Выстаўка «Міленіум» знаёміць з напрацоўкамі Ксеніі Місан-Быстровай апошніх гадоў. У экспазіцыі — больш чым 30 жывапісных і графічных работ, у якія мастачка імкнулася ўкласці мноства сімвалаў і метафар — гаворка з гледачом пра пазачасавае, закранаюцца тэмы вечнасці і сэнсу чалавечага жыцця. Хоць, дарэчы, аўтар іншы раз вяртаецца да рэчаіснасці і ў яе работах паўстаюць сюжэты, акалічнасці, дэталі, блізкія і зразумелыя непадрыхтаванаму да сур’ёзнай размовы сучасніку.
На вернісажы прысутнічалі прадстаўнікі секцыі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, сябрам якой нядаўна стала Ксенія Місан-Быстрова. Загадчык секцыі, жывапісец Уладзімір Уродніч у прывітальным слове падзяліўся думкай пра яднальную сілу мастацтва:
— Кожны чалавек, незалежна ад ступені прыналежнасці да мастацтва, шукае свой шлях да прыгожага, якое здольна аб’ядноўваць людзей у агульным імкненні. Чалавечую душу вельмі складана задаволіць, і яна патрабуе розных падыходаў. Я віншую гаспадыню вернісажа са смеласцю, з выхадам на шырокую аўдыторыю. Мы, людзі творчыя, спяваем песню пра Радзіму, і ў ёй гучаць розныя галасы. І, здаецца, інтанацыя Ксеніі Місан-Быстровай у ёй — вельмі дарэчы. Гэта права мастака — фарміраваць сябе і свой стыль, знаходзячы водгук у сэрцах людзей.
На выстаўцы прадстаўлены партрэты, нацюрморты, абстрактныя карціны, якія вызначаюцца дэкаратыўнасцю, сведчаць аб схільнасці аўтара сумяшчаць у адным творы розныя тэхнікі (а мастачка неаднойчы спрабавала свае сілы ў тым ліку ў кераміцы, дэкупажы, роспісе). Між тым «Міленіум» утрымлівае ў сабе зварот да беларускага мінулага, спробы пераасэнсавання старажытных міфаў, перагортванне старонак гісторыі сусветнай культуры. Прытым творы не перанасычаны вобразамі і сімваламі, ім не ўласціва грувасткасць, яны пазбаўлены маралізатарства і сцвярджэння ісціны — тут адданасць аўтара прынцыпам дэкаратаўнага мастацтва, а яшчэ — бачанне прыгажосці свету агульнага і ўнутранага, свайго.
Ксенія Місан-Быстрова выказала спадзяванне, што яе работы будуць станоўча ўплываць на настрой наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі напярэдадні Новага года і зімовых свят (наведаць экспазіцыю ў галерэі «Панарама» можна да 31 студзеня).
— Тут прадстаўлены работы розных гадоў, але яны ўдала аб’ядналіся ў адно цэлае. Назва, лічу, сімвалічная, і яна звязана з многімі падзеямі ў маім жыцці, якое і натхняе на творчасць, прыносіць ідэі. Здаецца, у іх я нават знаходжу адказы на пытанні, якія сама сабе задаю. Была б рада, калі б людзі знайшлі ў іх свае адказы, адшукалі новыя сэнсы, — адзначыла мастачка.
Фота аўтара