Мастачка, арт-крытык, старшыня секцыі «Верасень» Марына Эрэнбург расказала, што новую выстаўку можна лічыць працягам святочнага праекта ў Палацы мастацтва. Між тым ідэя «Магіі пастэлі» выношвалася доўга — стварэнне экспазіцыі было запланавана некалькі гадоў таму. На думку Марыны Міхайлаўны, цікавая і складаная прастора галерэі Шчамялёва адпавядае канцэпцыі выстаўкі — усё ж тэхніка пастэлі мае камерны характар, а невялікія залы падыходзяць для экспанавання падобных работ, даюць гледачу магчымасць уважліва разгледзець кожную.

Наталля Наўроцкая «Я цябе чую», 2023 г.
Гэтым разам члены секцыі «Верасень» вырашылі спыніцца на адным традыцыйным мастацкім матэрыяле, падатлівасць якога многіх мастакоў падштурхоўвае да пошукаў і эксперыментаў. Выстаўка знаёміць з болей як шасцюдзесяццю графічнымі работамі сучасных аўтараў і тых, каго ўжо няма. Так, можна ўбачыць плён працы Гаўрылы Вашчанкі, Веранікі Віткоўскай, Рыгора Віткоўскага, Алы Каласенцавай, Леаніда Марчанкі, Наталлі Марчанкі, Наталлі Наўроцкай, Георгія Паплаўскага, Наталлі Паплаўскай, Яўгена Саковіча, Сяргея Шэмета, Таццяны Царовай і Марыны Эрэнбург. Творы выкананы сухой і алейнай пастэллю, ёсць прыклады яе спалучэння з акварэллю, акрылам, манатыпіяй...
Найбольш шырока на выстаўцы «Магія пастэлі» прадстаўлена творчасць Наталлі Наўроцкай. Мастачка выбудоўвае ўласны свет са сваёй сталіцай — Віцебскам, які паўстае як вялікі бацькоўскі дом — відаць, такім чынам графік выказвае любоў да горада і яго жыхароў, услаўляе яго: дзесьці гэта пацвярджаецца толькі аўтарскім намёкам («Віцебскі кот», 2023), а недзе відавочным апяваннем («Шалік Шагала», 2025). Яшчэ адна цікавасць Наталлі Наўроцкай — кветкі. Яе аксаміцістыя нацюрморты, для якіх мастачка выбірае цёмныя колеры, размешчаны побач з кветкавымі кампазіцыямі Алы Каласенцавай, прамяністымі, напаўпразрыстымі. Мастачка валодае талентам надаць усяму, што адлюстроўвае, незвычайную лёгкасць, умее перадаваць найтанчэйшыя нюансы прыроды. З яе шматлікіх работ на выстаўцы галоўнай здаецца «Восеньскае сонца» (1993) — тут выразна выяўлены магчымасці пастэлі, ды сам твор цікавы выбарам і перадачай тонаў і колераў, нетыповым запаўненнем прасторы паперы.

Марына Эрэнбург «Сэлфі ў старадаўнім люстэрку», 2022 г.

Таццяна Царова «Рэвень», 2021 г.
Назва выстаўкі з творамі ўдзельнікаў секцыі «Верасень» прымушае задумацца над тым, што ж мелі на ўвазе арганізатары, калі вызначаліся з чара-
дзейнымі здольнасцямі. Магія — да чаго яна зводзіцца, чым можа тлумачыцца вялікая сіла ўздзеяння? Пэўна, увесь адказ — у эфекце аксаміцістасці, якім хоць і не заўсёды, але адрозніваецца пастэль. А мо справа ў прастаце выкарыстання матэрыялу, магчымасці спалучэння з іншымі. Ці, верагодна, крыніца такіх дапушчэнняў хаваецца ў той самай камернасці, і гэтая тэхніка дазваляе мастаку выказаць суб’ектыўныя перажыванні. А гэта адразу чаруе.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара