Top.Mail.Ru

Творчасць Ніны Галіноўскай — адна з найбольш яркіх старонак сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры

Аўтар: Алесь Марціновіч
23.06.2025 | 07:00

Усё меней застаецца часу, калі выдатная дзіцячая пісьменніца Ніна Галіноўсая назаўсёды развітаецца з намі, жывымі. Як вядома, на саракавы дзень душа чалавека пакідае гэты свет, накіроўваючыся на суд Божы. У гэты час яна прыгадае не толькі тых, з кім была знаёмая. Як пісьменніца Ніна Васільеўна, безумоўна, успамінае і чытачоў, якіх у яе было шмат. Накіроўваецца і ў родныя мясціны, каб прайсціся сцяжынамі, якія вывелі ў жыццё. 


Дзед вёску будаваў, унучка за дом узялася

Адна з вёсак у Шклоўскім раёне называецца Вялікія Лазіцы. Няцяжка здагадацца, што ў аснове назвы — слова «лаза». А лаза — гэта хмызняк. На тым месцы, дзе ўзніклі Вялікія Лазіцы, сапраўды некалі расло шмат лазы, а таксама іншага кустоўя. Паколькі зямлі для апрацоўкі не ставала, то сяляне ўзяліся за расчыстку хмызу. Пасля, як мае быць, зямлю апрацавалі, жыта пасеялі і пачалі жыць. Надта не раскашавалі, але і не галадалі, бо першыя жыхары Вялікіх Лазіц былі людзьмі руплівымі. Адным з заснавальнікаў гэтай вёскі з’яўляўся дзед Ніны Галіноўскай. Ды і бацька нямала парупіўся, каб былое хмызняковае месца хутка забудоўвалася. Цяслярскую справу ўпадабаў. Вось і атрымліваецца, што Ніна Васільеўна, бадай, — адзіная сярод нашых пісьменнікаў, якая мае дачыненне да ўзнікнення вёскі. Праўда, і сама яна не адзін дзясятак гадоў рупна ўзводзіла. Дом асаблівы, бо называецца ён беларускай дзіцячай літаратурай. 

Для таго, каб ён станавіўся гмахам, неабходны намаганні многіх пісьменнікаў. Яе ўклад у гэтую будоўлю асабліва значны. Шмат кніг напісана Нінай Васільеўнай. Адны толькі назвы іх ужо такія, што, калі напаткаеш каторую ў бібліятэцы, ні за што ў бок не адкладзеш: «Давайце пазнаёмімся», «Лясная зарадка», «Размова сняжынак», «Сяргейкаў парасон», «Зайрагназіст», «Незвычайны карагод», «Восень едзе ў магазін», «Гусіны капялюш», «Палёт з Карлсанам», «Калі я шчаслівы», «У казачным лесе» і іншыя. А чытаць пачынаеш — адарвацца немагчыма. Нават чытачу даросламу, а што казаць пра дзяцей! Настолькі цікава, захапляльна ўсё напісана. Прытым у самых разных жанрах.

Ніна Васільеўна з аднолькава высокім паэтычным майстэрствам выступала ў жанры традыцыйнага верша і казкі. А загадкі яе такія, што толькі дзіву даешся, якая багатая фантазія ў іх аўтара. Як можна пра, здавалася б, знаёмае сказаць так, што, пакуль знойдзеш адгадку, шмат падумаеш-перадумаеш. Каб каторую скорагаворку прамовіць, доўга давядзецца старацца, таму гукі ў такіх творах проста «нанізваюцца» адзін на аднаго, ствараючы тое цэльнае, што і прамовіць цяжка. Пацешкі чытаеш — душа адпачывае. А яшчэ Ніна Галіноўская пісала жарты, небыліцы...

Адметнасць яе вершаў яшчэ і ў тым, што яна ўмела пра ўжо вядомае расказаць так непасрэдна, што ствараецца ўражанне навізны. Як у вершы «Непаслухмяная»:

Перастала есці Машка.
Нос распух і дыхаць цяжка.
Абдымае батарэю —
То бачок, то спінку грэе.
Здагадаўся, што такое.
Грэю спешна малако я. 
І туды кладу мядок.
Лыжка ў Машкі — язычок.
Малака пакаштавала,
Рот памыла-аблізала.

Канечне ж, гэта пра кошку. Але гэта твор і пра самога хлопчыка. Пра тое, які ён уважлівы, спагадлівы. Пра тое, як любіць братоў нашых меншых. Яго прызнанне «Мне лягчэй, як сам хварэю» ў канцы верша гучыць натуральна, непасрэдна. Адчуванне такое, што ўсё прамаўляе не сама пісьменніца, а яе маленькі герой.

Пісьменнікаў-старэйшын годная

Каб такое напісаць, трэба ўмець глядзець на навакольны свет вачыма дзяцей, не страчваць пачуцця здзіўлення перад ім. А дзе здзіўленне — там і паэтычнае адкрыццё. Творы Ніны Галіноўскай таму і адметныя, што яна не проста валодала талентам, а яшчэ і добра ведала псіхалогію дзяўчынак і хлопчыкаў, бо пэўны час працавала выхавацелем дзіцячага сада. Дый увогуле, як прызнавалася, вельмі любіла дзяцей. Важна і тое, што ў яе былі вельмі вопытныя, патрабавальныя, але разам з тым і надзіва добразычлівыя літаратурныя настаўнікі. 

Найперш гэта класік беларускай дзіцячай літаратуры Васіль Вітка, які ў часопісе «Вясёлка» апублікаваў яе першыя творы. Праз ўсё жыццё яна пранесла ўдзячнасць старэйшыне беларускай дзіцячай літаратуры. 

Станіслаў Пятровіч Шушкевіч блаславіў першую кнігу «Давайце пазнаёмімся». Не проста заўважыў маладую паэтэсу, але і паверыў у яе творчыя магчымасці, зразумеў, што перад намі талент і, як да любога таленту, да яго трэба ставіцца беражліва і ашчадна. 

А яшчэ былі Еўдакія Лось, Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі, якія таксама падтрымалі яе на пачатку творчага шляху. Ды і калі набыла майстэрства і шмат друкавалася, апякаліся ёю. Пазней і сама клапацілася, каб не мялела рака беларускай дзіцячай літаратуры. Каб з’яўляліся ў ёй новыя імёны, новыя творы. Каб і ў час усеагульнага захаплення камп’ютарамі цікавая, харошая кніга магла рабіць ім канкурэнцыю. Было ў Ніны Галіноўскай чаму павучыцца. Па творчай працы і пашана. Аб гэтым сведчаць званні лаўрэата дзвюх прэстыжных літаратурных прэмій — Янкі Маўра і Васіля Віткі. Пісаліся не толькі новыя творы, але і новыя кнігі. Сімвалічна на адлегласці часу ўспрымаецца назва рэцэнзіі на першую кнігу Ніны Васільеўны. «Ключык да маленькіх сэрца» — гэта ўсё, што ёю напісана. Уключаючы толькі што выдадзеную кнігу найлепшых твораў «Ветлівы свавольнік», якая папоўніла серыю «Пачатковая школа», што выпускае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Шаптала жыта: «Жыць... Жыць... Жыць...»

 Адметнасць творчасці Ніны Галіноўскай і ў тым, што яна з’яўлялася адным з тых пісьменнікаў, якія амаль не пераходзяць у сумежныя жанры. Праўда, хоць і рэдка, пісала «дарослыя» вершы. Але галоўным заставалася тварыць для дзяцей. Невыпадкова неяк прызналася: «Пісаць для дзяцей — ні з чым не параўнальная асалода. Танюткія чалавечыя парасткі, і ў кожным — Сусвет, дзе жыве казка, трапяткая, нібы алянятка, гаючая, нібы трыпутнік».

У абарону тых, хто «з васільковымі і вішнёвымі, шэрымі і зялёнымі, як мурава, вачамі», пісала кнігу «Няма даравання вайне». Аснову гэтага зборніка склала паэма «Пра дзяўчынку Галінку», што мае аўтабіяграфічны характар. Невыпадкова прысвяціла яе памяці бацькоў і дзяўчат-аднавясковак. У галоўнай жа гераіні лёгка бачыцца сама, якая сустрэла вайну ў шасцігадовым узросце. Галінцы таксама «шосты наступіў гадок». Але не выклікае сумнення і тое, што вобраз яе ў пэўнай ступені збіральны. Як і тое відочна, што сям’я дзяўчынкі — гэта тыповая беларуская сям’я вяскоўцаў, якая апынулася ў акупацыі, зведала ўсе жахі фашысцкай навалы:

Людзей у вёсцы гэтай многа
Са шчырай, добраю душой.
Пра ўсіх расказваць, 
дзеці, доўга...
Сустрэнемся з адной сям’ёй.

Лёс Галінкі і яе сям’і прасочваецца ад пачатку вайны да пасляваеннага часу. Аднак, прытрымліваючыся хранікальнасці ва ўзнаўленні падзей, Ніна Галіноўская, зразумела, засяроджвала ўвагу толькі на самым галоўным, што найбольш істотна адбівалася на лёсе галоўнай гераіні, што дазваляе чытачу (найперш юнаму) атрымаць уяўленне, якая страшная з’ява — фашызм. 

Праўдзіва расказваецца пра тое, што зведалі людзі ў акупацыі, калі сутыкнуліся з так званым «новым парадкам». Гітлераўцы, наводзячы яго, гатовы былі знішчаць усіх, хто ім нечым не спадабаўся:

Усюды шум і беганіна:
— Гараць Смятанічы, гараць!
Там дым, агонь і страляніна.
— Нам з вёскі трэба уцякаць.
Міколка, Ліда і Галінка
Бягуць за мамай па мяжы.
І жыта кожная сцяблінка
Трывожна шэпча:
«Жыць...
Жыць...
Жыць...»

Усё ж уратаваліся, вярнуліся ў родную вёску. І хата іхняя ўцалела, а вось Смятанічы напаткаў горкі лёс: «...Згарэла ўсё амаль сяло. // Фашысты жыхароў сагналі // І зачынілі ўсіх у хлеў. // І падпалілі. // Стогны, крыкі... // Ад іх агонь мацнеў, шалеў...» Аднак на гэтым выпрабаванні не скончыліся. Трэба было быць вельмі асцярожным, бо мала таго, што лютавалі самі захопнікі, у вёсцы яшчэ з’явіўся іхні паслугач. Але, нягледзячы ні на што, вяскоўцы памагалі партызанам. Сям’я Галінкі таксама не засталася ўбаку ад гэтага. Шылі для іх кажухі, штаны, кашулі. Знайшоўся занятак і Галінчынай сястры: «Лідзе вязку даручылі, // Як выдатная майстрыха, // І наскі, і рукавіцы // Ліда хуценька вязала».

Гэтаксама праўдзіва расказана і пра тое, як жылі Галінка і іншыя дзеці пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Прынамсі, пераканаўча перададзена, як дзяцей даймаў голад, а маці супакойвала іх, што хутка будзе лягчэй: «Вось скараспелка адцвіце — // Удосталь бульбы пад’ясце. // Паспеюць каласкі ячменю — // Будзем варыць кулеш, крупеню».

Творы, падобныя паэме «Пра дзяўчынку Галінку», вельмі неабходны сёння для выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак. Акурат у раннім узросце неабходна сеяць у іх душах зерні патрыятызму, бо пазней гэта будзе зрабіць цяжэй. На жаль, знаходзяцца ахвочыя прынізіць значэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а то нават і абяліць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тым, хто выратаваў чалавецтва ад карычневай чумы фашызму, Ніна Галіноўская прысвяціла і вершы «Ідуць ветэраны», «У Дзень Перамогі», «На плошчы Перамогі». Увайшлі ў кнігу і творы, у якіх апяваецца хараство Беларусі. У прыватнасці, вершу «Зямля мая» шчырасці, непасрэднасці надае тое, што ён напісаны ад першай асобы:

Зямля мая азёрная —
Рабіна за акном,
Крынічка ціхамоўная,
Гасцінны ветлы дом.
Іду жытнёвай сцежкаю —
Мне звоняць жаўрукі,
Блакітнаю усмешкаю
Вітаюць васількі.

* * *

Творчасць Ніны Галіноўскай, несумненна, — адна з найбольш яркіх старонак сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. Яна не можа быць незапатрабаванай, бо нясе ў сабе тое, што тычыцца ўсіх часоў: каб дзеці дзецьмі засталіся. Калі ж такімі будуць, то з іх і вырастуць сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю