Top.Mail.Ru

Цёплыя ўспаміны Якуба Коласа пра Узбекістан адлюстраваны і ў вершах, і ў кіно

Аўтар: Ларыса Цімошык
23.07.2025 | 07:00

У народнага паэта Беларусі шмат вершаў пра Узбекістан і яго славутасці: нядзіўна, бо ў Ташкенце ён быў у эвакуацыі два з паловай гады. Пра гэта нагадалі падчас імпрэзы «Край-друг Узбекістан», якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.  Падзея была адметная тым, што ў сценах «Дома Коласа» паказалі дакументальную стужку «Ташкенцкая торба», створаную кінамайстрамі студыі «Беларусьфільм» пры ўдзеле Агенцтва кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры і турызму Рэспублікі Узбекістан і Кінастудыі дакументальных і хранікальных фільмаў Ташкента. Фільм атрымаў назву паводле паэтычнага сшытка, які Колас складаў у эвакуацыі. 


Тады

Якуб Колас натхняўся узбекскімі краявідамі, маляўнічай прыродай, адчуваў дыханне Ташкента, калі шпацыраваў па яго вуліцах. Тут паэта сагрэлі клопатам — і ён быў за гэта вельмі ўдзячны. Бо да апошняга сям’я заставалася ў Мінску, і калі горад апынуўся пад пагрозай захопу, вымушаны былі тэрмінова выехаць. У Ташкент вывезлі супрацоўнікаў Акадэміі навук БССР, у тым ліку і Коласа з сям’ёй — ён прыехаў сюды 14 жніўня 1941 года. Але повязь з Радзімай адчуваў нават на адлегласці, нездарма шмат вершаў таго перыяду былі прысвечаны змаганню з ворагам. Быў і асабісты боль: перасталі прыходзіць лісты ад сярэдняга сына Юркі, які ваяваў... 

Подых вайны адчуваўся і ў далёкім Ташкенце. Кадры кінахронікі таго часу і фотаздымкі, а таксама ўспаміны людзей сведчаць пра тое, што горад нагадваў прыфрантавы: ваенныя машыны, афіцэры, салдаты, у дварах ставілі ложкі для людзей. Але гэта ўсё ж было жыццё ў тыле, што адлюстравана ва ўспамінах беларускага паэта. Напрыклад, ёсць яго успаміны пра тое, як давялося слухаць джаз-аркестр Эдзі Рознера (з думкамі пра Радзіму!). У лісце да сябра і перакладчыка сваіх твораў на рускую мову Сяргея Гарадзецкага Якуб Колас пісаў: «Хоць мы і далёкія адзін ад аднаго тэрытарыяльна, я апынуўся ў абсалютна іншым для сябе свеце, поўным сваёй асаблівасці, сваёй паэзіі, свайго зачаравання».

Узбекістан ахінуў сям’ю Якуба Коласа сяброўскай цеплынёй. 

І ён, удзячны, адказваў не толькі сяброўскімі пачуццямі, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, выступаў на мітынгах і сустрэчах ледзь не кожны дзень — быў часткай творчай эліты, якая сабралася ў Ташкенце (у прыватнасці, там знаходзіліся Аляксей Талстой і Ганна Ахматава). Нашага Коласа нават пачалі шанаваць як свайго паэта — надта душэўныя вершы пісаў, блізкія людзям. 

14_26 (1).jpg

А 3 лістапада 1942-га наладзілі Якубу Коласу ўрачыстае святкаванне 60-годдзя — у Доме Чырвонай Арміі ў Ташкенце. 

Але на лаўрах не адпачываў. Таму што даводзілася арганізоўваць работу Акадэміі навук і шмат працаваць — над вершамі, паэмамі, артыкуламі. У Ташкенце выйшлі кнігі «Адпомсцім», «Голас зямлі», «Выбраныя вершы». Яго творы перакладалі на ўзбекскую мову і выдавалі кнігамі. Не знікала цікавасць да беларускага паэта ва Узбекістане і пасля вайны, напрыклад, аповесць «Дрыгва» ў перакладзе Наіма Карымава ўбачыла свет у 1962 годзе. 

Колас пазнаёміўся і нават пасябраваў з узбекскімі паэтамі. Напрыклад, Хамід Гулям ва ўспамінах «Мае сустрэчы» пісаў: «Вялікі след у маёй душы пакінула сустрэча з Якубам Коласам, з якім я падружыўся і наша дружба потым працягвалася да канца яго жыцця». Вельмі цёплыя адносіны склаліся ў народнага паэта Беларусі з народным паэтам Узбекістана Гафурам Гулямам. Артыкул Коласа пад назвай «Гафур Гулям» да 50-годдзя ўзбекскага паэта быў надрукаваны ў літаратурна-мастацкім часопісе «Звезда Востока» ў 1953 годзе.

Дачка Гафура Гуляма — першая, з кім сустракаецца праўнучка беларускага Песняра Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў мемарыяльнага музея Якуба Коласа, падчас сваёй вандроўкі ва Узбекістан.

Цяпер

Падчас здымкаў стваральнікі стужкі прайшлі дарогамі паэта ва Узбекістане, і гэты ход зрабіў больш выразным разуменне твораў таго перыяду. Калі ведаць, як і ў які час Коласа ўразілі маляўнічыя пейзажы горнага Чымгана, то зразумела, чаму з’явіўся верш пра яго. Узбекскі шумлівы «Салар» даў адчуванне імклівасці — на беразе гэтай ракі паэт адпачываў разам з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай (пасля больш востра ўспрымаецца інфармацыя пра тое, што ў Мінск пасля вайны яна ўжо не вернецца...). А верш «Узбекістану» стаў выказваннем глыбокай падзякі краіне за прытулак паэту і яго сям’і. 

Старыя чорна-белыя кадры змяняюць сучасныя здымкі, дзе Васіліна Міцкевіч, праўнучка Коласа, адкрывае для сябе Ташкент, у якім дагэтуль захоўваюць памяць пра нашага паэта. І як жа прыемна разумець, што сярод шматлікіх помнікаў узбекскім паэтам тут з’явіўся бюст нашаму Песняру, першы за межамі радзімы.

14_26 (3).jpg

— На мой погляд, Якуб Колас з’яўляецца мастком паміж Узбекістанам і Беларуссю, таму што ў сваіх творах ён пісаў пра Ташкент і іншыя мясціны нашай краіны, якія сёння прыцягваюць турыстаў і гасцей. Гэта для нас вялікі гонар, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Рахматула Назараў. — Паколькі ён быў ва Узбекістане і зрабіў вялікі ўнёсак у нашу культуру, мы яго лічым сімвалам народнай дыпламатыі паміж нашымі краінамі. І імкнёмся выкарыстоўваць магчымасці, звязаныя з творчасцю паэта, каб адзін народ больш даведваўся пра іншы. У нас шмат агульнага: гэта не толькі разам перажытыя беды, бо ў свой час мы радаваліся і дасягненням адзін аднаго. Падчас вайны узбекі аддавалі свае жыцці, каб вызваліць беларускую зямлю. 

А ў 1966 годзе, калі быў землятрус у Ташкенце, беларускі народ таксама дапамог аднавіць сталіцу нашай краіны. 

І яшчэ адзін вельмі сімвалічны момант: праўнучку паэта Васіліну Міцкевіч прызналі Паслом турыстычнага брэнда Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта зразумела, бо яна праехала дарогамі Песняра і прайшла яго сцяжынкамі, зразумела, што магло крануць сэрца паэта тады, і пабачыла, як гэтыя мясціны выглядаюць цяпер. У яе падвоенае адчуванне Узбекістана — праз мінулае і сучаснасць.

Што асабліва важна для беларускай культуры — сустрэчы Васіліны Міцкевіч з сябрамі Саюза пісьменнікаў Узбекістана, у тым ліку з перакладчыкамі яго вершаў. Супрацоўніцтва паміж літаратурнымі супольнасцямі дзвюх краін працягваецца. Культурныя сувязі дапамагаюць падтрымліваць мемарыяльны музей Якуба Коласа і дзейнасць сучасных беларускіх літаратараў па перакладзе твораў з узбекскай на беларускую мову.

— Мне вельмі спадабалася, як паказана ў фільме перапляценне жыцця ў гады вайны з сучаснасцю, — адзначыў паэт Рагнед Малахоўскі. — Адчуваецца, як сённяшняе наша жыццё звязана з жыццём сучаснага Узбекістана — яго прадстаўнікі працуюць у Беларусі. Мая сувязь з Узбекістанам — праз паэзію, бо ўзначальваю секцыю мастацкага перакладу пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. На старонках нашых літаратурных выданняў часта друкуецца паэзія Узбекістана і іншых народаў свету.

Культурная дыпламатыя дае свой плён. Нездарма на імпрэзе ў музеі прысутнічалі літаратары Навум Гальпяровіч, Іна Фралова, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, кампазітар Алена Атрашкевіч, якая з’яўляецца старшынёй Таварыства дружбы «Беларусь-Узбекістан». Вершы класіка чытала яго ўнучка Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч. Сярод прысутных былі іншыя члены вялікай сям’і Міцкевічаў. 

Музей — цудоўная пляцоўка для сустрэч. Але яны яшчэ напаўняюцца духам часу: у калекцыі захоўваюцца кнігі і рэчы, якія Якуб Колас прывёз з Узбекістана — таксама сведкі гісторыі, якія дапамагаюць захоўваць памяць пра адметных людзей, якія абагрэлі, падтрымалі і натхнялі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю