Top.Mail.Ru

«Ціхім вечарам...» спалучае містыку і гумар у сучаснай беларускай дзіцячай кнізе

Аўтар: Лізавета Крупянькова
02.06.2025 | 07:00

Нягледзячы на стэрэатыпы пра шаблоннасць і тыпізацыю дзіцячай літаратуры, сучасныя аўтары не перастаюць здзіўляць дзяцей і дарослых творамі розных жанраў. Кацярына Хадасевіч-Лісавая, вядомая многім чытачам па прыгодах лісачкі Красуні і іншапланетнага хлопчыка Вухуціка, звярнулася да не вельмі распаўсюджанага ў сучаснай беларускай літаратуры жанру «жахлівіка». Разгледзім, што з гэтага атрымалася.


Кніга «Ціхім вечарам...» выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда».

Невялічкая, але дынамічная і эмацыянальная гісторыя расказвае пра містычныя прыгоды сямікласніка Жэні, які вельмі не любіць чытаць. Гэтую праблему хлопчык паспяхова вырашае з дапамогай інтэрнэту і штучнага інтэлекту і за сачыненні заўсёды атрымлівае «выдатна». Настаўніца мовы і літаратуры Таццяна Васільеўна даўно на пенсіі, у сучасных тэхналогіях не разбіраецца, таму ў хлусні Яўгена не падазрае. Пакуль не прыходзіць у школу маладая настаўніца Ксенія Андрэеўна. Упершыню хлопчык атрымлівае нездавальняючую адзнаку. Штучны інтэлект падвёў не толькі Жэню, але і яго аднакласнікаў Артура і Цімура, якім хлопец прадаў «якасную» работу. Каб выправіць становішча і апраўдацца ў вачах сяброў і новай настаўніцы, Яўген павінен прачытаць зададзеную аповесць «Ціхім вечарам...» і самастойна выканаць заданне. Але хлопчык зноў выбраў просты шлях і вырашыў звярнуцца па дапамогу да самога пісьменніка Міхася Пужалава. Знайшоў яго акаўнт у сацсетках і напісаў эмацыянальнае паведамленне пра няшчаснага выдатніка і злую настаўніцу. Пісьменнік аказаўся вельмі добразычлівым чалавекам і запрасіў Яўгена да сябе ў госці.

Сваёй геніальнай ідэяй апошні падзяліўся з пакрыўджанымі сябрамі Артурам і Цімурам. Хлопцы ацанілі план Жэні, і ўсе разам выправіліся ў цікавае падарожжа. Па дарозе сустрэлі аднакласніцу Адар’ю, якая, пачуўшы пра візіт да яе любімага пісьменніка, далучылася да хлопцаў. 

Дом Міхася Пужалава сустрэў школьнікаў напружанай цішынёй. Самога пісьменніка не было відаць, але Яўген атрымаў ад яго паведамленне, што той затрымліваецца. Юныя госці вырашылі пачакаць гаспадара ў хаце і пачаставацца духмянай вясковай гарбатай. Тут і пачаліся містычныя прыгоды сямікласнікаў. Нечакана з’явіліся жудасныя прывіды і міфічныя істоты. Нават надвор’е цалкам адпавядала напружанай атмасферы. Героям спатрэбіліся смеласць і кемлівасць, каб супрацьстаяць кніжным зданям і выйсці пераможцамі. 

Прыхільнікі містыкі і хорараў не знойдуць тут жахлівых сцэн, што потым будуць з’яўляцца ім у кашмарах. Але спалучэнне лёгкага гумару і містычнага напружання надае твору жывы рытм, які ўтрымлівае чытача да апошняга радка, не дазваляючы адхіліцца ад чытання. Кніга падыходзіць для пазакласнага і сямейнага чытання і вельмі спадабаецца дзецям малодшага школьнага ўзросту. А тыя, хто, як і галоўны герой, не любіць літаратуру і лічыць яе нуднай справай, зробяць для сябе прыемнае адкрыццё.

Твор аздоблены яркімі ілюстрацыямі Дзіяны Бецун, а гульня «Сустрэча ў Залюстрэччы» падорыць юным чытачам магчымасць трапіць у цудоўны свет, поўны містыкі і незабыўных прыгод.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю