Пошукі зацягнуліся, бо здавалася, што яна мініяцюрная. Але на паліцы, дзе ў мяне стаяць падобныя выданні, яе не было. Здаецца, нікому чытаць не даваў. Аказалася, што памяць падвяла. «Турэмны дзённік» — не мініяцюрнае выданне, а... Як бы лепш сказаць... Фармат кнігі такі: калі дзве мініяцюрныя кніжкі паставіць адна на адну. Таму яна і ляжала амаль побач, толькі зверху, уздоўж тых, якія маюць найбольш распаўсюджаны памер.
Зацікавіў мяне «Турэмны дзённік» таму, што захацелася яшчэ раз далучыцца да творчасці Янкі Сіпакова-перакладчыка. Іван Данілавіч узнавіў па-беларуску многія знакавыя творы: «Лісце травы» Уолта Уітмена, «Санеты бяды» Франца Прэшэрна, «Боскую камедыю» Дантэ Аліг’еры, не кажучы пра асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча, Расула Гамзатава, урыўкі з «Калевалы». За «Турэмны дзённік» узяўся, каб больш ведаць пра аўтара, якога лічылі «сімвалам камуністычнай мудрасці ў Азіі». Зыходзячы з гэтага, захацеў як мага лепш, паўней перадаць яго развагі, думкі, народжаныя ў няпростых умовах.
Як прызнаваўся, «меў перад сабой выданне „Турэмнага дзённіка“ на ханване.З дакладным тлумачэннем кожнага іерогліфа, паэтычны пераклад вершаў на в’етнамскую мову, падрабязны падрадкоўнік і шчырую дапамогу выкладчыка педагагічнага істытута замежных моў Лыонг Вінь Тхіня».
Перадумовай з’яўлення гэтага дзённіка стала калі накіраванне вядомага рэвалюцыянера, партызана і палітычнага дзеяча В’етнама Нгуен Ай Куока восеньскай ноччу 1942 года ў Кітай для наладжвання сувязі з мясцовымі барацьбітамі за свабоду, бо з-за акупацыі краіны Японіяй з гэтым узніклі цяжкасці. Ішоў ён з кійком у руках пад выглядам падслепаватага нунга. Пры знаёмстве ён называўся Хо Шы Мінам, што значыць «Умудроны». У правінцыі Гуансі агенты чанкайшысцкай паліцыі затрымалі яго і абвінавацілі ў шпіянажы, арыштавалі. Знаходзіўся
ў многіх турмах.
Умовы ўтрымання былі жудасныя. Гняло і тое, што не атрымліваў новых уражанняў, не заўсёды ведаў, што робіцца на свабодзе. З тымі, з кім утрымліваўся ў засценках, многае было гаворана-перагаворана. Прыйшло ўсведамленне, што «Хоць цела ў цеснай турме знемагае, // Дух над турмою вольна лунае; // Хочаш, каб мара твая збылася, // Дух хай мацнее, няверы не знае». Гэтыя словы ўзяў эпіграфам да чатырохрадкоўяў задуманай споведзі, а першым з іх стала наступнае:
Займацца вершамі — клопат не мой,
Аднак я ў няволі час лішні маю.
А каб не палохаў дзень пустатой,
Вершы складаю і волі чакаю.
Асобныя мініяцюры складаюцца з двух твораў гэтага жанру, ёсць і такія, у якіх іх тры. Атрымаўся роздум чалавека і рэвалюцыянера, абставіны якога не скарылі, а, наадварот, па-свойму загартоўвалі.
У пэўнай ступені яшчэ больш ачалавечвалі, бо забывалася ўсё дробязнае, выпадковае. Заставалася галоўнае — барацьба з прыгнятальнікамі. Пра свой народ думаў найперш Хо Шы Мін. Але не толькі пра яго:
Шэсць год вядзе Кітай супраціўленне,
У свеце выклікае захапленне;
Хоць перамога блізка, як ніколі,
Але яе здабудзе наступленне.
А гэта, так бы мовіць, усёазіяцкі размах барацьбы, калі народны гнеў супраць агрэсараў аб’ядноўваецца, і тут усе сродкі вартыя ўвагі: «Сцягі антыяпонскія гурбой, // О. Азія, лунаюць над табой; // Сцягі вялікія на бітву клічуць, // Вядуць таксама і малыя ў бой».
Гэта не азначае, што не было хвілін, калі апаноўвала роспач. Толькі крыўдна было не з-за выбрання рэвалюцыйнага шляху, а з-за таго, што абвінавацілі ў шпіянажы, да якога не меў дачынення:
Па Радзіме маркочуся,
што за тысячы лі ад мяне,
Сон журботны,
нібыта ён загорнуты ў смутак.
Без віны цэлы год я гібею ў турме
І слязамі пішу свае вершы, закуты.
Аднак не пазбаўлены быў і гумару: «Свінню нясуць канвойныя, зірні, // Свінню нясуць, мяне ж вядуць за повад; // Бач, чалавек, а дзешавей свінні, // Калі пазбаўлен і правоў, і слова». Іроніі з праўдай — таксама: «У гарах размінуўся шчасліва з тыграм // І сеў у турму, сустрэўшы людзей».
«Турэмны дзённік» цікавы і дзякуючы малюнкам Вячаслава Тарасава. Мастак, на жаль, рана пайшоў з жыцця, а, як відаць, меў немалыя творчыя задаткі. У ілюстрацыях адчуваецца в’етнамскі нацыянальны каларыт. А што два перакладу, то Янка Сіпакоў узяўся за яго таму, што гэта — «непаўторная паэтычная кніга. Шчырая споведзь вязня, ды яшчэ сіла волі і мужнасць памаглі Хо Шы Міну застацца вольным у няволі, бо паэзія выходзіла за краты, яднала рэвалюцыянера са сваім народам і з жаданым, разняволеным жыццём, якое бурліла за сценамі ненавісных турэмных цэляў».
З-за ўдалага ўзнаўлення па-беларуску «Турэмны дзённік» стаў набыткам і нашай літаратуры, ён як бы дапаўняе тое, што некалі пісалі, знаходзячыся пад прыгнётам Польшчы, Максім Танк, Міхась Машара, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай і іншыя паэты.
Язэп ЛІТВІНОВІЧ