Выстаўка «Цёплыя адносіны» — гэта спроба на эмацыянальным і візуальным узроўні раскрыць патрэбу чалавека ў сацыяльным узаемадзеянні, камунікацыі і яркіх эмоцыях. Работы Леаніда Шчамялёва, Алега Скавародкі, Алега Ладзісава, Мікалая Бушчыка, Ігара Кашкурэвіча і іншых жывапісцаў, скульптараў, графікаў становяцца зыходным пунктам для ўнутранага дыялогу і пошуку адказаў на цэлы шэраг пытанняў. Якія пачуцці ствараюць атмасферу камфорту, бяспекі і задавальнення? Як эмацыянальная цеплыня можа выяўляцца ў сяброўскіх, рамантычных, прафесійных і бытавых зносінах? Што стварае гэтую эмацыянальную цеплыню?
У экспазіцыі работы, якія раскрываюць галоўныя матывы цёплых адносін паміж людзьмі, чалавекам і братамі нашымі меншымі, чалавекам і прадметным светам. Фрагменты быцця, выхапленыя з кантэксту, прыадкрываюць для гледачоў таямніцы ўяўлення ці дакументальнае сведчанне жыцця.
Выстаўка займае толькі дзве залы, але гэта ніяк не ўплывае на раскрыццё абранай тэмы. Разнастайнасць стыляў, жанраў і тэхнік аб’яднана агульным настроем і яркай колеравай палітрай. Большую частку складаюць жывапісныя работы беларусіх і расійскіх мастакоў, створаныя за апошнія 40 гадоў. Віктар Альшэўскі («Дзівосная ноч на Каляды ў парку», 2008), Мікалай Казлоў (серыя «Старыя цацкі», 1990), Алесь Суша («Вячэра (Дзяды)», 1995), Людміла Тардоф-Кальмаева («Казкі на палічцы», 2010) у сваіх творах звяртаюцца да казачных матываў, чараўніцтва і таямнічасці. Усе аўтары па-рознаму ўяўляюць «цуд», таму глядач знойдзе для сябе той самы сюжэт, што надоўга застанецца ў думках. Некаторыя героі — даўно знаёмыя персанажы народных казак і сусветнай літаратуры, з іншымі наведвальнікі сустрэнуцца ўпершыню. Мастакі працуюць у змешанай тэхніцы, з-за чаго творы здаюцца яшчэ больш загадкавымі.
Бытавыя сцэны можна ўбачыць у выканані Леаніда Шчамялёва («Сяброўкі», 1987), Сяргея Рымашэўскага («Пад сталом (Двое ў горадзе)», 2010), Дзмітрыя Сурыновіча («Дзяўчынка з пеўнікам», 2016), Барыса Первунінскага («Урокі майстэрства», 1988), Нінэль Шчаснай («Вірлавокае бясонне», 1987). Спакойны настрой твораў вяртае ў дзяцінства, дзе ўтульная атмасфера хатняй гутаркі ахоўвала ад зімовай сцюжы. На першым плане — людзі, іх узаемаадносіны, пачуцці. Можна ўбачыць і сябровак, звязаных на доўгія гады адзіным лёсам, і маленькіх братоў, якія пад звычайным сталом пабудавалі свой свет, і вясёлых аднакласніц, якія разам спрабуюць плесці з саломы, і самотнага сталага мужчыну, які ў бялюткай завеі бачыць вобраз жанчыны. Такая ж адзінокая гераіня блукае па вечаровых вулачках горада на карціне Вікторыі Каваленчыкавай «Адзінота» (1999). Зламаныя лініі адлюстроўваюць унутраны стан жанчыны, а жоўта-карычневыя адценні надаюць твору настальгічны настрой.
Не абмінулі ўвагай мастакі і адносіны паміж чалавекам і жывёлай. Гэта паказана праз скульптуры Аляксандра Фінскага («Дзяўчынка з коткай», 1997), Андрэя Асташова («Лодка сяброў», 2007), Ірыны Каваленка («Кот», 2001) і інш. Сяброўства з братамі нашымі меншымі стала важнай часткай жыцця чалавека. За стагоддзі існавання людзі выбудавалі цесныя адносіны з пушыстымі кампаньёнамі.
Сапраўдным увасабленнем тэмы экспазіцыі можна лічыць твор Ларысы Захаравай «Без назвы» (2002). Невялічкая скульптуры чалавека, у якога замест сэрца адчыненыя дзверы, сімвалізуе адкрытасць і гармонію ў душы. Па стылістыцы статуя нагадвае знакамітыя фігуры Буды. Што ж, магчыма, гэта сучасны сімвал, які для многіх стане новым духоўным настаўнікам.
Выстаўка «Цёплыя адносіны» працуе да 16 лютага 2025 года.