Top.Mail.Ru

У чым магія Караткевіча?

Аўтар: Алена Дзядзюля
08.12.2025 | 14:25
Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой

Вы не заўважалі, што Караткевіча, як ніякага іншага пісьменніка хочацца «расцягваць па цытатах». Яго адметныя вобразныя словы ўражваюць, і ў той жа час западаюць у душу як тое, што нам вельмі блізка. І таму ўслед за ім мы паўтараем, што «на Беларусі Бог жыве», і што няма лепшага кутка на свеце, чым «зямля пад белымі крыламі». У чым «магія» Караткевіча, паспрабуем разабрацца разам з арганізатарамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю пісьменніка.

Вясна ўвосень

«Я дужа хачу, каб вы мне верылі, нават калі стану расказваць самыя незвычайныя рэчы. Жыццё так часта падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: «Ды не можа такога быць», — гэтымі словамі загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Ірына Князева адкрыла выстаўку, прысвечаную юбілею Караткевіча. Менавіта на казачныя і легендарныя сюжэты ў творчасці пісьменніка арганізатары вырашылі зрабіць акцэнт. Адсюль і назва, узятая з адной з казак Караткевіча, — «Вясна ўвосень». «А хіба з’яўленне такой шматграннай таленавітай асобы, сапраўднага пасіянарыя, гэта не цуд? Нездарма ў свой час і пісьменнікі, і крытыкі гаварылі пра Караткевіча, што ён — геній», — тлумачыць канцэпцыю выстаўкі Ірына Расціславаўна. У цэнтры экспазіцыі — малады парастак, які прабіўся ўвосень і раскінуў лісце ва ўсе бакі. 

Выстаўка раскрывае творчы свет пісьменніка і яго жыццёвы шлях. Тут размешчаны фотаздымкі, кнігі аўтара, афішы спектакляў, якія ставіліся па яго творах, лісты, ілюстрацыі вядомых беларускіх мастакоў. Наведвальнікі могуць убачыць і малюнкі самога Караткевіча, з самага юнага ўзросту ён рабіў іх да кніг, якія прачытаў, афармляў уласныя творы. Экспазіцыю дапаўняюць скульптурныя выявы Караткевіча, створаныя Львом і Сяргеем Гумілеўскімі. 

У фондзе літаратурнага музея захоўваецца каля 400 прадметаў, звязаных з Караткевічам. Каля 200 дакументаў былі перададзены сястрой пісьменніка Наталляй у 1991–1996 гадах. Сярод іх — фатаграфіі, адзенне, асабістыя рэчы, сувеніры, якія збіраў пісьменнік. 

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік падчас адкрыцця выстаўкі адзначыў, што яна прысвечана чалавеку-легендзе, які не проста зрабіў велізарны ўнёсак у беларускую літаратуру, а паглядзеў на яе з іншага боку, у сваіх раманах закрануў таямніцы душы беларусаў. 

Выстаўка — сумесны праект з Музеем Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, спецыяльна для яе калегі прывезлі ў Мінск унікальныя экспанаты — любімую вопратку пісьменніка. Да праекта далучыліся і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук. 

Сярод унікальных экспанатаў — дыпломная работа пісьменніка, прысвечаная легендам і казкам. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа перадаў рукапіс з казкамі Караткевіча, які яшчэ зусім малады аўтар даслаў «на суд» Песняру. 

У рамках выстаўкі, якая будзе працаваць да 1 сакавіка, плануецца праводзіць музейныя заняткі, тут створана таксама інтэрактыўная зона. 

Доўгі шлях да чытача

У Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў літаратурным музеі прайшоў круглы стол «Феномен даследчыцкай зацікаўленасці і чытацкага шанавання». Рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран заўважыла, што падчас сустрэч у розных студэнцкіх аўдыторыях, калі яна задавала моладзі пытанне пра любімага пісьменніка, ніколі не было такога, каб першым не згадалі прозвішча Караткевіча. Дарэчы, да юбілею выйшаў спецыяльны нумар «Роднага слова». У ім сабраны артыкулы каля 40 аўтараў з розных куткоў Беларусі. Таксама быў падрыхтаваны вялікі віртуальны дадатак. Выданне павінна стаць добрым дапаможнікам для педагогаў, з якога яны даведаюцца пра найноўшыя даследаванні, звязаныя з творчасцю пісьменніка, напрацоўкі, якія спатрэбяцца для работы з новым пакаленнем ХХІ стагоддзя.

Навукоўцы і даследчыкі творчасці Уладзіміра Караткевіча

Пятро Жаўняровіч і Міхась Кенька расказалі пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся пры падрыхтоўцы новага збору твораў пісьменніка ў 25 тамах (ужо пабачылі свет 22 тамы і яшчэ адзін падрыхтаваны да друку). 

У ім творы змешчаны без цэнзарскіх і рэдактарскіх правак, зробленых у савецкі час. Як адзначыў Пятро Жаўняровіч, напрыклад, «Ладдзю роспачы» не варта чытаць са старога збору 1978 года. У той час цэнзарамі з аповесці выкідваліся вялікія кавалкі тэксту. Так, замест трох уваходаў у пекла, як было ў аўтара, пакінулі толькі адзін. «Дасталося» ў той час і аповесці-паэме «Чазенія», а раман «Каласы пад сярпом тваім» наогул быў скарочаны цэнзарамі на 25 працэнтаў. Сучаснымі даследчыкамі вывучаны дзённікі і запісныя кніжкі пісьменніка, што аказалася няпростай справай. Часам запісы ў іх рабіліся з двух бакоў. Некаторыя нататнікі, асабліва гэта датычыцца студэнцкіх гадоў і часу, калі Караткевіч працаваў у школе, не датаваныя. Укладальнікам даводзілася вызначаць, у якім парадку такія матэрыялы размяшчаць у зборы твораў. Пэўныя пытанні ўзніклі і пры падрыхтоўцы да выдання малюнкаў Караткевіча. Яны раскіданы па альбомах, архівах, прыватных фондах. Ён не толькі рабіў ілюстрацыі да сваіх твораў, але і дапаўняў імі свае лісты. Часам малюнкі моцна знітаваныя з тэкстам, такія вырашана не ўключаць у асобны «мастацкі» том, а падаць разам з лістамі. 

Падчас росшукаў было знойдзена многа новых вершаў Караткевіча. Па словах Пятра Жаўняровіча, іх хопіць на асобную кнігу. 

Удзельнікі круглага стала заўважылі, што ў кожнага свой Караткевіч. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зіновій Прыгодзіч згадаў пра ўласныя сустрэчы з пісьменнікам. Першая з іх адбылася ў 1966 годзе ў рэдакцыі газеты «Звязда», куды ён прыйшоў працаваць пасля ўніверсітэта. Ён запомніў, што тады Караткевіч ушчуваў журналістаў, чаму яны не пішуць пра захаванне культурнай, архітэктурнай спадчыны. «Тады я ўпершыню пачуў ад яго слова „скансэн“. Уладзімір Сямёнавіч прапанаваў старажытныя пабудовы, цэрквы, рэшткі палацаў сабраць ў адным месцы і адкрыць музей пад адкрытым небам», — расказаў Зіновій Прыгодзіч. Наступная сустрэча ў 1968 годзе была звязана з Другім рэспубліканскім семінарам творчай моладзі на Свіцязі. У адзін з дзён Караткевіч прапанаваў усім пайсці з ім на экскурсію па наваколлі. Сабралася тады чалавек трыццаць. «Ён расказваў шмат чароўнага, містычнага, напрыклад, легенду пра Свіцязь. Упершыню мы пачулі пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Міндоўга і Вітаўта. Гэта было адкрыццём, бо ў 1960-я пра такое нідзе не пісалі. Караткевіч расказваў і пра Шчорсы, пра Храптовічаў, сабраную імі бібліятэку. Ён нас павёў у Міратычы, дзе паказаў старажытную царкву, і ў Валеўку, дзе ў храме захоўваліся абразы, зробленыя мастаком Васняцовым. Гэта было дзіўным, бо ў час ваяўнічага атэізму пра цэрквы ніхто не гаварыў», — гадаў Зіновій Прыгодзіч. Пасля былі іншыя сустрэчы, апошняя — у 1984 годзе ў бальніцы. Караткевіч ляжаў у суседняй палаце, ён пабываў у рэанімацыі, яго літаральна выцягнулі з таго свету... 

Сёння асабістыя архівы Караткевіча захоўваюцца ў розных установах. Адзін з самых вялікіх збораў спадчыны пісьменніка знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. Дакументы Караткевіч сюды перадаваў двойчы: у 1970 і 1981 гадах. Гэта былі аўтографы і машынапіс асобных вершаў, першага паэтычнага зборніка «Матчына душа», карэктуры кніг паэзіі «Вячэрнія ветразі» і «Мая іліяда», машынапіс і карэктура раманаў «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Нельга забыць», «Чорны замак Альшанскі» ды іншыя. Тут жа захоўваюцца і накіды партрэтаў пісьменніка, зробленыя рознымі асобамі. Таксама сюды каштоўныя матэрыялы перадавалі даследчык творчасці Караткевіча Анатоль Верабей і сястра пісьменніка. Сёння зазірнуць у архіў пісьменніка можа любы наведвальнік бібліятэкі. У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў разгорнута юбілейная экспазіцыя «Сын зямлі пад белымі крыламі», пазнаёміцца з ёй можна і на сайце бібліятэкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю