Сёлета на конкурс прадстаўлены 64 выданні з шасці краін Садружнасці — Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана. Удзельнікі прадэманстравалі кнігі, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці краін СНД, культурнаму ўзаемадзеянню і нацыянальнай спадчыне.
Міждзяржаўны савет па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку, кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі з’яўляецца заснавальнікам конкурсу. Літаратурнае спаборніцтва праводзіцца з 2004 года па дзевяці намінацыях: «Садружнасць», «Мая краіна», «Дыялог культур», «Кнігі для дзяцей і юнацтва», «Навука і адукацыя», «Арткніга», «Мастацтва ілюстрацыі», «Надрукавана ў Садружнасці», «Перамога» і «Гран-пры». Сёлета конкурс праходзіць пад знакам 35-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, перамога ў міжнародным конкурсе становіцца для кнігі і яе аўтара своеасаблівым знакам прэстыжу і дамапагае прыцягваць дадатковую ўвагу чытачоў. «Калі твор аўтара атрымлівае Гран-пры ці становіцца пераможцам у намінацыі — гэта, безумоўна, пэўная ўвага да выдання і аўтара. Гэтая кніга стала лепшай сярод многіх, і гэта ўплывае на тое, як яна будзе пазіцыянавацца на рынку і прадстаўлена грамадскасці», — падкрэсліў намеснік міністра.
Ён таксама заўважыў, што для нас гэты конкурс важны, таму што мы можам паглядзець, як кнігавыданне развіваецца ў нашых суседзяў, калег: «Мы бачым, што сёння гэтыя дзяржавы вялікую ўвагу надаюць кнігадрукаванню, непасрэдна развіццю літаратуры ў сваёй краіне і кнігараспаўсюджванню. Гэта кажа пра ўзровень стаўлення дзяржавы, падрыхтоўкі спецыялістаў, якія працуюць у гэтай галіне. І гэты ўзровень вельмі высокі».
Кажучы пра правядзенне пасяджэння журы ў Мінску, Дзяніс Езерскі падкрэсліў важнасць жывых зносін прадстаўнікоў дзяржаў СНД. «Для нас гэта пэўны знак. Людзі сёння з задавальненнем едуць у Рэспубліку Беларусь. Жывыя зносіны адкрываюць вялікія магчымасці. Мы гаворым не толькі пра кнігі, нараджаюцца новыя ідэі і прапановы», — падкрэсліў намеснік міністра.
Кнігі, якія не трапілі ў пэўную намінацыю, але вылучаюцца высокай якасцю зместу і афармлення, могуць атрымаць спецыяльны дыплом ад членаў журы.
Рэспубліка Беларусь сёлета прадставіла выданні ва ўсіх намінацыях. Многія з іх добра знаёмыя беларускаму чытачу. У намінацыі «Садружнасць» начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі РБ Алеся Ігнатава прэзентавала «Казкі народаў СНД», якія выйшлі сёлета ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
У зборнік увайшлі казачныя гісторыі дзесяці краін: Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Беларусі.
Унікальнае выданне «Галасы свету. Са знакам якасці» Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» прапанавана ў намінацыю «Мая краіна». У аснове кнігі — архіўныя стужкі 1940–1950-х гг. з фондаў Дзяржынскага архіва. Дзякуючы QR-кодам можна пачуць галасы першых працаўнікоў заводаў МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, Камунарка, Інтэграл, Мілавіца і пазнаёміцца з гісторыяй станаўлення беларускай прамысловасці.
Выданне «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў» (намінацыя «Дыялог культур») змяшчае пераклады твораў беларускіх класікаў. Перакладчыкамі выступілі добра вядомыя ў сваіх краінах майстры слова. У якасці мастацкага афармлення кнігі выкарыстаны партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, аўтарамі якіх з’яўляюцца беларускія і замежныя творцы.
«Беларускія партызаны — Героі Савецкага Саюза» Алега Усачова прэзентаваны ў намінацыі «Надрукавана ў Садружнасці». Кніга прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Выданне змяшчае біяграфічныя гісторыі 17 удзельнікаў партызанскага руху і падполля, якія зрабілі значны ўнёсак у разгром фашысцкіх акупантаў на беларускай зямлі і былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
У мінулым годзе Гран-пры конкурсу атрымала кніга-альбом «Спадчына Беларусі» Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча. Аўтары праекта шмат вандруюць па краіне, збіраючы ўні-
кальныя артэфакты, фотаздымкі і гісторыі пра малавядомыя, але вельмі цікавыя беларускія мястэчкі. Вынікам іх падарожжаў сталі некалькі фільмаў, выстаўкі і 20 выданняў кнігі «Спадчына Беларусі», тыраж якой перавысіў 48 тысяч экзэмляраў.
Выданні Рэспублікі Казахстан, у тым ліку літаратура, перакладзеная на розныя мовы свету, таксама прадстаўлены ў некалькіх намінацыях. Дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Казахстана Асхат Байузакаў адзначыў, што паліграфія і кнігавыданне не стаяць на месцы, а актыўна развіваюцца з дапамогай новых тэхналогій, штучнага інтэлекту, шырокага выкарыстання ілюстрацый і коміксаў у дзіцячай літаратуры. Аднак пры гэтым шмат увагі надаецца захаванню нацыянальных традыцый і гістарычнай спадчыны Казахстана.
Начальнік аддзела падтрымкі літаратурнага працэсу, кніжных выставак і прапаганды чытання Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Юлія Гняздзілава прэзентавала шэраг выданняў, якія раскрываюць цесныя гістарычныя і культурныя сувязі паміж краінамі Садружнасці.
Яна таксама звярнула ўвагу, што выданне выканана з выкарыстаннем шрыфта Брайля, што дазваляе людзям з парушэннямі зроку тактыльна пазнаёміцца з кнігай.
— У нас цудоўныя дзіцячыя выданні. Мы прывезлі «Карлік Нос»
з ілюстрацыямі Антона Ламаева, які быў узнагароджаны за выдатную работу. Таксама можна азнаёміцца з кнігай, прысвечанай Маі Плісецкай са знакамітай серыі «Жизнь замечательных людей», выданнямі пра рэкі Расіі і гісторыю іслама і мячэцей, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ, — расказала Юлія Гняздзілава. — Пастараемся паказаць насычаную палітру таго, што можа прадэманстраваць свету расійскае кнігавыданне. Для перамогі ў конкурсе важны не толькі змест. Маладое пакаленне звяртае ўвагу на вокладку і афармленне. Кніга стала не толькі крыніцай ведаў, але і творам мастацтва.
Начальнік упраўлення паліграфіі, выдавецтваў і друку Міністэрства культуры Таджыкістана Ібрагім Ахмадаў падкрэсліў, што конкурс адкрывае дадатковыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі СНД у галіне кнігавыдання і паліграфіі. «У першую чаргу неабходна надаць увагу абмену вопытам. У Беларусі свае традыцыі кнігавыдання, выдавецкія ўстановы краіны вельмі развіты. Мы думаем, што ў гэтым кірунку трэба працаваць, умацоўваць і пашыраць наша супрацоўніцтва», — адзначыў Ібрагім Ахмадаў.
Майстэрствам ілюстрацыі вызначыліся кнігі Азербайджанскай Рэспублікі, прысвечаныя гісторыі і культуры краіны, а таксама выданні для дзяцей і падлеткаў.
Традыцыйна вынікі Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» будуць падведзены на Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы ў верасні 2026 года.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА