Top.Mail.Ru

У Брэсце падвялі вынікі ІХ Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў

03.10.2025 | 12:30
Беларускае кіно: рух наперад

Атмасфера творчасці, разнажанравае кіно і россып узнагарод... На пяць дзён форум аб’яднаў славутых і пачынаючых дзеячаў кінематографа Беларусі, Расіі і Казахстана. На адрас аргкамітэта было пададзена звыш 80 заявак. Найлепшыя фільмы былі паказаны падчас фестывалю.

«Класная» дае надзею 

«Фестываль трэба працягваць і развіваць. Праекты, якія ажыццявіліся ў апошнія гады і былі прадстаўлены ў Брэсце, гаворацьаб тым, што мы ўмеем, можам і любім здымаць кіно, — падкрэсліў міністр культуры Руслан Чарнецкі. — У нас рынак невялікі, таму мы павінны ствараць такое кіно, якое зацікавіць расіян. Супрацоўніцтва будзе самае шчыльнае. Нам ёсць чаму павучыцца ў расійскіх калег, але ёсць і што паказаць. Традыцыі беларускага кінематографа захаваліся. Ён заўсёды славіўся добрым, шчырым кіно пра людзей». Міністр культуры ўзнагародзіў Брэстаблкінавідэапракат, Гомельаблкінавідэапракат і Мінаблкінавідэапракат за папулярызацыю беларускіх фільмаў.

Сапраўды, сёння абласныя кінавідэапракаты іграюць вялікую ролю ў развіцці кінематографа. Размяшчэнне кінатэатраў адносна гарадскіх раёнаў, на думку генеральнага дырэктара КУП «Брэстаблкінавідэапракат» Дзмітрыя Селюка, таксама мае значэнне. У тым жа Брэсце два кінатэатры — у цэнтры горада. Жыхары аддаленых мікрараёнаў могуць купіць білет у кіно, але калі да гэтага дадаецца кошт таксі, сума б’е па кішэні. Людзі задумваюцца, ці вельмі патрэбна ім ісці ў кінатэатр. 

  • Што датычыцца фестывалю, то многія кінаэксперты зрабілі такую выснову: фільм «Класная», які адкрыў конкурсную праграму культурнага мерапрыемства, дае надзею на тое, што беларускі кінематограф будзе ўпэўнена рухацца наперад. На Нацыянальнай кінастудыі сёння шмат увагі надаецца маладым кадрам. Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў адзначыў, што студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў амаль з першых дзён вучобы прыходзяць на кінастудыю і знаёмяцца са здымачным працэсам у рэальных умовах. Акрамя таго, падчас работы над фільмам актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйная падтрымка, рэклама, меркаванні аўдыторыі. «Водгукі і эмоцыі гледачоў — вынік, да якога мы імкнёмся», — заўважыў Дзмітрый Сяргеевіч. Яго словы пацвердзіў Кірыл Халецкі — малады рэжысёр, з імем якога звязваюць вялікія надзеі. У 2022 годзе, калі ён па размеркаванні прыбыў на кінастудыю, яго сустрэлі з цеплынёй і стварылі ўсе ўмовы для творчасці. 

«У савецкі час кінастудыя „Беларусьфільм“ была адной з наймацнейшых. Вядома, да гэтага часу такая слава за ёй замацавалася, — лічыць Кірыл Халецкі. — І мы, маладыя, павінны павышаць імідж беларускага кінематографа. Мы глядзелі залатую калекцыю фільмаў, шануем традыцыі, пераймаем вопыт, але ствараем нешта новае. Перспектывы ў беларускага кінематографа самыя светлыя. Фільмаў будзе больш, прычым розных жанраў. Трэба падтрымліваць сваё кіно».

Важна «адрэстаўрыраваць» наш кінематограф

У гэтым годзе ў праграме фестывалю былі конкурсныя і пазаконкурсныя паказы і шэраг творчых мерапрыемстваў. Па сутнасці, структура захавалася з часоў заснавання. Беларускія і замежныя спецыялісты адзначылі, што беларускаму кінематографу патрэбны новыя погляды 

і ідэі, праўдзівая ацэнка дзейнасці маладых кадраў. «Я лічу, якім бы крыштальным ні быў першы крок, трэба казаць праўду. Толькі тады можна рухацца далей. Нам было складана, бо ў праграме рэпартажныя, дакументальныя, мастацкія і анімацыйныя матэрыялы. Таму выкарыстоўваўся такі падыход — ацэнка мастацкага складніка, — падзялілася лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня журы студэнцкіх фільмаў Алена Барзова. — Аўтары прысвяцілі свае кінастужкі вядомым дзеячам. Я лічу, што гэта адзін з галоўных складнікаў усведамлення сябе, таму што ты жывеш не ў пустой прасторы, а існуеш у гістарычным працэсе».

За пяць фестывальных дзён многа гаварылі пра аднаўленне беларускага кінематографа. 

У савецкія часы кінастудыя «Беларусьфільм» была адной з самых моцных і выпускала сапраўды цікавыя карціны — фільмы, у якіх спалучаліся талент артыстаў, майстэрства рэжысёра і ідэя. На жаль, сёння многае страчана, але дзеячы кінематографа імкнуцца развіваць айчыннае кіно. «Мы разумеем, што павінны ажывіць, „адрэстаўрыраваць“ кінематограф Беларусі, зрабіць яго хаця б такім, якім ён быў некалькі дзесяцігоддзяў таму. Для гэтага неабходна стварэнне сярэдняга прафесійнага звяна. Патрэбны педагогі, настаўнікі і выхавальнікі, якія асвоілі прафесію і здольныя падрыхтаваць прафесіяналаў», — упэўнены вядомы беларускі рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Узнагароды знайшлі герояў

Меркаванні меркаваннямі, а конкурс ёсць конкурс. Менавіта для таго, каб першымі даведацца пра асноўныя вынікі фес-

тывалю, сабралася цэлая зала. Спецыяльныя прызы заснавалі мясцовыя ўлады. Ад аблвыканкама рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў атрымаў узнагароду за ўклад у развіццё фестывальнага руху, а гарвыканкам уручыў прыз сімпатый гледачоў фільму «Класная».

За найлепшую студэнцкую работу прыз прысуджаны фільму «Aranarium. Паўкарыўм» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Лепшым анімацыйным фільмам прызнана кінадылогія «Мемарыяльныя комплексы Беларусі» і «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшым неігравым фільмам стаў «Надзя, наперад» Анастасіі Муляравай. Прыз за лепшы тэлевізійны фільм (тэлесерыял) атрымала ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» за стужку «Рэспубліка з зорачкай: час перамагаць». Лепшы ігравы фільм ― «Ліст чакання» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Ігравое кіно сабрала шмат узнагарод. Таксама журы вызначыла, што лепшую жаночую ролю сыграла Ірына Мароз (стужка «Класная»), а мужчынскую — Яўген Стычкін (фільм «Чорны замак»).

Які лёс чакае фестываль далей, пакуль гаварыць цяжка. «Наша задача — не толькі паказваць беларускае кіно, але і расказваць пра ідэалогію беларускай дзяржавы. Кіно павінна быць пра сучаснікаў. Можа быць, цяжка казаць пра сённяшні дзень, але гэтая тэма заўсёды была адной з галоўных у творчасці майстроў», — падзялілася сваім меркаваннем выканаўчы дырэктар фестывалю Валянціна Сцяпанава. Са сцэны прагучала, што юбілейнаму святу кіно быць, і яно павінна стаць наймаштабнейшай падзеяй у культурным жыцці Беларусі.

Арганізатарамі свята кінамастацтва сталі Міністэрства культуры, Брэсцкі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі. 

Юлія ВОЎК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю