Што ёсць сюррэалізм? Па якіх унутраных законах ён жыве? Чым спрабуе ўразіць гледача? Усе гэтыя пытанні неаднаразова ставіліся перад крытыкамі і даследчыкамі яшчэ ў XX стагоддзі. Але як змяніўся гэты напрамак? Як пераасэнсаваны ў найноўшую эпоху? І што ёсць у ім асаблівага, прыкметнага?
Выстаўка графікі Далі сапраўды ўражвае. Экспазіцыя — сведчанне пазачасавага дыялогу, здавалася б, самых розных культур і светапоглядаў. Сюррэалізм Сальвадора Далі тут цесна пераплятаецца са сярэднявечнымі ўяўленнямі пра тагасветнае жыццё «Боскай камедыі», з гойеўскімі кпінамі з чалавечых заган «Капрычас», з прыгодніцкімі рэмінесцэнцыямі першага сучаснага рамана пад назвай «Дон Кіхот», з дэкадэнцкім прадчуваннем-жахам латрэамонаўскіх «Песень Мальдарора» і інш. Далі тут — рэфарматар стылю і эксперыментатар, архітэктар творчай хітрасці, які адкрывае новыя шляхі мастацкага самавыяўлення. Мы не можам, незалежна ад нашых густаў і пераваг, адмаўляць сілу таленту мастака, яго магутную адоранасць — Далі, пры ўсёй яго цязе да неардынарнасці, прычым часам нават да некалькі вычварнай, валодаў дзівосным дарам вобразнасці, цалкам адпаведнай эпосе, у якую ён тварыў. Яго міражы, што прабіваюцца скрозь фантастычныя нагрувашчванні фарбаў (і нават кляксаў), часам бачацца не проста дзіўнымі, але ў дастатковай ступені ўражальнымі і, магчыма, геніяльнымі. Іспанец, чый лёс выразна рыфмуецца з паняццем «эпатаж», вядома ж, быў камертонaм сюррэалістычнага руху, майстрам мастацтва, якое спрабавала ў кашмарным трызненні стагоддзя дзвюх сусветных войнаў расшыфраваць тыя жахлівыя ўяўленні, тыя страшныя прадвесці, што адначасова і палохалі, і з невытлумачальнай сілай прыцягвалі, нібы магніт.
Сюррэалізм — з’ява жывучая. Яго карані адчуваюцца і ў нашым асэнсаванні і перажыванні Босха, і нават у віртуознай відовішчнасці містычных парываў позняга французскага рамантызму (успомніць хаця б «Гаспара з цемры» Алаізіюса Бертрана або «Парыжскі сплін» Шарля Бадлера), і асабліва ў аўтаматызме творчага працэсу некаторых сімвалістаў накшталт Рэмбо і Латрэамона (пры гэтым было б памылкай прыраўноўваць аўтаматызм да шаблоннасці, машынальнасці некаторых аўтараў-рамеснікаў — у сапраўднасці прынцып аўтаматызму прадугледжвае даванне падсвядомасці лейцаў кантролю над цэласнасцю свету, лейцаў звыклага здаровага сэнсу, дзеля здзяйснення доўгачаканага, часам абсурднага адкрыцця, адкрыцця тым больш экстатычнага,чым мацней яго неадпаведнасць рэальнасці карціны адчувальнага свету). Але сюррэалізм па-ранейшаму хвалюе розумы і сэрцы, таму яго жывучасць не вычэрпваецца, а становіцца толькі больш уражальнай і бязмежнай. Старыя гіпотэзы Фрэйда не могуць быць апорай для новай школы сюррэалістаў —наўрад ці было правільна абапірацца на метады клінічнай псіхіятрыі пры ўзвядзенні гэтага велічнага храма з вітражамі, што адкідваюць незвычайныя каляровыя цені, галоўным бажаством якога з’яўляецца Мастацтва. Памяць і сны ў навуцы жывуць сваімі жыццямі, у свеце мастацкасці ж яны існуюць у іншых катэгорыях, вядомых толькі творцу. Таму і назіраць за сучаснымі сюррэалістамі куды цікавей — не падманутыя вучэннямі модных псіхолагаў, яны дзейнічаюць выключна ў гарманічнай адпаведнасці са сваім уяўленнем.
Давайце ўгледзімся ў карціну Андрэя Пяткевіча «Раяль у кустах». Гэтая работа выглядае як невытлумачальны сон пры высокай тэмпературы цела. Нягледзячы на відавочную фантасмагарычнасць адлюстраванага, пэўную напружанасць пейзажу, у гэтай рабоце адчуваецца дзіўная, нечаканая гармонія, якая ператварае яе ў сімвал абсурднасці быцця, усёй прыроднай экзістэнцыі. Тут свайго роду рэбус: якім чынам гэты бліскучы адпаліраваны раяль апынуўся на захадзе (ці на світанні) у зімовым лесе сярод заваленага снегам кустоўя? Магчыма, гэта прывід адчужанасці... З аднаго боку, мы назіраем звыклую феерыю зімы, што сваім белым футрам пакрывае ўсю прастору лесу, з другога, раяль — дэталь, якая не мае ніякага дачынення да прыроды, элемент, калі хочаце, антыпрыродны. Мастацтва ў сваім найвышэйшым значэнні — перш за ўсё культываваная штучнасць, а раяль, будучы інструментам гэтай штучнасці, з’яўляецца супрацьлегласцю ўсяго дыянісійскага буянства дзікай прыроды.
І вось гэты прыгожы чорны раяль апынаецца ў гушчы лясных зараснікаў... Ці не бачыце вы супярэчнасці ў гэтай галаваломцы? Парадоксу ў супастаўленні прыроднага і культурнага?
Аднак загадкавасць, дасягнутая праз згоду дзвюх антыномій, стварае ўражанне рэзанансу, а гэты рэзананс, у сваю чаргу, становіцца прыкладам унікальнай гарманічнасці ўзаемнага дакранання дзвюх абсалютных супрацьлегласцей.
Мы не можам абысці ірэальнасць «Ecce Homo 2» Аляксандра Барташэвіча. «Вось чалавек» —
так гучыць журботная ісціна Пілата, якая заклікае нас да гуманізму і спачування. Перад намі — з’ява касмічнага спачування да чалавека. Фантастычныя фарбы мастака здольны містычным чынам адарваць нас ад зямлі, але кожны раз, калі падымаемся ўсё вышэй і вышэй, мы лепш разумеем пазачасавы сэнс палатна. Гаварыць пра гэтую карціну шмат здаецца безразважнай памылкай крытыка, бо ў ёй невытлумачальнае ўсё: і выраз твару авальнай бледнай галавы, і дзіўная гульня ценяў на твары, і шэра-блакітны фон, які сваёй загадкавасцю нагадвае задні план карцін Язэпа Драздовіча.
Але беларускі сюррэалізм — гэта і іншыя самабытныя мастакі. Напрыклад, карыфей айчыннага мастацтва сну Георгій Скрыпнічэнка з яго таямнічымі сюжэтамі («З мінулага», «Паездка за грыбамі», «Сямейныя хронікі», «Трагічны красавік»), Сяргей Цімохаў, чыя напружаная вобразнасць чымсьці нагадвае кашмарныя водбліскі палотнаў Адзілона Рэдона («Лесавік»), мастак пад нікам Inshiya, чыя жудасная інсталяцыя «Заможная непрыдатнасць» не пакіне вас абыякавым, і інш.
І ўсё ж, магчыма, сюррэалізм —гэта проста міф, які яшчэ давядзецца разбурыць будучым пакаленням? Бо пасля доўгага сну непазбежна надыходзіць абуджэнне... Абуджэнне, здольнае прывесці ў шок!
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК