Конкурс «Нацыянальная тэатральная прэмія» заўсёды цікавы і мае інтрыгу. Зацятыя тэатралы, як правіла, маюць свае прыхільнасці і, не задумваючыся, могуць параіць, што варта паглядзець. Але не заўсёды іх меркаванне супадае з выбарам журы — цікава і карысна суаднесці свой густ з меркаваннем прафесіяналаў. А пасля, можа, яшчэ раз угледзецца ў пастаноўкі, якія атрымаюць найвышэйшыя адзнакі, бо традыцыйна лічылася, што гэтая прэмія — як знак якасці ў тэатры.
Нацыянальная тэатральная прэмія — яшчэ і рухавік цікавасці да айчыннага тэатральнага мастацтва, якому сёння як ніко-лі раней жыццёва неабходная ўвага і поўныя залы. Што могуць разглядаць? Ахоп шырокі, таму што на прэмію могуць прэтэндаваць пастаноўкі айчынных тэатраў (як дзяржаўных, так і прыватных калектываў і нават адукацыйных устаноў), якім крыху больш за два гады — прэм’еры ад 1 сакавіка 2023 года да 1 чэрвеня 2025-га. Ужо бліжэй да канца бягучага года гледачы даведаюцца, якія спектаклі журы вызначыць як найлепшыя па чатырох асноўных катэгорыях: «Тэатр драмы», «Тэатр лялек», «Музычны тэатр» і «Спектакль для дзяцей і юнацтва».
Намінацый, вядома, будзе шмат, бо ў кожным відзе тэатральнага мастацтва назавуць імёны найлепшых рэжысёраў, мастакоў, выканаўцаў... Гэта без уліку таго, што маецца і свая спецыфіка, якую таксама бярэ да ўвагі прэмія.
Напрыклад, у тэатры драмы ўлічана тое, што пастаноўкі могуць быць створаныя як для вялікай, так і для малой сцэны (ёсць асаблівасці і па рэжысёрскай рабоце, і па сцэнаграфічнай). Тут будуць вылучаны найлепшыя спектаклі па двух кірунках, не прымяншаючы вартасць кожнага. Бо пастаноўкі на малой сцэне могуць часам уразіць нават больш, чым маштабныя, гэта справа таленту і натхнення стваральнікаў. Яшчэ адметнае ў гэтай катэгорыі — увага да аўтара, таму што ў асобную намінацыю вылучана работа драматурга (творам павінна быць не больш як 15 гадоў).
Між іншым, тэма аўтарства актуальная і для тэатра лялек. Ёсць у гэтым відзе мастацтва пастаноўкі адмысловыя, якія можна насамрэч назваць аўтарскімі, бо ад пачатку, ад задумы, тэксту і рэалізацыі ўсё прадумана адным чалавекам. То-бок, за некаторымі пастаноўкамі стаіць і вялікая драматургічная праца. Можа быць, яна будзе адзначана неяк асобна, бо асноўныя намінацыі ў гэтай катэгорыі тэатраў традыцыйныя і адлюстроўваюць працу рэжысёра, мастака і вылучаюць найлепшую працу акцёра.
Яшчэ адзін тэатральны кірунак — спектаклі для дзяцей і юнацтва, якія могуць быць створаны ў розных відах і жанрах. Тут і драма, і «лялькі», і музычныя пастаноўкі сапернічаюць па сіле ўздзеяння на юнага гледача. Таму намінацыя адна на ўсіх, а журы будзе выбіраць сярод прапаноў у розных відах мастацтва і назаве найлепшую пастаноўку.
Але бываюць нюансы і тое, што не ўпісваецца ў вызначаныя намінацыі (цяпер іх стала менш, пасля таго, як падыход упарадкавалі). Таму ў кожным відзе тэатра прадугледжаны адмысловыя прэміі журы. І застаюцца дзве спецыяльныя прэміі: «За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі» (як правіла, яе атрымліваюць знаныя асобы, якія працуюць у тэатры не менш за 10 гадоў, сама прэмія ў памеры 100 базавых велічынь) і «За падтрымку тэатральнага мастацтва Беларусі» (гэта ўвага да ўнёску мецэнатаў, роля якіх мае асаблівае значэнне для некаторых тэатраў). Лёс гэтых прэмій вырашае ўжо не журы, а аргкамітэт конкурсу.
У конкурсу «Нацыянальнага тэатральнага мастацтва» некалькі мэт (не проста раздаць статуэткі): акрамя агляду дасягненняў і папулярызацыі тэатраў, канкурэтнасць спрыяе павышэнню якасці саміх пастановак і больш дасканалай прафесійнай рабоце выканаўцаў. Першы этап конкурсу — паводле пададзеных заявак з вызначэннем фіналістаў адборачнымі камісіямі — павінен завяршыцца да 1 кастрычніка. А на другім этапе ўжо будзе справа для журы, якое мае права не вызначаць пераможцаў у намінацыях, калі палічыць, што няма тых, хто варты прэміі. Але ж гледачы спадзяюцца на тое, што сёлета ёсць з чаго выбіраць.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з архіва БелТА