Персанальная юбілейная выстаўка расійскага мастака Міхаіла Захарава адкрылася днямі ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста». 1 ліпеня жывапісец, які валодае тэхнікай гуашы і акварэлі, член Цюменскага аддзялення Саюза мастакоў адзначыў 80-годдзе. Экспазіцыя ў мінскай галерэі носіць назву «У царстве сібірскіх урманаў»...
Міхаіл Захараў —аўтар тэматычных карцін, пейзажаў, нацюрмортаў і партрэтаў, добра знаёмы расійскай публіцы. У сваёй творчасці звяртаецца да розных тэм, аднак асноўныя — прырода і вёска. Мастацтвазнаўцы прыкмецілі, што ў яго сюжэтах прыкладна ў 1970-хгадах пераважала сібірская прырода, у 1980-я шмат пісаў закінутыя вёскі, а ў 1990-х гадах часцей адлюстроўваў сляды разбуральнай чалавечай дзейнасці.
Выстаўляцца мастак пачаў у 1974 годзе на Усесаюзнай выстаўцы «Творчасць маладых» на ВДНГ (Масква). З таго часу прымаў удзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і ўсерасійскіх, а таксама міжнародных праектах. Лаўрэат розных творчых спаборніцтваў, у тым ліку літаратурных. Узнагароджаны медалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені за развіццё айчыннай культуры і мастацтва і шматгадовую плённую дзейнасць.
У арт-гасцёўні «Высокае мѣста» дэманструецца больш за 40 работ, сярод іх — створаныя апошнім часам. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае серыя карцін «Царства ўвацкіх урманаў»: тут Міхаіл Захараў паказаў сваё бачанне родных мясцін. Другая серыя «Землякі» знаёміць з вясковымі жыхарамі (шматлікая галерэя персанажаў утварае калектыўны партрэт). Цыкл «У паўночным краі» характарызуюць сюжэты і матывы, у аснове якіх — асабістыя ўспаміны аўтара ад паездак на поўнач Цюменскай вобласці, Обскую губу. Паўплывалі на карціны гэтага цыкла апавяданні падарожніка, этнографа, даследчыка Запаляр’я ХIХ стагоддзя Канстанціна Насілава. Усе работы — фантазія жывапісца, сімбіёз успамінаў і пачуццяў. Таму некаторым выявам уласціва чароўнае хараство, а дзе змрок атуляе прасторы, пануюць гратэск ды іронія.
Падчас адкрыцця выстаўкі дэпутат Цюменскай абласной думы, мастацтвазнавец Дзмітрый Фралоў звярнуў увагу на важнасць паказу работМіхаіла Захарава ў беларускай сталіцы менавіта ў год юбілею аўтара:
— Гэта сапраўдны патрыёт свайго роднага краю. Увацкі раён, адкуль мастак родам, нашмат старэйшы за Цюменскую вобласць. Там прайшло ўсё дзяцінства і юнацтва Міхаіла Іванавіча.
Там ён мог сустракацца са старажыламі мясцін, любоў да якіх творца перанёс на свае карціны.
З экспазіцыяй «У царстве сібірскіх урманаў» можна пазнаёміцца да 9 лістапада.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара