Top.Mail.Ru

Творы Эля Кагана прыхарошвалі маркотнае і гаротнае жыццё

Аўтар: Алесь Марціновіч
14.03.2025 | 07:00

Згадваючы пісьменнікаў, якія паспяхова працавалі ў галіне гумару, мала хто ўспамінае Элю Кагана. Яно і не дзіўна. Ён пражыў толькі 35 гадоў, а творчы шлях, канешне, быў і таго меншы. Аднак для такога ўзросту напісаў нямала. Не ў апошнюю чаргу таму, што ў сваёй творчасці быў натхнёны класікам яўрэйскай літаратуры Шоламам-Алейхемам. 

З яго творамі пазнаёміўся ў дзесяцігадовым узросце (нарадзіўся 10 лютага 1919 года). Час быў трывожны і галодны. Родны Мінск акупавалі палякі. Сям’я хавалася ў цёмным склепе. Харчаваліся сырой морквай і капустай. Пра хлеб толькі марылі. Затое з’явіўся хлеб духоўны. Бацька недзе знайшоў кнігу Шолам-Алейхема. Чытанне яго твораў пры бляклым святле лучыны прыхарошвала маркотнае і гаротнае жыццё.


Пра гэта Эля Каган расказваў у адным з апавяданняў, звяртаючыся да якога Рыгор Рэлес ва ўспамінах «У памяці сяброў і чытачоў» выказаў меркаванне: «Магчыма, менавіта тады Эля Каган і пераканаўся, што гумар вельмі патрэбны людзям. Ім не толькі выпраўляюць заганы, але і лечаць засмучаныя сэрцы. Вось чаму, стаўшы пісьменнікам, Каган даў волю пачуццю гумару, якім ён, трэба сказаць, быў надзелены вельмі шчодра». 

Звестак пра яго мала. Нібыта бацька быў настаўнікам. Але чаму сын паступіў у прафтэхшколу абутнікоў? Дарэчы, як сведчыў Мікола Хведаровіч, яму «не вельмі падабалася гэта, і ён аднойчы сказаў: „У нашай сям’і яшчэ пакуль што шаўцоў не было“. На што маці катэгарычна адказала: „Якраз гэта і добра, дзіця хоць босым не будзе хадзіць“». Аднак Эля ў гэтай школе не столькі будучым майстэрствам авалодваў, колькі прыглядаўся да тых, з кім вучыўся. Многія з іх і сталі персанажамі яго першага апавядання «Сэрца на вёслах», напісанага, як і ўсе наступныя творы, на ідыш. Пад псеўданімам Эля Ёдэр даслаў яго ў часопіс «Эмэс» («Правда»). Твор ухвалілі, надрукавалі, але пад уласным прозвішчам Эля Каган. 

1926 год і стаў пачаткам яго творчай біяграфіі. Следам з’явіліся і новыя апавяданні. У 1932 годзе выйшла першая кніга «Апавяданні і мініяцюры». Потым былі наступныя: «Дзіцячыя апавяданні», «Вясёлая сямейка»... У перакладзе на беларускую мову Змітрака Бядулі яна называлася «Дружная сямейка». «Дарослая» проза Элі Кагана найбольш поўна прадстаўлена ў кнізе «Маем зялёным», перакладзенай Янам Скрыганом (1979). У рускім варыянце называецца «Свежее сено» (пераклад А. Гонтара і В. Гафштэйна). Выйшла ў 1963 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Советский писатель».

Творчую манеру Элі Кагана дакладна вызначыў Рыгор Рэлес: «<...> Быў гумарыстам, не сатырыкам. Гумарыстам і лірыкам. Героі яго твораў — у асноўным дэкласіраваныя элементы, якія ў гады першых пяцігодак уцягваліся ў сацыялістычнае будаўніцтва, станавіліся рабочымі, членамі арцеляў, калгаснікамі. У гэтых людзей заставаліся „перажыткі“, і гэта рабіла іх смешнымі. Нямала сярод герояў Кагана і проста дзівакоў, якія, як вядома, упрыгожваюць жыццё». Такія персанажы прыцягвалі чытацкую ўвагу, калі ён у 1936–1939 гадах працаваў у рэдакцыі яўрэйскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Галоўны рэдактар Ізі Харык, таксама ў духу часу, «ставіў пытанне аб ім на сходах камсамольскай ячэйкі Саюза пісьменнікаў, гаварыў, што гэты малады чалавек таленавіты, але гультай, чым і губіць талент». На заўвагі Эля зрэагаваў па-свойму. Паехаў у Хабараўск на будаўніцтва металургічнага камбіната, адкуль вярнуўся з новымі творамі, а апавяданне «Горад без цэркваў» дало назву яго чарговай кнізе.


Звяртаўся і да жанру драматургіі: п’еса «Роднае поле». Разам з Зэлікам Аксельродам паводле напісанага Мендэлем Мойхер-Сфорымам стварыў інсцэніроўку «Маленькі чалавечак». Перакладаў на ідыш творы Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, Змітрака Бядулі, Эдуарда Самуйлёнка... І ўсё ж большых поспехаў дасягнуў у галіне прозы. Яго апавяданні не проста прывабліваюць дасціпным гумарам, характэрным для прадстаўнікоў яго народа, але і лірычнай падсветкай. Пэўную камічнасць сітуацый, што часам узнікаюць, не згладжваў, а надаваў таму, што адбываецца, новае, больш свежае гучанне. 

Персанажы апавяданняў розныя: кравец Іголачка і маладая шаўчыха Наінка («Свежае сена»), вопытны каваль Файталь Блюз і дзяўчына-слесар Бронька («Ад вясны да восені»), цынкограф-вынаходнік Монька Мінкін і накладчыца ў друкарні Пілінка («Маем зялёным»), экскаватаршчык Шац і паравозны машыніст Дуня Данская («Тры прыступкі»). Аднак усіх іх звязвае пачуццё кахання. Да грэху не даходзіць, а смеху, як і вымагае таго жанр, досыць. Магчыма, у герояў Элі Кагана і былі прататыпы. Але часта ішоў увогуле ад дасканалага ведання жыцця народа, у якім ставала ўсіх гэтых дзівакоў. Як у апавяданні «Локшына ў барадзе».

У самым пачатку твора з’явілася такое сведчанне: «Сам я гэтай гісторыі не памятаю, бо была яна сто гадоў таму назад, а можа, і раней. Расказала мне яе прабабка, калі ёй было сто пяць гадоў. І, мабыць, усё гэта праўда. Не магу ўявіць, каб старая бабка перад смерцю пачала нешта выдумляць». Ды і хіба такое выдумаеш: «Прычынілася гэтая гісторыя ў мястэчку Бонды, дзе мая прабабка жыла. Тых, хто жыў у Бондах, лічылі дурнямі, бо мястэчка стаіць на гары, а калодзеж выкапалі пад гарою, і жыхары мястэчка хадзілі з пустымі вёдрамі ўніз, а з поўнымі ўгору». З іх бадай вызначаўся толькі Екл-разумнік. Празвалі яго так за тое, што «лёгка мог прарахаваць, колькі стане, калі памножыць тры ў чатыры». Ён «ездзіў па вёсках і гандляваў іголкамі, хусткамі, лыжкамі і іншымі ходкімі рэчамі». 

Толькі нездарма кажуць: «І хітры ліс у пастку трапляе, і на дзеўку грэх бывае». Абхітрыў Екла крамнік. Паказаў яму люстэрка, якога той ніколі не бачыў. Зірнуў «разумнік» у яго і нібыта свайго бацьку ўбачыў. А крамнік запэўніў, што яго партрэт зрабіў здатны да малявання хлапец Шмелька. Уражаны такім цудам, Екл замест трох капеек заплаціў за гэты «партрэт» ажно чатыры рублі. Дома ж не мог налюбавацца. Схаваўшы ў шуфлядзе стала, каб не бачылі, цішком узіраўся ў партрэт. І ўсе больш пераконваўся, які ўважлівы быў гэты Шмелька: «намаляваў нават локшыну ў барадзе. Ён (Екл. — А. М.) памятаў, што бацька вельмі любіў локшыну, і кожны раз пасля яды ў барадзе яго заставалася локшына». 


Апавяданне напісана так, што ад тэксту не адарвацца. Карціць хутчэй даведацца, што будзе далей... Жонка, калі Екл спаў, пацікавілася, што ён так старанна хавае. Зазірнула ў люстэрка, безумоўна, не ведаючы, што гэта такое, і ў ім убачыла... жанчыну. Не разабралася, што гэта яна сама. Падумала, што палюбоўніца мужа. Паказала суседцы Здаце. Тая глянула «і расплакалася, бо пазнала сябе. Ва ўсім мястэчку ні ў кога не было такога гуза на галаве, як у яе». Значыць, здагадалася жонка Екла, вось каго ён упадабаў. 

Рэўнасць прывяла да калатнечы: «Жанкі лупілі адна адну, кусаліся. Ірвалі адна ў адной валасы, клялі адна адну брыдкімі словамі». Перапала і Еклу. Супакоіліся толькі пасля таго, як люстэрка ўпала і разбілася. У адным кавалку жонка пазнала сябе. У другім Екл убачыў, што гэта ён. Тое, што адбылося, яны пачалі лічыць «насланнём, якое не павінна ў іх жыцці паўтарыцца, і жылі мірна і шчасліва». Але на гэтым апавяданне не заканчваецца. Не магло закончыцца, бо іначай адсутнічала б тая думка-ідэя, якая ўвесь час напаўняла твор, а цяпер набыла сваё лагічнае завяршэнне. Праўдзівае, але з характэрным для мастакоўскай манеры гумарам: «Праўда, як і ўсе ў мястэчку ў Бондах, яны не паразумнелі. Гэта толькі мая прабабка была разумніца і дажыла да ста пяці гадоў». 

З іншых твораў вылучаецца апавяданне «Мае манеўры». Яно таксама не пазбаўлена характэрнага для яго гумару, але... Не ведаю, як бы лепш сказаць. Асабістае ці што. З непрыхаванай усмешкай аўтар ставіцца і да самога сябе. Аўтабіяграфічныя моманты відавочны не толькі ў назве, але і ў змесце: «Калі я надзеў чырвонаармейскі мундзір і пайшоў на манеўры, я вырас у сваіх уласных вачах, бо не толькі чалавек красіць адзежыну, а бывае і наадварот». Гэтае «наадварот» прывяло да нечаканага знаёмства: «<...> Я не разгубіўся, калі ў пункце „Н“ у камандзірскай сталоўцы забыў свой чамадан і прыемная дзяўчына ў шынялі Маша Кутузава, кіраўнік лялечнага тэатра пры штабе палка, прынесла мне яго на вакзал». Канешне, «яна адразу расчаравалася ў мне, як у прадстаўніку вайсковых, але, мабыць, вырашыла, што я добры пісьменнік. Ведала яна аднаго добрага пісьменніка, які таксама быў чалавек рассеяны».

Твор пабудаваны такім чынам, што Эля Каган, апавядаючы далей, як бы збоку глядзіць на гэта: «Цяпер належыць дапісаць: — Гэтак пачалося наша знаёмства». У героя кацялка не аказалася, яны елі з Машынага, бо ў яго «ўлазіла дзве порцыі». Ды, паколькі пра ўсё расказвае празаік, схільны да гумару, без яго і ў гэтым творы не абышлося: 

«А таму, што нашы лыжкі інтымна сустрэліся, наша збліжэнне пабольшала». І дадае, што «зноў трэба было б напісаць: — Наша знаёмства замацавалася».

Апавядальнік не хавае, што дзяўчына яму падабаецца, хоць і стрымана гаворыць аб гэтым. Стараецца хаваць у сабе пачуцці, якія ўсё больш авалодваюць ім. Асабліва тады, калі з гэтай дзяўчынай на манеўрах трапляе ў «палон», з якога яны разам уцякаюць. За што атрымліваюць падзяку ад «высокага маладога камдыва». Трэба ж было так здарыцца, што, калі ехалі далей, Маша Кутузава задрамала, гэты ліст выпаў з яе рук: «Міжволі кінуліся ў вочы першыя словы ў ім: „Мая дарагая Мар’я“». 

Чытаеш завяршэнне апавядання «Мае манеўры» і яшчэ больш адкрываеш для сябе Элю Кагана-празаіка. Ён бачыцца ўжо не толькі дасціпным гумарыстам з лірычнай падсветкай таленту, але і рэалістам: «Я недаўменна зірнуў на яе (Машу. — А. М.). Мне здалося, што да гэтага я зусім яе не бачыў і не ведаў. Яна стала мне куды мілей і харашэй душою, і я ніяк не шкадаваў, што памыліўся ў ёй. І, едучы пасля манеўраў дадому, я думаў, што, памыляючыся, чалавек таксама нешта набывае.Але я ўсё-такі абавязкова пастараюся больш не памыляцца». 

Шкада, што ў ім памыліліся іншыя, арыштаваўшы ў красавіку 1941 года. Цудам уратаваўся, калі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 26 ліпеня, аказаўся сярод зняволеных, якіх вялі на расстрэл. Яго палічылі крымінальнікам і адпусцілі. Крыўду на савецкую ўладу не затаіў. Дабраўся да Магілёва, адтуль трапіў у Мардовію... Гэта відаць з яго перапіскі з Міхасём Лыньковым. У лісце, адпраўленым 19 верасня 1942 года, выказваў упэўненасць: «Хочацца верыць, што мы ўсе будзем жыць, будзем радавацца перамозе і, як і ў былыя часы, за „кубкам чаю“, раскажам пра ўсё перажытае. Ды і пісаць будзем у сто разоў лепш, бо кожны з нас нясе цяпер у сабе агромністы жыццёвы матэрыял і незвычайную прагу да жыцця і дзейнасці». 

Некаторы час жыў у сястры ў Омску. Давялося і ў калгасе працаваць, і на абутковай фабрыцы, і ў абласным выдавецтве. Для мясцовага тэатра напісаў інтэрмедыю «Кутузаў», але яе не паставілі, палічылі даўгаватай. Не пашанцавала і з апавяданнем: перакладчык яго згубіў. Мабілізаваны ў студзені 1942 года, трапіў у так званую гукавую разведку, якая па выстралах варожых батарэй вызначала іх каардынаты. Пасля быў карэспандэнтам газеты «Красный артиллерист». Ужо на беларускай зямлі ўдзельнічаў у фарсіраванні Дняпра, быў прадстаўлены да ўзнагароды. Але яе так не атрымаў.

Не пра сябе думаў у апошнія хвіліны жыцця, калі працягвалася вызваленне Беларусі. На Гродзеншчыне, хоць і быў цяжка паранены, спадзяваўся на лепшае. Санітарам сказаў:

— Ёсць такія, хто горш сябе адчувае. Ратуйце іх, а я пацярплю.

Не здагадваўся, што пачнецца газавая гангрэна. Раніцой ад яе і памёр. 

З іншымі загінулымі быў пахаваны каля гарадскога пасёлка Зэльва. Звесткі аб даце смерці разыходзяцца. Ва ўспамінах Рыгора Рэлеса называецца 22 чэрвеня 1944 года. Мікола Хведаровіч лічыў, што Эля Каган памёр 22 ліпеня. Аднак часцей згадваецца 12 ліпеня 1944 года. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю