Нельга не захапляцца пісьменнікамі, якія плённа працуюць у розных жанрах. За што такі ні возьмецца, атрымліваецца літаратура высокага ўзроўню. Ды крытыкам бяда, калі ў выданнях на разгляд іх творчасці адводзіцца мала месца. Як бы што-небудзь не прапусціць.
Так і з Анатолем Аўруціным. Звычайна ўвага засяроджваецца на тым, які выдатны ён паэт. Пры гэтым, няхай і не наўмысна, забываецца, што плённа працуе таксама ў галіне перакладу, якім займаецца даўно, выступаючы не толькі ў перыёдыцы. Звярнуў на сябе ўвагу падборкай «Аллегория любви» ў кнізе «По другую сторону дыхания» (1998). Перакладныя творы не губляліся і ў іншых яго зборніках. Аднак ніводнае з гэтых выданняў не можа параўнацца з кнігай выбраных перакладаў «Амфора». У гэтым аднатомніку надрукаваны творы розных часоў прадстаўнікоў амаль сарака народаў. Зборнік пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Вось эпіграф да творчасці тых, каго ён перакладае: «Стихотворение — это бокал с божественным нектаром. Когда я его перелагаю с одного языка на другой, главное для меня — передать не столько форму бокала, сколько аромат волшебного напитка». Гэта не пераклад у традыцыйным разуменні, а «переложение». Уважліва, але і патрабавальна, ён падышоў і да беларускай паэзіі. Уважліва, бо выбраў творы, якія пры перакладзе на рускую мову не толькі не страцілі вартасцей арыгінала, а набылі ў нечым і іншае, адметнае для рускай мовы гучанне. Патрабавальна, бо пераствораны вершы толькі 31 паэта, хоць пры жаданні спіс можна было б прадоўжыць. Падборка ж пачынаецца з твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, а далей у алфавітным парадку ідуць Рыгор Барадулін, Алесь Бадак, Міхась Башлакоў, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Алесь Пісьмянкоў, Максім Танк, Віктар Шніп, Яўгенія Янішчыц і іншыя.
Безумоўна, лепш за ўсё ацаніць вартасці перакладчыцкага майстэрства Анатоля Юр’евіча можна, калі яго пераклады параўнаць з арыгіналамі, што далёка не заўсёды магчыма з-за няведання моў. Аднак ёсць і іншы шлях: звярнуцца да ранейшых перакладаў пэўных аўтараў. У першую чаргу гэта тычыцца сусветна вядомых паэтаў. Падобным шляхам пайшоў празаік, рэжысёр, крытык Аляксандр Чакменеў. Больш за дваццаць гадоў назад яго артыкул «Поэтические откровения Анатолия Аврутина» змешчаны ў кнізе, якая так і называецца — «Анатолий Аврутин. Штрихи к творческому портрету». Выйшла яна ў Санкт-Пецярбургскім выдавецтве «Дума» ў 2003 годзе. Дарэчы, штрыхі да яго творчага партрэта напісалі і іншыя вядомыя аўтары: Іван Сабіла, Валянціна Паліканіна, Леў Куклін і, сціпла прызнаюся, аўтар гэтых радкоў.
Аднак у дадзеным выпадку асаблівай увагі заслугоўвае менавіта артыкул Аляксандра Чакменева. Каб упэўніцца, якой высокай думкі ён аб перакладчыку, дастаткова гэтых радкоў: «Для Аврутина в работе над переводами важным является создание соответствуещего по мысли и темпераменту русского ответа на иноязычное стихотворение. Поэтому переводам его свойственны — при соблюдении общих пропорций и всего рисунка — некоторые смысловые вольности, рассчитанные на то, чтобы перевод производил столь же сильное энергетическое воздействие, как и оригинал (но не подстрочник!), вызывая столь же глубокие ассоциации, но еще и внушал бы ощущение все-таки чужого текста, основанного на чужом опыте. Подобное отношение к переводу у Аврутина четко срабатывает». У развагах важны і такі момант: «Это тем более очевидно в случае труднопереводимой поэзии. Ярко выраженное стилистическое своеобразие, языковая многозначность и утонченность, адекватность идей первоисточников и собственной исповедальности Анатолия Аврутина убедительно обнаруживаются в сравнении переведенных им текстов с текстами тех же переводов других переводчиков».
Менавіта на гэтым Аляксандр Чакменеў і засяродзіў шмат увагі, на канкрэтных прыкладах паказваючы, як перакладчык у такіх выпадках па-мастацку выйграе ў параўнанні з іншымі. Пацвярджэнне можна знайсці і ў кнізе «Амфора»: Такубоку Ісікава, Сапфо, Петрарка, Гіём Апалінэр, Арцюр Рэмбо. Несумненна, узяўшы «Амфору» ў рукі, чытач адразу зверне ўвагу на назву. Калі ён добра знаёмы з творчасцю Анатоля Юр’евіча, то ведае, што той не толькі значны паэт і адзін з лепшых на сённяшні дзень у Беларусі перакладчыкаў на рускую мову, але і ўмее даваць сваім кнігам арыгінальныя назвы. Паэт ставіцца аднолькава да напісанага і перакладзенага, як да чыстага аркуша («С чистого листа» ― адна з яго кніг), каб павесці чарговую размову аб тым, што абодвум, яму і чытачу, блізка. Дык адкуль жа назва «Амфора»? У даўнія часы амфарай называлі доўгі, вялікі, з двума ручкамі, посуд. Ён звычайна ўмяшчаў да 50 літраў. У «амфары» Анатоля Аўруціна крыху іншае вымярэнне: тут змешчаны творы 124 аўтараў. У адным з вершаў цыкла «Двадцать стихотворений о любви» Пабла Неруда сказаў: «Амфора тела мне заменяет солнцерожденье». Замяняе яго і паэзія высокага кшталту, у чым лішні раз упэўніваюць творы, перакладзеныя Анатолем Аўруціным. Кнігай «Амфора» пракладваецца мост ад мовы да мовы, а словы запаветныя, блізкія самому Анатолю Юр’евічу, дзякуючы яго майстэрству становяцца блізкімі і чытачам.
Алесь МАРЦІНОВІЧ