Top.Mail.Ru

Творы еўрапейскіх кампазітараў — у выкананні Сімфанічнага аркестра

03.11.2025 | 14:45
Мары могуць супадаць

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора — народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава запрасіў слухачоў на канцэрт, прысвечаны музыцы еўрапейскіх кампазітараў XX стагоддзя. У праграме — творы венгерскіх аўтараў Золтана Кодая і Бэлы Бартака, а таксама паляка Караля Шыманоўскага. Выступленне адбылося 23 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў рамках «Беларускай музычнай восені». 

Час для правядзення канцэрта — 23 кастрычніка — супаў са святкаваннем у Венгрыі Дня абвяшчэння Венгерскай Рэспублікі. Гэтым вечарам у філармоніі прысутнічалі прадстаўнікі Пасольства Венгрыі ў Беларусі — мерапрыемства прайшло пры іх садзейнічанні. 

З прывітальным словам на сцэну выйшла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Беларусі Зіта Ілона Бенчык:

— Перш-наперш я хацела б выказаць асаблівую падзяку Аляксандру Анісімаву, галоўнаму дырыжору Сімфанічнага аркестра, за яго мары. Бо, як аказваецца, іншы раз нашыя мары супадаюць. Гэты канцэрт — вынік супрацоўніцтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Пасольства Венгрыі, якое адбываецца не ўпершыню. Падчас адной з нашых размоў з маэстра ён згадаў, што марыць выканаць музыку Бартака на сваім канцэрце, а я адказала, што мая мара — канцэрт з музыкай Кодая. Па-першае, гэтыя два музыканты былі блізкія сябры. Па-другое, на маю думку, зразумець дух венгерскага народа можна праз прызму музычнага свету Кодая. Але я не магла марыць, што цудоўныя мелодыі кампазітара, напісаныя для асаблівага венгерскага інструмента cimbalom, могуць прагучаць на такім жа вядомым народным беларускім інструменце — цымбалах... За ўсе гэтыя добрыя супадзенні я хацела б таксама падзякаваць Сяргею Аляксандравічу Пукіту, генеральнаму дырэктару філармоніі, Алене Вагнер, дырэктару Сімфанічнага аркестра, і, вядома, музыкантам. 

Гэтым вечарам у Вялікай канцэртнай зале гучалі драматычныя творы, поўныя дзіўнай энергіі і таямнічасці. Найперш гэта Канцэртная сюіта ў трох частках «Хары Янаш». Яе аўтар Золтан Кодай прысвяціў сваю кампазітарскую дзейнасць вывучэнню венгерскага фальклору і на яго грунце стварыў свой асаблівы стыль. Сола на цымбалах — Вераніка Прадзед. 

Увайшоў у праграму таксама Канцэрт № 2для скрыпкі з аркестрам, ор.61 Караля Шыманоўскага, які шмат сіл аддаў вывучэнню польскай народнай музыкі і паспяхова аб’яднаў у сваёй творчасці нацыянальную традыцыю і прыёмы сучаснай яму кампазітарскай тэхнікі. Твор, напісаны ў форме рапсодыі, аўтар лічыў адным з найвялікшых сваіх дасягненняў. Саліст гэтым вечарам — Сяргей Герман (скрыпка). 

Магутны Канцэрт для аркестра Бэлы Бартака — сімфанічны твор у пяці частках — быў напісаны па заказе дырыжора Бостанскага сімфанічнага аркестра Сяргея Кусявіцкага ў гады вымушанай эміграцыі кампазітара ў Злучаныя Штаты Амерыкі, таму спалучае ў сабе элементы заходняй і венгерскай музыкі. Твор прагучаў у другім аддзяленні канцэрта, а на біс Сімфанічны аркестр з задавальненнем выканаў славуты «Венгерскі танец № 5» Іагана Брамса.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю