Сярэдняя школа № 207 пазіцыянуе сябе не толькі як адукацыйную установу, але і як прастору для натхнення і творчасці. Многія вучні ўдзельнічаюць у раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах. У экспазіцыі «Я пачынаю шлях» прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы юных мастакоў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, выкананыя пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў і сапраўдных прафесіяналаў у сферы мастацтва — Марыны Каліннікавай, Людмілы Масковіч і Святланы Майсяйчук.
Галоўная задача праекта — пазнаёміць з творчасцю моладзі і даць магчымасць маленькім аўтарам падзяліцца сваім светапоглядам. Падтрымка дзіцячай творчасці — не проста дапамога ў стварэнні мастацкіх работ, гэта інвестыцыя ў будучыню грамадства і культуры нашай краіны. Падобныя праекты заахвочваюць дзяцей да творчага выказвання і мастацкіх эксперыментаў, спрыяюць развіццю фантазіі і крэатыўнасці.

Мілана Стрэж «Пакос»
Адметнасці выстаўцы надаюць наіўны дзіцячы настрой, лёгкі і шчыры погляд на жыццё, калі шмат усяго нязведанага чакае наперадзе і нават самыя звычайныя рэчы ахутаны флёрам таямнічасці.
Аднак, нягледзячы на агульную атмасферу, тэматыка твораў юных мастакоў вельмі разнастайная. Вялікая частка экспазіцыі прысвечана гістарычным падзеям і культурным асаблівасцям нашай краіны. Тут прадстаўлены народныя святы і гулянні, традыцыя якіх бярэ пачатак у глыбокай старажытнасці, важныя сельскагаспадарчыя цыклы, такія як сяўба, збор ураджаю, касьба. Традыцыйныя народныя строі таксама знайшлі адлюстраванне на мастацкіх палотнах. Некаторыя вучні раскрылі ў сваёй творчасці знакавую тэму — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Трапілі на палотны і творы прыгожыя беларускія краявіды, партрэты родных і сяброў, хатнія гадаванцы і сюжэты любімых кніг. Па выбранай тэме можна ўгадаць узрост творцаў. Вучні малодшых класаў часцей звяртаюцца да казачных матываў, фантастычных вобразаў і сюжэтна-побытавых кампазіцый. Любоў Яфанава адлюстравала вядомую рускую народную казку «Гусі-лебедзі», Марыя Івашчанка («Шэры разбойнік») і Яна Майсіновіч («Птушыны перапалох») у творчай інтэрпрэтацыі раскрылі характары сваіх хатніх гадаванцаў, Марыя Карунная намалявала фантастычнага слімака, а Анастасія Козак з іншага ракурсу прадставіла гледачам класічны футбольны матч. Старшакласнікі выбіраюць класіку — лірычныя пейзажы (Аліса Налецкая «Раніца над ракой», Паліна Рубіна «Заход сонца»), нацюрморты ў стылі «рэалізм» (Адэліна Банькоўская «Нацюрморт», Антаніна Рудая «Вясковы нацюрморт»), архітэктурную графіку (Аліна Струкава «Сабор») і інш. Аднак усіх аб’ядноўвае жаданне эксперыментаваць і выходзіць за акадэмічныя межы.

Аліна Струкава «Сабор»
Выстаўка працуе да 1 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА