Top.Mail.Ru

У Магілёўскай вобласці рэалізуецца маштабны народны праект па ўвекавечанні памяці абаронцаў і працоўнага подзвігу жыхароў

Аўтар: Нэлi Зігуля
23.05.2025 | 07:00

Ідэя з будаўніцтвам музея на Буйніцкім поле вітала ў паветры даўно. У ліпені 1941-га на 23 дні чырвонаармейцы затрымалі на падыходах да горада матарызаваныя часткі нямецкіх акупантаў. Буйніцкае поле стала сімвалам мужнасці і непакорнасці ворагу. Артыкулы Канстанціна Сіманава з поля бою і здымкі фотакарэспандэнта «Известий» Паўла Трошкіна з падбітымі на ім нямецкімі танкамі натхнілі савецкі народ і разбурылі міф аб непераможнасці гітлераўскай Германіі. 


У гонар герояў на гэтым свяшчэнным полі пасля вайны быў створаны мемарыяльны комплекс, а сёлета адкрыецца яшчэ і музей. Будынак у выглядзе ордэна Вялікай Айчыннай вайны якім узнагароджаны Магілёў, ужо ўзведзены, цяпер тут вядуцца апрацоўчыя работы. Будаўнікі аздабляюць памяшканні, а супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава рыхтуюць экспазіцыі для свайго будучага філіяла.

— Ініцыятарам будаўніцтва выступіла грамадскасць Магілёва, ветэраны, — расказвае намеснік дырэктара абласнога краязнаўчага музея Аляксандра Буракова. — Тэму вайны вырашана было пашырыць і ўзмацніць: паказаць гераічную абарону ў кантэксце гісторыі разам з мінулым і сённяшнім днём Магілёўшчыны. 

Суразмоўніца тлумачыць, што кожная дэталь музейнай прасторы прадумана да дробязяў. У стварэнні экспазіцый музейныя работнікі шчыльна працуюць з гісторыкамі, пошукавікамі, краязнаўцамі, рэканструктарамі. Аўтарам праекта выступае мастацкі камбінат Беларускага саюза мастакоў. 

Знутры будынак мае складаную канфігурацыю, экспазіцыйныя плошчы знаходзяцца ў крузе і па-за яго межамі.

Гісторыя і культура Магілёўшчыны будзе паказана пачынаючы з XV стагоддзя. 

У залах, прысвечаных перыяду 30-х гадоў, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з міжнароднай абстаноўкай на той перыяд, калі да ўлады прыйшоў Гітлер. Убачыць, чым жыла на той момант Магілёўшчына, як развіваліся прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера. Будзе паказана дзейнасць школ НКУС і НКБД, Магілёўскага пяхотнага вучылішча. 

Сучасныя тэхналогіі дапамогуць перанесціся на дзесяцігоддзі назад і паглыбіцца ў тую даваенную рэальнасць. Прысесці на лаўку побач з 3D-скульптурамі курсантаў міжкраёвай школы ў вельмі папулярным тады месцы адпачынку магіляўчан парку Горкага, набыць віртуальны квіток у кіно і паглядзець фільм. 

— Музей будзе цалкам інтэрактыўны, — кажа Аляксандра Буракова. — У рабоце над інтэр’ерам задзейнічаныя распрацоўшчыкі, якія займаюцца 3D-mapping, стварэннем праграмна-апаратных комплексаў, складаных праекцый, відэамодуляў з дапоўненай віртуальнай рэальнасцю. Гэты музей будзе чымсьці падобны на новыя экспазіцыйныя залы музея Перамогі ў Маскве, дзе выкарыстоўваюцца 3D-інсталяцыі. Шмат дапоўненай віртуальнай рэальнасці: надзеў на сябе шлем і адчуў байцом 388-га стралковага палка, які ўтрымліваў ворага пад Магілёвам, або медработнікам, які перавязвае рану, ці фатографам замест Паўла Трошкіна. У зале, прысвечанай баям на Буйніцкім полі, можна з сімвалічнага акопа паназіраюць за боем 12 ліпеня 1941 года. У экспазіцыях музея шмат відэамодуляў з фатаграфіямі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ажываюць і распавядаюць пра падзеі. Канстанцін Сіманаў успомніць, як размаўляў з чырвонаармейцамі; Павел Трошкін, як фатаграфаваў падбітыя танкі. 

Музей двухпавярховы: на першым паверсе ўбачым, як была наладжана абарона горада, на другім — усё, што датычыцца акупацыі, Халакосту, канцэнтрацыйных лагераў, прымусовай працы, работы ўдзельнікаў падпольнага і партызанскага руху. І гэта таксама будзе суправаджацца відэаролікамі і дапоўненай віртуальнай рэальнасцю. Наведвальнікі змогуць апынуцца на дарозе з бежанцамі, адчуць увесь той хаос і неразбярыху, якія панавалі сярод насельніцтва. Маштабныя дыярамы з макетамі ваеннай тэхнікі, зброі, скульптурамі ў абмундзіраванні ваеннага перыяду перададуць рэальную абстаноўку таго, што адбывалася на полі бою. 

У залах перыяду акупацыі сучасныя тэхналогіі дазволяць трапіць у той жудасны дзень, калі карнікі спалілі жыўцом у Борках Кіраўскага раёна 2027 мірных грамадзян. 

Шмат чаго можна будзе даведацца аб дзейнасці падпольшчыкаў. Адноўлены інтэр’ер дома Генрыха Захарана і Лізы Еўдакіменкі, у якім прысутнічаюць мемарыяльныя рэчы падпольшчыкаў. 

Экспазіцыя, прысвечаная вызваленню, ахоплівае перыяд з 1943 года да 28 ліпеня 1944 года, калі ў выніку бліскучай аперацыі «Баграціён» быў вызвалены Магілёў.

— Адзін з раздзелаў будзе прысвечаны пошукаваму руху, — расказвае Аляксандра Буракова. — На падлозе ў пяску мы зможам убачыць пад’ёмны матэрыял, а на калонах прозвішчы тых, каго атрымалася адшукаць членам гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». 

У музеі будзе шмат мемарыяльных экспанатаў, якія належалі знакамітым землякам, Героям Савецкага Саюза. Створана вялікая база дадзеных аб франтавіках, якая будзе пастаянна папаўняцца. Тэма Вялікай Айчыннай вайны дапоўнена матэрыяламі і пра іншыя войны, у тым ліку ў Афганістане.

Пра працоўныя подзвігі жыхароў Магілёўскай вобласці раскажа экспазіцыя залы працоўнай славы. Яе цэнтральная тэма — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. На вялікім экране будуць дэманстравацца ролікі, прысвечаныя розным дзяржпраграмам і рэалізацыі іх на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Убачым, як Магілёўшчына супрацоўнічае з рознымі краінамі і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Пра вядомых дзеячаў Прыдняпроўскага краю распавядзе электронная версія кнігі «Слава Магілёўшчыны».

— Знамянальна, што гэты праект рэалізуецца ў Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці, — кажа Аляксандра Буракова. — Уся вобласць працуе над ім. Нехта аказвае падтрымку рублём, нехта — сваёй працай. Гэты музей — сапраўдны народны праект, да якога датычыцца кожны жыхар Магілёўшчыны. 

Сёння работа кіпіць не толькі ў музеі, а і вакол яго. Устанаўліваюцца лаўкі, вядзецца добраўпарадкаванне, ідзе высаджванне дрэўцаў. Музей запрацуе ўжо праз некалькі месяцаў. Плануецца, што ў яго адкрыцці возьме ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю