Адкрыў імпрэзу намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка. Ён падкрэсліў, наколькі важна, што чытач мае магчымасць бачыць аўтара ўжывую, задаць свае пытанні. Сімвалічна, што сустрэча адбылася напярэдадні Міжнароднага дня паэзіі ў сакавіку, калі і нарадзіўся Уладзімір Мазго.
Галоўнага героя прадставіў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Ён ведае Уладзіміра Мінавіча больш за 40 гадоў, разам давялося працаваць у выдавецтве «Юнацтва». Уладзімір Мазго быў рэдактарам першай кніжкі Міхася Пазнякова, а цяпер з’яўляецца яго намеснікам у Мінскім гарадскім аддзяленні СПБ.
«Імя Уладзіміра Мазго ззяе адметнай зоркай на творчым небасхіле беларускай літаратуры, але пры гэтым ён вельмі сціплы чалавек, — адзначыў Міхась Пазнякоў. — Ён вельмі тонкі лірык, таму не дзіва, што на яго вершы напісана многа песень. Творы Уладзіміра Мінавіча ўключаны ў школьную праграму. Ён вельмі таленавіты чалавек!»
У зале сабраліся прыхільнікі творчасці Уладзіміра Мазго. Яны з цікавасцю слухалі вершы, прысвечаныя беларускай мове, роднаму краю, любімай пары года — лету. Асабліва кранальна прагучаў верш «Бацькоўская хата», на ганак якой ужо не выйдуць самыя родныя людзі…
Імпрэзу ўпрыгожыла выкананне песень на словы Уладзіміра Мазго. Непасрэдна на творчай сустрэчы музычныя падарункі прысутным падарыў заслужаны артыст Беларусі Дзмітрый Качароўскі. Настальгію па тым, чаго ўжо не вярнуць, выклікалі відэавыступленні, якія былі прадэманстраваны на экране: спявалі Якаў Навуменка, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Прагучала і вядомая песня на словы Уладзіміра Мазго «Вечарынка» ў выкананні ансамбля «Бяседа».
«І хоць я вучыўся на філфаку БДУ, педагогам не працаваў, бо мяне вельмі зацягнула літаратура, — прызнаецца творца. — Я не збіраўся першапачаткова стаць паэтам-песеннікам, але неяк так склалася, што да маіх вершаў пачалі ствараць музыку. Бывала наадварот: мне паказвалі музыку, а трэба было да яе напісаць словы. Гэта цяжка, бо, калі проста пішаш, ты як птушка ў палёце, а тут трэба ўжо падстройвацца пад пэўны рытм. Але з Алегам Елісеенкавым працавалася лёгка, бо яго творчасць мяне вельмі натхняла».
Прысутным было цікава пачуць і пра «Знічкі вечнасці» — лірычныя мініяцюры, успаміны Уладзіміра Мазго пра вядомых пісьменнікаў, з якімі быў знаёмы. Сярод іх, напрыклад, — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Уладзімір Мінавіч дагэтуль захоўвае яго ліст, які атрымаў падчас службы ў арміі, бо ўжо тады Рыгор Барадулін верыў, што ў паэта вялікі творчы патэнцыял. І яго словы спраўдзіліся!
Ірына ПРЫМАК
Фота аўтара