На працягу ўсёй сваёй гісторыі дзейнасць Беларускага саюза мастакоў была цалкам звязана з вырашэннем дзяржаўных задач у галіне развіцця, захавання і прапаганды беларускага мастацтва, умацавання маральных каштоўнасцей і ідэалагічных асноў грамадства.
Творчаму калектыву БСМ належыць мноства манументальных твораў, зробленых для інтэр’ераў і экстэр’ераў значных грамадскіх будынкаў і аб’ектаў з 1999 да 2024 года. Гэта і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, і Палац Рэспублікі, і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, і шмат іншых культурных і адміністрацыйных аб’ектаў у розных рэгіёнах нашай краіны.
У сваёй дзейнасці Беларускі саюз мастакоў заўсёды адчуваў дапамогу і падтрымку з боку нашай дзяржавы. За выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, уклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці краіны члены аб’яднання рэгулярна вылучаюцца на атрыманне розных узнагарод і прэмій. З 1994 да 2024 года восем чалавек атрымалі званне народных мастакоў Беларусі, 36 членаў саюза сталі заслужанымі дзеячамі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, а 24 творцы — лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
На маштабнай выстаўцы «Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь» можна ўбачыць жывапісныя, графічныя, скульптурныя работы членаў БСМ, ганараваных дзяржаўнымі ўзнагародамі з 1994 да 2024 года.
Асноўныя тэмы ў творчасці сучасных беларускіх мастакоў нельга вызначыць адным словам. Нашых майстроў жывапісу і графікі цікавяць розныя падзеі ўнутры краіны і за яе межамі. Тут можна ўбачыць работы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне (мастакі Георгій Лойка, Усевалад Швайба, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Уродніч, Святлана Каткова; скульптары Анатоль Арцімовіч, Аляксандр Шаппо і інш.), рэлігійным падзеям (мастакі Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Кожух; скульптары Анатоль Арцімовіч, Максім Пятруль і інш.), спартыўным дасягненням беларусаў (Віктар Гаўрылаў, Мікалай Апіёк), прыгажосці нашай прыроды (Роберт Ландарскі, Барыс Аракчэеў, Уладзімір Гардзеенка, Уладзімір Ткачэнка, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Касцючэнка), прарыву ў касмічнай сферы (Іван Міско, Віктар Альшэўскі і інш.).
Уражвае і разнастайнасць мастацкіх жанраў: партрэт, нацюрморт, пейзаж, анімалістыка. Кожны мастак працуе ў сваім непаўторным аўтарскім стылі, выкарыстоўваючы вопыт папярэдніх пакаленняў. Багацце адлюстраваных тэм, жанраў і стыляў прываблівае шырокае кола гледачоў, якіх аб’ядноўвае адзінае памкненне — паглыбіцца ў сучаснае беларускае мастацтва.
Таксама можна ўбачыць фотаздымкі і макеты манументальных помнікаў і маштабных грамадскіх аб’ектаў, зробленых унітарнымі прадпрыемствамі ГА «Беларускі саюз мастакоў» — Мастацкім камбінатам і Скульптурным камбінатам. Побач з фотаздымкамі — цікавыя факты з гісторыі стварэння помнікаў і грамадскіх аб’ектаў, інфармацыя пра аўтараў.
Выставачны праект працуе да 2 лютага.