Мастак-аматар прадставіў на суд гледачоў больш за 40 сваіх жывапісных твораў — яркія і каларытныя пейзажы і нацюрморты, напісаныя ў розныя перыяды творчасці. Значную частку экспазіцыі займаюць маляўнічыя мясціны Барысаўшчыны, малой радзімы аўтара.
— Як хутка бяжыць час: толькі сёння я раптам заўважыў, што прайшло ўжо 50 гадоў з маёй першай выставы. Ці магчыма было ўявіць тады, што ў сельскага хлопчыка з’явіцца цікавасць да малявання, а пазней, пасля арміі, і да жывапісу? — разважае Генадзь Емяльянавіч. — Аднойчы на мае творы звярнуў увагу вядомы барысаўскі майстар жывапісу Сурэн Мірзаян і прапанаваў паўдзельнічаць у выставе разам з іншымі мастакамі Барысава. Так у 1975 годзе адбыўся мой дэбют. За гэты час было наладжана шмат выстаў — калектыўных і персанальных, у Барысаве і іншых гарадах Беларусі і Расіі.
Дарэчы, работы Генадзя Ганчаронка набылі музеі Мінска, Масквы, Гродна, Барысава, а таксама калекцыянеры з Расіі, ЗША, Германіі, Ізраіля... Неаднаразова ён станавіўся лаўрэатам гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выставак, двойчы — лаўрэатам Усесаюзных выставак жывапісу.
- Кожны твор Генадзя Ганчаронка варты паэтычных радкоў. Тонкі пейзажыст, аматар лірычнага адлюстравання прыроды запрашае адчуць свежую прахалоду і трапятанне вясновага беларус-кага паветра, якое патанула ў сонечнай зеляніне леса, першыя ўсходы на палях, ападанне лістоты, рэчку, якая заснула пад скарынкай лёду... На яго палотнах — трапяткая вясна, засяроджаная восень, насцярожаная зіма. І для розных пораў года — свае адценні. Сапраўды, мастацтва, прасякнутае жыццём, галоўныя прынцыпы якога заключаны ў словы «праўдзівасць», «непасрэднасць», «натуральнасць».
Мастак адзначае, што ідэі для творчасці чэрпае з навакольнага свету, калі падарожнічае з эцюднікам за плячыма. Таксама месцам натхнення і сілы для яго з’яўляецца лецішча ў Барысаўскім раёне.
— Пейзаж — непасрэдны водгук душы мастака, люстэрка яго ўнутранага свету. Творчасць выхавала ў мяне асаблівыя адносіны да прыроды і навакольнага свету. Вельмі хочацца, каб людзі ўбачылі на маіх карцінах тую ж прыгажосць, якую заўважыў я сам, і сталі намнога дабрэйшымі, — гаворыць Генадзь Ганчаронак.
Спадзяемся, што так і ёсць. Творчасць мастака грунтуецца на традыцыйным народным мастацтве, нясе яркія фальклорныя адценні, што дазваляе майстру выдзяляцца сярод многіх самадзейных аўтараў. А яшчэ — стаць блізкім кожнаму з нас.
Алена БРЫЦКАЯ
Фота Маргарыты КАРОЛЬ