісам падзей мінулага сталі кнігі, выдадзеныя ў Ленінградзе ў перыяд блакады, сярод якіх — «Лютаўскі дзённік» Вольгі Бергольц, вершы Міхаіла Дудзіна, дзіцячыя кнігі з каляровымі ілюстрацыямі, метадычныя дапаможнікі для педагогаў і навучальныя брашуры, неабходныя фронту і тылу.

Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая, праект «Блакада. Карткі» кранае ўнікальнымі і рэдкімі экспанатамі, якія адкрываюць для нас новыя грані даўно знаёмай гісторыі.

— Гэта не першая выстаўка ў гэтым годзе, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі, якая праходзіць у сценах Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак праект «Блакада. Карткі» здзіўляе не толькі рэдкімі экспанатамі, але і асабістымі гісторыямі жыцця, што хаваюцца за кожным прадметам. Мы шмат ведаем пра блакаду Ленінграда — страшную трагедыю, якую перажылі гэтыя людзі. Але на выстаўцы можна адчуць, што яны не палі духам перад цяжкімі выпрабаваннямі вайны, а спрабавалі захаваць аптымістычны настрой і паўнацэнна жыць у ваенных умовах: хадзілі на канцэрты, выдавалі кнігі, малявалі паштоўкі. Іх жыццё было напоўнена сэнсам — перамагчы. І гэты настрой можна адчуць у сценах Нацыянальнай бібліятэкі, — падкрэсліла Людміла Высоцкая.

Пасля блакады многія ленінградцы былі вымушаны пакінуць родны горад і знайці дом на чужыне. Для некаторых такім домам стала Беларусь. 

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда.

10_29_В.jpg

— У жыцці кожнага чалавека бываюць незабыўныя хвіліны. І такі дзень настаў сёння. Хоць мы жывём у Беларусі, Ленінград застаецца ў нашай памяці. І наша задача сёння — расказаць моладзі пра ваенныя падзеі, пра тых, хто не заспеў мірнага неба і росквіту краіны, каго забрала блакада... — падзялілася старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз блакаднікаў Ленінграда» ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Ягадніцына.

Выставачны праект працуе да 28 верасня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю