Top.Mail.Ru

У галерэі «Арт-Фабрыка» працуюць выстаўкі двух сучасных беларускіх мастакоў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
12.03.2025 | 07:00

Да 15 сакавіка ў прасторы галерэі «Арт-Фабрыка» працуюць выстаўкі двух цікавых сучасных беларускіх аўтараў. Чым кожны з іх можа прывабіць (і, бясспрэчна, прываблівае) гледача?



На персанальнай выстаўцы віцебскага мастака прадстаўлены дзве серыі работ — «Прысвячэнне УНОВІСу» і «Рэтра. Партрэты» (болей зразумелыя гледачу, партрэты выклікаюць асаблівае замілаванне). Першае, што кідаецца ў вочы падчас знаёмства з творамі, — фарбы, у якіх мастак бачыць свет. Яркасць, насычанасць, кантрастнасць, уласцівыя колераваму рашэнню многіх работ Віктара Шылко, вызначаюць асаблівую жывапісную мову. 

Прадстаўнік Віцебскай мастацкай школы, мастак удзяляе ўвагу і асацыятыўнай кампазіцыі, звяртаецца да абстракцыі. Яго, здаецца, больш цікавяць пачуцці, эмоцыі, думкі чалавека як аб’екта даследавання. Гэтае ж самае жывапісец імкнецца выклікаць і ў гледача. Зразумела, прыхільнікам рэалізму складана адшукаць пэўныя сэнсы ў гэтых творах, да таго ж немагчыма атрымаць асалоду ад пазнавальных вобразаў і сюжэтаў. Аднак рэакцыю публікі мастакі-абстракцыяністы імкнуцца выклікаць зусім іншымі спосабамі, галоўным чынам, з дапамогай эксперыментаў з формамі, колерамі і кампазіцыяй, заснаваных на суб’ектыўным вопыце. Ці не яго перадача з’яўляецца адной з найкаштоўнейшых прывілеяў творцы? І ці не шчырасць цэніцца гледачом болей за ўсё? 

Павел Заблоцкі 

На выстаўцы «Забытыя пацалункі» дэманструюцца лінагравюры і жывапісны дыптых «Сустрэча» мастака, які жыве і працуе на Міншчыне, у Дзяржынскім раёне. Аўтар прапаноўвае назіральніку вялікую (а ў перспектыве ледзь не бязмежную) колькасць трактовак на тэму, суправаджаючы аповеды разумнымі, трапнымі, іранічнымі заўвагамі. Кожны «пацалунак», які мае парадкавы нумар, пры няўважлівым знаёмстве быццам страчвае сэнс, пазбаўляецца дзіўных уласцівасцей, незаўважных з першага погляду прыкмет і, з дазволу сказаць, шарму. 



Творы мастака, здаецца, не падразумяваюць наяўнасці сюжэта (увага па ўсіх правілах павінна быць засяроджана на эмоцыях і пачуццях, успамінах і марах), аднак падзейнасці не пазбаўлены. І гэта, мусіць, не меней прывабная асаблівасць работ Паўла Заблоцкага, — так мы можам убачыць, што там, па-за межамі ўспамінаў аб чыімсьці каханні. 

Спецыфіка творчасці аўтара заключаецца ў адметнай пабудове мастацкай прасторы выверанай кампазіцыі, у зайздроснай нязменнасці прынцыпаў адлюстравання герояў і тых самых падзей, у поўных нечаканасці невялічкіх гісторыях... Іх стварэнне мастаку, безумоўна, удаецца. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю