Праект «KUKLA» арганізаваны сябрамі па творчасці ў 2019 годзе. Яго ўнікальнасць у тым, што ён некамерцыйны і заснаваны на вялікай любові да аўтарскіх лялек і цацак ручной работы, а таксама на жаданні прыўнесці ў гэты свет як мага больш святла і дабрыні.
Выстаўка «Circus» у галерэі «Мастацтва» прыцягвае ўвагу багаццем колераў, формаў і матэрыялаў. Шэрыя зімовыя будні змяняюцца атмасферай казкі і чараўніцтва. Галоўная тэма экспазіцыі — лялечны цырк, аднак аўтары выйшлі за межы камічнасці і смеху. Тут можна ўбачыць і чароўных лясных жывёл, і герояў з савецкіх кінастужак, і папулярных герояў карэйскіх дарам, і дзіўных міфалагічных істот розных краін свету.
Ад вялікай разнастайнасці твораў разбягаюцца вочы, і вельмі складана спыніць на чымсьці погляд. Каля работ размешчана невялікая інфармацыя пра аўтара, яго кантакты для далейшага супрацоўніцтва і кароткая гісторыя вырабу лялек і цацак. Кожны творца арганізоўвае цэлую інсталяцыю, маленькі сусвет з фантастычнымі персанажамі і чароўнымі краявідамі.
Многія мастакі адкрылі для сябе новы від дзейнасці — стварэнне аўтарскіх інтэр’ерных лялек — ужо ў сталым узросце. Гэта не проста хобі, а магчымасць перадаць уласныя пачуцці праз любімых, часам камічных, персанажаў. Усе работы здзіўляюць якаснай прапрацоўкай дэталяў, незвычайнымі формамі і колеравымі рашэннямі. Аўтары смела эксперыментуюць з матэрыяламі, выкарыстоўваючы гліну, лямец, разнастайны тэкстыль і фурнітуру.
Работа «Каламбіна» (2024) Алены Уласенка расказвае гісторыю прыгожай дзяўчынкі, якая працуе ў цырку разам з сябрамі. Гэты персанаж вядомы па італьянскай камедыі масак, гісторыя якой пачынаецца ў XVI стагоддзі. Дзяўчына спалучае аўтэнтычныя традыцыі і культурныя коды. Алена Уласенка змяніла характар інтрыганкі, пакінуўшы толькі ўласцівыя Каламбіне дэталі касцюма. Таксама ўсіх герояў аб’ядноўвае велізарны каўнер — гаргера, распаўсюджаны сярод арыстакратаў Заходняй Еўропы, а цяпер важны атрыбут цыркавога касцюма. Інтэр’ерныя лялькі Алены Уласенка знаходзяць сваё месца ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, у Еўропе, на Блізкім Усходзе.
Мастачка Наталля Буднікава лічыць свае творы не проста лялькамі, а «сапраўднымі маленькімі артыстамі». Кожны яе персанаж жыве сваім жыццём і расказвае ўласную гісторыю. Аўтар спалучае элементы розных культур, ствараючы падставу для генерыравання новых ідэй і гіпотэз. Негледзячы на тое, што героі пражываюць уласную гісторыю, усе яны аб’яднаны агульнай колеравай гамай, амаль незаўважнымі дэталямі касцюмаў.
Чорна-белая палітра творчасці Кацярыны Мінаковай вылучаецца на фоне рознакаляровых работ «суседзяў».
«У праекце „Circus“ я папрацавала з колерам, мне захацелася зрабіць яго фактурным, пацёртым, шурпатым. Паказаць драму і акцёрскае майстэрства, якія стаяць за ўсім гэтым бляскам і святам. Усе героі — дэталі адной кампазіцыі, але кожны — індывідуальнасць са сваім унутраным светам», — піша мастачка. Метафарычная вешалка, на якой размясціліся людзі-касцюмы, сімвалізуе шматаблічную працу акцёраў, дзе кожная сыграная роля адпраўляецца ў шафу, часам разам з часцінкай душы героя.
Жанна Ляховіч па адукацыі педагог-дашкольнік, стварыла сваю першую ляльку толькі ў 50 гадоў! Цяпер мастачка эксперыментуе з рознымі тэхнікамі, спрабуе новыя матэрыялы і знаходзіцца ў бесперапынным пошуку цікавых ідэй, вобразаў, сюжэтаў. На выстаўцы «Circus» Жанна Ляховіч прадставіла работы, натхнёныя савецкімі акцёрамі і персанажамі.
Тут можна ўбачыць Юрыя Нікуліна («Юрый Нікулін. Рэпрыза „Бервяно“», 2024 г.) і Вячаслава Палуніна («Вячаслаў Палунін. Рэпрыза „Вешалка“», 2024 г.), вырабленых з пластыку, які запякаецца.
Акрамя лялек і цацак аўтары працуюць над дэкарацыямі. Кожны персанаж можа пракаціцца на каруселі, зазірнуць у рознакаляровы шацёр, праехацца на ровары. Падчас работы экспазіцыі можна набыць прыгожыя інтэр’ерныя лялькі, мяккія цацкі і ёлачныя ўпрыгажэнні.
Праект працуе да 11 студзеня 2025 года.
Фота аўтара