Top.Mail.Ru

У Мінску прайшоў VI Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»

Аўтар: Ларыса Цімошык
30.05.2025 | 07:00

Работа пачалася ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, а працягвалася ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, дзе размясцілася выстаўка да 80-годдзя Перамогі. Гэтая дата шмат што вызначае для культурнай галіны, і асабліва для прадстаўнікоў музейнай сферы. За апошнія гады ў Беларусі адкрыліся новыя музеі і экспазіцыі, пераважна прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны: музей у мемарыяльным комплексе «Хатынь», экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе «Ала» Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея, пастаянная экспазіцыя ў філіяле музея «Дзецям вайны» Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу. Вядзецца работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле»… Агульная тэма форуму — «Музей — тэрыторыя памяці», і кожны рэспубліканскі ды нават рэгіянальны музей імкнуўся адлюстраваць яе ў сваіх экспазіцыях. Але сёлета дадалася агульная для ўсіх задача, звязаная з ажыццяўленнем праекта па стварэнні новага будынка і экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.


— Мы сабраліся ў музеі, які ў свой час быў адным з найважнейшых праектаў у гісторыі сучаснай Беларусі. А цяпер працуем над другім архіважным нацыянальным праектам — стварэннем новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея і яго пастаяннай экспазіцыі. Задача для нас зразумелая, але гаворка ідзе пра больш чым 12 000 квадратных метраў — гэта будзе самая вялікая музейная экспазіцыя ў сучаснай Беларусі, адна з найбуйнейшых не толькі ва Усходняй Еўропе, а нават у свеце. З тымі падыходамі, якія нам трэба рэалізаваць, гэта павінна быць і адна з самых тэхналагічных экспазіцый (чаго ад нас чакае дзяржава). Пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць, многія музейшчыкі нашай краіны будуць прыцягнуты да гэтай працы дзеля кансультацый, вырашэння метадалагічных пытанняў. Гэта праект не толькі Нацыянальнага гістарычнага музея, а менавіта ўсёй музейнай супольнасці Беларусі. Таму што мы павінны адлюстраваць 1000-гадовую гісторыю нашай краіны і зрабіць гэта якасна, — акцэнтаваў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін. — ...Мы стараемся быць у межах міжнародных тэндэнцый музейнай справы, што ёсць у цяперашні час. Яшчэ адзін істотны момант, на які трэба звярнуць увагу: пытанні камплектавання сучаснага перыяду. З імі мы ўпершыню сутыкнуліся пры стварэнні Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, але яны былі вырашаны. Як аказалася, ужо тады патэнцыялу Нацыянальнага гістарычнага музея не хапала, спатрэбіліся дадатковыя меры, каб укамплектаваць новы музей. А галоўная адметнасць сучаснага перыяду — у яго дынамічнасці. Да гэтага перыяду варта ставіцца з большай увагай, таму што трэба пастаянна рэагаваць на зменлівасць сітуацыі. У перыяд Кіеўскай Русі, Сярэднявечча, Новага часу мала што мяняецца па прадметнай базе. Па сучаснасці — амаль кожны дзень. Кожны краязнаўчы музей — абласны ці раённы — павінен мець у сваёй экспазіцыі раздзел, прысвечаны сучаснаму перыяду. Таму што ў кожным рэгіёне за апошнія больш чым 30 гадоў шмат змянілася. Гэта трэба паказаць: мы жылі за кошт спадчыны, якая засталася ад папярэдніх эпох, але прыраслі за час Незалежнасці. 

Адзначалася, што ў музейнай рабоце ў наш час вельмі неабходны баланс паміж класічнымі падыходамі і сучаснымі тэхналогіямі, якія развіваюцца імкліва. І гэта таксама адна з тэм для абмеркавання паміж супрацоўнікамі музейнай галіны, навукоўцамі, калегамі з Расійскай Федэрацыі, якія бяруць удзел у форуме. Падчас форуму розныя музеі прадстаўляюць свае прэзентацыі і знаёмяць з адметнымі калекцыямі. Адна з актуальных тэм для музейшчыкаў Беларусі — пытанні выяўлення і ўвядзення ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей, якія ў розныя часы былі вывезены з нашай краіны. І не толькі для спецыялістаў, але і для патэнцыяльных падарожнікаў будуць карыснымі вынікі абмеркавання тэндэнцый развіцця гісторыка-культурнага турызму ў нашай краіне: новыя музеі чакаюць наведвальнікаў. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю