Top.Mail.Ru

У канцы мінулага года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава

12.02.2025 | 08:00

У канцы мінулага года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, суаўтара сцэнарыя легендарнага шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць» і актыўнага грамадскага дзеяча Івана Чыгрынава. Асабліва праславіўся пісьменнік пасля выхаду ў свет рамана «Плач перапёлкі», які перарос у пенталогію. Дарэчы, ролю Дзяніса Зазыбы ў фільме па ім сыграў ураджэнец бярэзінскай вёскі Багушэвічы народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік.




Світальны ранак Чыгрынава ўзышоў у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна, дзе будучы пісьменнік пачаў пісаць свой жыццёвы чыставік. Складанасць вясковага жыцця выкавала ў хлопчыка моцны ўнутраны стрыжань. Прасіў насычэння інтэлект, і Іван паступіў у БДУ на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта. На пытанне «Чаму выбраў гэтую прафесію?» з гумарам адказваў: «Журналіст і філолаг — гэта ўменне гуляць словамі».

Гады студэнцтва — асаблівая жыццёвая вяха. БДУ — адна з самых запатрабаваных і аўтарытэтных у краіне навучальных устаноў. Да 1967 года тут не было асобнага факультэта журналістыкі — філолагі і журналісты разам слухалі лекцыі. Толькі пасля трэцяга курса разыходзіліся на паглыбленае вывучэнне спецкурсаў. Яшчэ з 1920-х гадоў БДУ лічыўся літаратурным асяродкам — рыхтаваў і пісьменніцкія, і журналісцкія кадры. Палова народных пісьменнікаў Беларусі — Крапіва, Броўка, Мележ, Навуменка, Гілевіч, Барадулін — яго выпускнікі. Курсу Чыгрынава таксама пашчасціла на будучых знакамітасцей: з яго выйшлі празаікі Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Леанід Гаўрылкін. Амаль кожны з навучэнцаў факультэта спрабаваў свае сілы ў літаратурнай творчасці, толькі не ўсім ставала цярпення і таленту. У Чыгрынава было і тое, і другое. Пачынаў ён з вершаў, паэзія гучала ў сэрцы непрыручаным рэхам. Пераважная большасць аднакурснікаў бачыла ў Іване будучага таленавітага паэта. Многія з задавальненнем распявалі падчас перапынкаў паміж лекцыямі яго прыпеўкі на мелодыі народных песень. Аднак перамагла проза. У першым апавяданні ў газеце «Чырвоная змена» (1957) ён зарэкамендаваў сябе як цікавы і арыгінальны навеліст. Студэнт Чыгрынаў вызначаўся адкрытасцю — што думаў, тое і гаварыў у вочы, нават з выкладчыкамі мог паспрачацца. Са студэнцкай пары быў энергічным, ініцыятыўным, праўдзівым. Гэтыя рысы пасля знойдуць яркае ўвасабленне ў яго актыўнай грамадскай дзейнасці. Уражвае пералік яго пасад і званняў: сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР і старшыня Беларускага фонду культуры. У 1978 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХХХІІІ сесіі Генеральнай асамблеі ААН.



У народзе кажуць: хто не жыў у інтэрнаце, той не ведае сапраўднага студэнцкага жыцця — калектыўнага, а таму радаснага, нават пры пэўных праблемах. Інтэрнат на вуліцы Бабруйская, 9 стаў родным домам, надзейным прытулкам. Больш чым два навучальныя гады давялося жыць з Чыгрынавым у адным пакоі былому супрацоўніку Бярэзінскай раённай газеты «Сцяг Леніна» (цяпер «Бярэзінская панарама») Барысу Манцэвічу. Інтэрнат — вялікая студэнцкая радня. У тыя паўгалодныя гады ім даводзілася дзяліць і хлеб, і цукар, і бульбіну, і кавалак сала. Як сведчыла цытата са студэнцкай ананімнай паэмы: «Не схаваеш ад нахала за акном кавалак сала». Жылі камунай. Адзін прывозіў з вёскі мех бульбы, другі — кавалак сала і вясковыя праснакі. У складчыну са стыпендыі куплялі цэлы чамадан цукру, каб заўсёды быў салодкі чай. Жартаў у інтэрнаце хапала, што згладжвала ў цэлым няпросты побыт. Напрыклад, на дзвярах пакоя Клышкі, Сіпакова, Бураўкіна быў жартоўны надпіс: «Калі зайшоў у наш пакой, не будзь жывёлінай такой!» і малюнак свінні ў лужыне. Энтузіязм — спружына студэнцкага жыцця. У інтэрнацкім пакоі Чыгрынава з жалезнымі панцырнымі ложкамі, дзе жылі 5 чалавек, выходзіла свая насценная газета з мудрагелістай назвай «Кручкатвор». Пазнаёміцца з арыгінальным выданнем прыходзілі нават студэнты з суседняга інтэрната. Камунай рыхтаваліся да заняткаў, практыкавалі ўзаемадапамогу ў падрыхтоўцы да залікаў і экзаменаў. Былі вызначаны дні выключна беларускага маўлення. Манцэвіч і Чыгрынаў часта разам працавалі ў бібліятэцы імя Леніна, хадзілі на вечары адпачынку ў суседні педагагічны інстытут імя Горкага. Радаваліся, калі ў верасні выязджалі на ўборку бульбы. У студэнцкім лексіконе слова «бульба» мела спецыфічны сэнс — дапамога па яе ўборцы. За месяц яна магла лепш перазнаёміць студэнтаў рознах курсаў (нават факультэтаў), чым гады звычайнай вучобы. Хоць ад працы балелі спіны і рукі, аднак прыходзіў вечар — і збіраліся ў мясцовым клубе ці ў вясковай хаце, спявалі і танцавалі. Так, увосень 1955 года ў калгасе «За ўладу Саветаў» Мінскага раёна студэнтам журфака жылося весела, на вечарах адпачынку ахвотна спявалі прыпеўкі на тэксты Чыгрынава. Арганізавалі сваю футбольную каманду. Восеньская бульба студэнтаў таго пакалення перацякала ў суботнікі па аднаўленні пасляваеннага Мінска і БДУ. Так яны традыцыйна называліся, аднак праводзіліся ў нядзелю, бо ў суботы студэнты вучыліся. Садзілі дрэвы, капалі траншэі, падмяталі вуліцы, дапамагалі будаўнікам... Любімым месцам адпачынку студэнтаў быў пляж Камсамольскага возера. На канікулы, як правіла, Чыгрынаў выязджаў не на Магілёўшчыну, адкуль родам, а разам са сваім сябрам Леанідам Турцэвічам у Беразіно — ціхі правінцыяльны гарадок на беразе маляўнічай Бярэзіны. Так што вуліцы нашага райцэнтра захоўваюць памяць пра будучага народнага пісьменніка.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю